×

Любіць вучня і сваю справу

05.03.2020 14:14,

Фіналістамі Гомельскага гарадскога этапу конкурсу прафмайстэрства “Настаўнік года” сталі 15 педагогаў. Сем з іх прызнаны пераможцамі, а чатыры працягваюць удзел у трэцім (абласным) этапе конкурсу. Кветкі і падарункі павінны стаць стымулам для кожнага, хто ўдала прайшоў сур’ёзныя конкурсныя выпрабаванні.

Самая вялікая коль­касць ­удзельнікаў была прадстаўлена ў намінацыях “Замежная мова”, дзе за званне лепшага змагаліся 14 педагогаў, і “Пачатковыя класы” — тут былі прадстаўлены 10 удзельнікаў.

Конкурс, у якім прынялі ­ўдзел 43 педагогі абласнога цэнтра, складаўся з некалькіх заданняў: апісанне вопыту ўласнай педагагічнай дзейнасці, адкрыты ўрок у незнаёмым класе, публічнае прадстаўленне вопыту ўласнай педагагічнай дзейнасці, камп’ютарнае тэсціраванне ў мэтах праверкі ведаў у галіне вучэбнага прадмета, які выкладаюць педагогі, а таксама майстар-клас. Начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта Святлана Кухарава гаворыць, што пераможцы — гэта таленавітыя педагогі, якія раскрываюць сваю душу перад кожным дзіцем:

— Леў Талстой казаў, што ўменне любіць вучня і сваю справу паказвае, наколькі дасканалы настаўнік. Сапраўды, тут у нас Настаўнікі з вялікай літары. Яны мудрыя, напоўненыя шчодрасцю і ўстойлівасцю. Самае галоўнае для педагогаў — верыць у сябе і сваіх вучняў, паказваць ім шлях да перамогі.

Адна з фіналістак — Марына Капцэвіч, выкладае біялогію ў сярэдняй школе № 8 Гомеля. Гаворыць, што перамагчы было зусім не проста:

— Дзякуючы падтрымцы маіх калег, мы зрабілі ўсё, што магчыма і што немагчыма. Для мяне, напэўна, адной з цяжкасцей і асаблівым хваляваннем стала правядзенне ўрока ў незнаёмым класе.

Аліна Суколен, наадварот, не баіцца сустрэчы з новымі вучнямі, бо мае вопыт выкладання рускай мовы кітайскім студэнтам. У сваёй жа гімназіі № 10 яна выкладае кітайскую мову:

— У мяне вельмі моцная каманда. У такім конкурсе не абысціся без падтрымкі. І не толькі дома, калі муж гаворыць: добра, я сам згатую вячэру сёння. Вельмі важная падтрымка калег. У нас ёсць вельмі моцны метадыст-выкладчык, ёсць той, хто дапамагаў у рэжысуры, хто арганізоўваў адміністрацыйны рэсурс... Усё сышлося — у нас выдатная каманда, і гэта самае важнае.

Акрамя Марыны Капцэвіч і Аліны Суколен, за права стаць пераможцамі ў абласным этапе конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” працягваюць змагацца настаўнік геаграфіі сярэдняй школы № 19 Вадзім Лосеў і настаўнік фізічнай культуры і здароўя гімназіі № 14 Канстанцін Кугат.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.