×

Літаратурная гасцёўня

15.03.2019 15:16,

“Подзвіг ваш каля сівога Дняпра вечна памятаюць пясчаныя стромы” — так называлася пасяджэнне літаратурнай гасцёўні, якое прайшло ў Рагачоўскім каледжы будаўнікоў напярэдадні знамянальнай даты — 75-й гадавіны вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Гасцямі сустрэчы сталі даўнія сябры каледжа з расійскага горада Тулы. Ужо некалькі гадоў запар тульскія краязнаўцы і прадстаўнікі пошукавага атрада “Штурм” прыязджаюць у Рагачоў, каб аддаць даніну памяці землякам, якія вызвалялі Рагачоў у лютым 1944 года. Двум з іх — сяржанту Івану Паўлавічу Аляксееву і маёру Пятру Аляксеевічу Данілаву — прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Маёр П.А.Данілаў так і застаўся ляжаць у рагачоўскай зямлі. Ён пахаваны ў цэнтры аграгарадка Доўск у брацкай магіле разам з іншымі савецкімі воінамі. Але подзвіг яго застаўся ў памяці людзей Прыдняпроўя. Памочнік начальніка палітаддзела 3-й арміі Беларускага фронту па рабоце сярод камсамольцаў маёр Пётр Данілаў у лютым 1944 года правёў вялікую работу па падрыхтоўцы партыйнай і камсамольскай арганізацый 283-й стралковай дывізіі да фарсіравання Дняпра. На плацдарме асабістым прыкладам павёў байцоў у атаку. Быў паранены, але не пакінуў поле бою.

Памятаюць рагачоўцы подзвіг яшчэ аднаго ўраджэнца Тульскай вобласці, камандзіра кулямётнага разліку 1022-га стралковага палка 269-й стралковай дывізіі трэцяй Арміі беларускага фронту сяржанта І.П.Аляксеева. Штурмавой групе была пастаўлена задача фарсіраваць раку Днепр, заняць плацдарм і ўтрымліваць яго да падыходу асноўных сіл. І.П.Аляксееў першы пераправіўся праз Дняпро на падручных сродках са сваім кулямётам і адкрыў агонь па агнявых кропках саперніка, падавіўшы іх, чым забяспечыў фарсіраванне ракі савецкімі войскамі з меншымі стратамі. Падчас бою ў глыбіні абароны саперніка ўдзельнічаў у адбіцці 13 контратак, падарваўшы пры гэтым з дапамогай процітанкавых гранат тры танкі. Таксама агнём свайго кулямёта знішчыў да двух батальёнаў пяхоты праціўніка. Двойчы паранены, не пакінуў поле бою. Пры адбіцці трынаццатай атакі кантужаны і ў несвядомым стане адпраўлены ў шпіталь.

Перад навучэнцамі каледжа выступілі дачка і ўнук сяржанта Аляксеева, а таксама зямлячка маёра Данілава. Госці расказалі дзецям пра выпрабаванні, якія давялося перажыць воінам у лютым 1944-га. Са слязамі на вачах слухалі прысутныя і выступленні члена Тульскага гарадскога савета ветэранаў Яўгена Барышнікава і кіраўніка пошукавага атрада дэпутата Аляксея Бурхіна.

Для ўдзельнікаў літаратурнай гасцёўні гучалі вершы і песні ў выкананні творчага калектыву “Поспех”.

У завяршэнні госці і гаспадары абмяняліся памятнымі падарункамі і цёплымі словамі падзякі за неабыякавасць і патрыятызм.

Вікторыя АЛЬВІНСКАЯ,
бібліятэкар Рагачоўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа будаўнікоў.