×

Летняе падарожжа ў прафесіі

31.08.2019 12:00,

У Гомельскай вобласці ў рамках абласнога праекта “Прафесійныя вакацыі” ў цэнтрах творчасці і школах у летні перыяд было арганізавана 20 прафлагераў, іх наведвалі 432 навучэнцы. Два прафарыентацыйныя лагеры, удзельнікамі якіх сталі вучні з Петрыкава і Уваравіч, падаюцца найбольш цікавымі, паколькі маюць інавацыйныя ідэі.

Петрыкаўскія дзівакі

“Дзівакі з навігатарам па карце прафесій” — такую незвычайную назву насіў аздараўленчы прафарыентацыйны лагер Петрыкаўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Адметнасцю прафлагера можна назваць выкарыстанне гаджэтаў.

25 навучэнцаў падарожнічалі па горадзе і раёне, каб азнаёміцца з рознымі прафесіямі. Кожная арганізацыя — гэта кропка на карце, якую ўдзельнікі лагера знаходзілі з дапамогай навігатара, а потым пазначалі лагатыпам прадпрыемства. За час знаходжання ў лагеры дзеці наведалі 13 арганізацый і прадпрыемстваў, сярод якіх былі лясгас, раённая бальніца, цэнтр банкаўскіх паслуг і інш.

Так, наведаўшы Петрыкаўскі камбінат кааператыўнай прамысловасці, вучні шмат цікавага даведаліся пра хлеб, які што­дзень ужываюць у ежу, паназіралі за вырабам розных відаў хлеба. У філіяле Калінкавіцкага малочнага камбіната дзеці самастойна запакоўвалі сыры, за што заслужылі дэгустацыю. Многім юнакам і дзяўчатам было цікава спрабаваць сябе ў ролі афіцыянта ў кафэ “Рэлакс”. Тут жа яны азнаёміліся з прафесіямі бармена і кухара. У Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі выхаванцы лагера пабылі ў ролі лабаранта-даследчыка, а раённы лясгас азнаёміў дзяцей з прафесіяй лесніка і лесавода, а таксама з дрэваперапрацоўчай вытворчасцю.

Цікава, што бацькі маглі са­чыць за тым, як іх дзеці право­дзяць час, і амаль, хоць і вір­туальна, быць побач з імі, бо фота і відэарэпартажы аб кожнай экскурсіі, конкурсы, гульнявыя праграмы, якімі быў напоўнены кожны дзень змены, знаходзілі адлюстраванне ў сацыяльных сетках.

У горадзе “Праffілэнд”

Уваравіцкі цэнтр дзіцячай творчасці Буда-Кашалёўскага раёна заўсёды здзіўляе сваімі наватарскімі ідэямі, але прыдумляць нешта новае для прафлагера цэнтру не трэба. Ужо чацвёрты раз тут адкрыў свае дзверы 18-дзён­ны летні прафарыентацыйны лагер “Равеснік”, у аснове работы якога — рэалізацыя праграмы “Праffілэнд”. Мэта праграмы — стварэнне ўмоў для прафесійнага самавызначэння навучэнцаў ва ўмовах свабоды выбару сферы дзейнасці ў адпаведнасці з асабістымі здольнасцямі і патрэбамі.

“Праffілэнд” прадстаўлены як новы горад са сваёй інфраструктурай, а таксама законамі, па якіх дзеці падарожнічаюць на працягу лагернай змены. Кожны дзень, у адпаведнасці з картай прыдуманага горада, вучні наведвалі мабільныя “праffцэнтры”, у якіх знаёміліся з рознымі прафесіямі, прымалі ўдзел у розных мерапрыемствах. Такіх цэнтраў было сем: “Праff­здароўе”, “Праffгульня”, “Праffакцыя”, “Праffмайстэрня”, “Праffталент”, “Праffтур” і “ІнfаПро”.

Па выніках работы за дзень хлопцы і дзяўчаты аналізавалі ўсе наведаныя “праffцэнтры” і адзначалі каляровым стыкерам найбольш карысны для іх. Тым, хто захацеў атрымаць больш інфармацыі пра пэўную прафесію, прапаноўвалася затрымацца ў “ІнfаПро”. Прафесіі, што зацікавілі, кожны адзначаў у асабістым дзённіку, фарміруючы ўласны спіс інта­рэсаў. Гэта можа дапамагчы пры выбары спецыяльнасці ў будучыні.

За час работы лагера яго ўдзель­нікі пабывалі ў розных арганізацыях і на прадпрыемствах роднага пасёлка. Выкананне практычных задач, а таксама экскурсіі, сустрэчы дазволілі дзецям прайсці сацыяльныя спробы і прымераць на сябе розныя прафесіі, даведацца пра перспектывы і цяжкасці.

Вучням запомніліся розныя мерапрыемствы. Так, усім спадабалася прафарыентацыйная гульня “Выбар прафесіі — справа сур’ёзная”, якая была арганізавана па матывах гульні “Форт Баярд”. Аднагалосна дзеці прылічылі да запамінальных наведванне кухні ўваравіцкай школьнай сталовай, майстар-клас ад кухараў “Посмотри-ка ты сюда — так готовится еда!” і ролевую гульню “Гатуем самі, ці Мы супраць шкоднай ежы!”. Таксама дзецям цікава было азнаёміцца з працай прадаўца “Прымерай на сябе прафесію”, запомніліся дзень самакіравання “Прымерай прафесію педагога” і конкурс на лепшага педагога-арганізатара па прафарыентацыі, квест-гульня “Зарніца”, дзелавая гульня “Прыёмная камісія”, паход выхаднога дня “Сцежкамі прыроды”, творчая лабараторыя “Слайм сваімі рукамі” і інш.

Варта адзначыць, што навучэнцы працавалі з анкетамі і дыяг­настычнымі апытальнікамі, якія спрыялі самапазнанню, вызначэнню інтарэсаў, схільнасцей і ўсе­баковай аб’ектыўнай ацэнцы асобы, а таксама дапамагалі выявіць якасці, што дапамогуць паспяхова намячаць прафесійныя планы.

Наталля ЛУТЧАНКА.