×

Лета для інтэлектуалаў і творцаў

25.06.2019 15:09,

Цікавыя і карысныя летнія канікулы прапанаваў сваім навучэнцам Гомельскі абласны цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі. Сёлета школьнікаў ужо трэці раз запрасіў абласны профільны лагер па робататэхніцы Edutainment.

Еdutainment з самага пачатку быў задуманы арганізатарамі як адна з папулярных і дзейсных форм работы са школьнікамі, у аснове якой — навучанне праз забавы. Нядзіўна, што хлопцы і дзяўчаты, якія тры гады назад сталі першымі ўдзельнікамі профільнага лагера, з першых дзён акунуліся ў атмасферу папулярнага сучаснага напрамку. І такая зацікаўленасць нязменна прысутнічае ў кожнай змене.

Гэтым летам лагер па робататэхніцы працаваў амаль увесь чэрвень, а базамі для яго сталі непасрэдна абласны Цэнтр тэхнічнай творчасці і аздараўленчы лагер “Лясныя далі”, што непадалёк ад абласнога цэнтра.

Як расказала дырэктар цэнтра Наталля Алейнік, сёлета фармат работы лагера крыху змянілі. У першую змену былі запрошаны дзеці, якія займаюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах у раённых цэнтрах тэхнічнай творчасці ці школах. Профільныя і сумежныя прадметы яны засвойвалі непасрэдна ва ўстанове дадатковай адукацыі, а пасля заняткаў іх чакалі майстар-класы ад выкладчыкаў тэхнічных універсітэтаў Гомеля і экскурсіі на прадпрыемствы. У райцэнтрах, а тым больш у сельскіх школах, такой магчымасці для навучэнцаў няма. Знаходжанне ў профільным лагеры адкрые ім усю спецыфіку робататэхнікі, дасць магчымасць рэалізаваць свае ідэі.

Першая змена атрымала назву “Шлях інжынера” і сабрала дзяцей ва ўзросце 11—13 гадоў. Перад дзецьмі стаяла задача, вывучаючы праектаванне, стварыць разумны горад і абараніць свой праект.

Другая змена — Smarthome — працавала для навучэнцаў 9—12 гадоў з гомельскіх школ.

— Гэта дзеці, якія займаюцца ў нашым цэнтры. На працягу навучальнага года яны наведваюць прадпрыемствы і навуковыя лабараторыі ўстаноў вышэйшай адукацыі, — тлумачыць Наталля Анатольеўна. — Мы не сталі паўтарацца і вырашылі арганізаваць для вучняў з абласнога цэнтра профільны лагер за межамі горада — у летнім аздараўленчым лагеры.

Варта сказаць, што ў такога профільнага лагера ёсць значны плюс. Навучэнцы, якія трапляюць у яго, як правіла, займаюцца ў гуртках пэўных тэхнічных кірункаў — кожны вывучае тое, што выбраў для сябе. Edutainment прадугле­джвае адразу заняткі па трох асноўных кірунках работы дзіцячага цэнтра навуковых адкрыццяў “Інапарк”: робататэхніка, інфармацыйныя тэхналогіі (праграмаванне) і электроніка.

Дзевяць дзён адукацыйнага адпачынку ў “Лясных далях” былі для хлопцаў і дзяўчат даволі насычанымі, напоўненымі мноствам уражанняў і эмоцый. Першая палова дня адводзілася заняткам, на якіх дзеці засвойвалі профільныя і сумежныя прадметы пад кіраўніцтвам выдатных педагогаў абласнога Цэнтра тэхнічнай творчасці Дзяніса Ляпшэя, Вікторыі Макеенка і Андрэя Макеенкі. У другой палове дня — звычайнае лагернае жыццё, напоўненае творчымі і спартыўнымі мерапрыемствамі.

— Што вам больш падабаецца — заняткі ці пасляабедзенныя гульні? — пытаюся ў дзяцей.

— Нам усё падабаецца, — чую ў адказ. — Галоўнае, што нашы выкладчыкі з намі ўвесь час, з імі цікава і весела.

Так прыемна чуць гэтыя шчырыя словы, так прыемна назіраць за тым, з якой зацікаўленасцю дзеці спра­буюць сканструяваць свайго робата ці самастойна з мноства маленькіх дэталей стварыць радыё! Напэўна, кожны з іх, нягледзячы на ўзрост, дзякуючы заняткам у аб’яднаннях па інтарэсах і працы педагогаў ужо вызначыўся са сваёй будучай прафесіяй. А гэта і ёсць адна з найважнейшых задач установы дадатковай адукацыі.

 Профільны лагер па робататэхніцы — не адзінае, што прапануе школьнікам падчас летніх канікул Гомельскі абласны цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі. Edutainment — гэта правядзенне інтэлектуальнага адпачынку для дзяцей, якія бачаць сябе ў будучыні навукоўцамі, вынаходнікамі, энергетыкамі ці інжынерамі. А што для тых, хто бачыць сябе гуманітарыем? Цэнтр тэхнічнай творчасці расчыняе дзверы і для такіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Атрымаць задавальненне ад творчага працэсу, працуючы над сваімі праектамі, педагогі ўстановы прапануюць, прыняўшы ўдзел у летняй акцыі “Медыялета”. У якасці праекта выступаюць медыяпублікацыі матэрыялаў, фотарэпартажаў, апытанняў, медыяфайлаў і г.д., якія будуць размешчаны ў тэматычных блогах і сацыяльных сетках.

І, нарэшце, для тых, каму проста неабходны зарад станоўчых эмоцый і цудоўны настрой, уста­нова дадатковай адукацыі прапануе цыкл квест-гульняў, да ўдзелу ў якіх запрашае школы і дзіцячыя лагеры.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.