×

Майстар-клас па-беларуску

13.01.2020 11:30,

Далучэнне дашкольнікаў да нацыянальнай культуры становіцца актуальным педагагічным пытаннем сучаснасці. Пройдзе час, і дзеці вырастуць, будуць ствараць лёс сваёй краіны. Знаёмства з народнымі традыцыямі дапамагае адчуваць сябе носьбітамі культуры роднага краю, развівае нацыянальную самасвядомасць і нацыянальны гонар, павагу да свайго народа.

“Далучэнне дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту да беларускай мовы нацыянальных традыцый праз фальклор” — так гучала тэма майстар-класа, які адбыўся ў яслях-садзе № 6 Светлагорска. Музычны кіраўнік Вераніка Дзмітрыева падзялілася з калегамі вопытам па далучэнні да нацыянальных традыцый.

— Кожны чалавек павінен ведаць традыцыі і мову свайго народа, таму трэба ўсвядоміць, што чым болей нацыянальнага ў выхаванні, тым мацнейшая, духоўна багацейшая нацыя, — адзначыла Вераніка Уладзіміраўна. — Народныя святы і абрады ў наш час запатрабаваны мала, і іх творчае адраджэнне ўспрымаецца як свайго роду інавацыйны феномен. Традыцыі, мова, нацыянальныя каштоўнасці — гэта наш скарб, якім мы павінны ганарыцца. Таму стараюся асабістым прыкладам данесці да кожнага выхаванца прыгажосць гучання роднай мовы, навучыць спяваць народныя песні, гуляць у беларускія народныя гульні, расказаць і на практыцы паказаць, як праводзіліся святы.  

Усе прысутныя атрымалі магчымасць апынуцца ў цудоўным, непаўторным свеце беларускай музыкі, песень і танцаў. Слухалі, угадвалі мелодыі і спявалі беларускія народныя песні — такія знаёмыя, такія родныя, але, на жаль, крыху забытыя. Пачулі гукі народных інструментаў. Цымбалы, лыжкі, гармонь, дуда, жалейка, свістулька, трашчоткі, бубен — кожны інструмент гучаў па-свойму прыгожа і меладычна. А вясёлы танец “Незвычайная полька” ўзняў усім настрой. “Полька ўправа — акуратна”, “полька ўлева — далікатна”, — кіравала танцам Вераніка Уладзіміраўна. 

Напрыканцы хтосьці з прысутных сказаў: “Існуе прымаўка, што лепш адзін раз пабачыць, чым сем разоў пачуць. А я хачу перафразаваць і скажу: лепей адзін раз паўдзельнічаць, чым сем разоў пабачыць. Далучаць дзяцей да беларускай мовы, культуры можна весела, цікава і займальна. У гэтым мы сёння і пераканаліся”.

 

Алена ШУСТ,
загадчык ясляў-сада № 6 Светлагорска.