×

“Матуліна школа” як адаптацыя

01.08.2019 11:36,

Паступленне дзіцяці ў дашкольную ўстанову — важны этап у яго жыцці. З ім звязана змяненне сацыяльнай сітуацыі развіцця: з сям’і дзіця трапляе у групу аднагодкаў, дзе яго развіццё адбываецца пад кіраўніцтвам выхавальніка.

На жаль, не ўсе падрыхтаваны да такой падзеі. Многія бацькі не задумваюцца пра гэта і ніяк не рыхтуюць сваё дзіця да паступлення ў дзіцячы сад. Пра гэта сведчаць адсутнасць у сям’і рэжыму, які супадаў бы з рэжымам дашкольнай установы, у дзіцяці назіраюцца адмоўныя звычкі (ссанне соскі, укалыхванне пры ўкладанні) і адсутнасць умення заняць сябе цацкай, несфарміраванасць неабходных культурна-гігіенічных навыкаў і інш.

Але асноўнай і важнай прычынай цяжкай адаптацыі з’яўляецца адсутнасць у дзіцяці вопыту зносін з дарослымі і дзецьмі. Знаёмства з новымі людзьмі, усталяванне з імі кантакту выклікае цяжкасці ў такіх дзяцей. І паколькі ім уласцівы павышаная эмацыянальнасць, унушальнасць, уражлівасць, то працэс адаптацыі, прывыкання да дашкольнай установы праходзіць не заўсёды лёгка і суправаджаецца хваробамі. Таму і з’явілася неабходнасць у выпрацоўцы стратэгіі, якая дапамагла б аблегчыць гэты перыяд.

У нашым калектыве было вырашана выкарыстоўваць групу кароткачасовага знаходжання “Матуліна школа” для ажыццяўлення паступовай і паспяховай адаптацыі дзіцяці да дашкольнай установы. У “Матулінай школе” сямейнае і грамадскае выхаванне выступаюць як два бакі адзінага працэсу ў іх інтэграцыйным узаемадзеянні.

Разам з калегамі стварылі рэкламную прадукцыю: відэаролік аб дзейнасці “Матулінай школы”, буклеты, брашуры, размясцілі аб’явы на сайце ўстановы і інфармацыйных дошках у групах. Праведзенае сацыялагічнае апытанне бацькоў, дзеці якіх  павінны наведваць нашу ўстанову, паказала, што матулі зацікаўлены навед­ваць установу дашкольнага выхавання разам з дзецьмі ў рэжыме каротка­часовага знахо­джання і атрымліваць прафесійную дапамогу спецыя­лістаў у выхаванні дзіцяці і падрыхтоўцы яго да паступлення ў дашкольную ўстанову. Я вырашыла дапамагчы бацькам: падтрымаць, накіраваць, папоўніць іх веды ў выхаванні дзіцяці.

Асаблівую ўвагу ўдзяліла, у першую чаргу, стварэнню прадметна-гульнявога асяроддзя, якое забяспечвала б захаванне і ўмацаванне здароўя дзяцей, спрыяла сацыяльна-псіхалагічнаму развіццю кожнага дзіцяці ў адпаведнасці з яго індывідуальнымі асаблівасцямі. Яно ўмоўна было па­дзелена на тры цэнтры па кірунках развіцця. Так, у міні-цэнтры пазнавальнага развіцця размешчаны матэрыялы, цацкі, абсталяванне па сенсорным выхаванні, канструяванні з прыроднага матэрыялу, азнаямленні з прыродным светам. У міні-цэнтры мастацка-эстэтычнага развіцця — матэрыялы, неабходныя для выяўленчай, музычнай, тэатральнай дзейнасці. У міні-цэнтры фізічнага развіцця — абсталяванне па развіцці асноўных рухаў і фізічных якасцей.

На арганізацыйным этапе сістэматызавала матэрыялы для работы з дзецьмі ранняга ўзросту і вызначыла тэматыку гульнявых заняткаў.

Перад пачаткам работы “Матулінай школы” правяла арганізацыйны сход для бацькоў, якія выказалі зацікаўленасц­ь да гэтага віду дзейнасці. Ён адбыўся ў форме сустрэчы бацькоў са спецыялістамі ўстановы. Бацькі азнаёміліся з перспектыўным планам работы “Матулінай школы”, запоўнілі анкеты, у якіх адзначылі найбольш цікавыя для сябе тэмы. Таксама выявіла сацыяльны партрэт сям’і, здароўя дзіцяці, дамашні рэжым, асаблівасці выхавання, звычкі дзіцяці. Гэта дапамагло рэалізаваць асобасна арыентаваны падыход да дзіцяці і бацькоў. У адпаведнасці з запытамі бацькоў і зместам работы “Матулінай школы”, распрацавала перспектыўны і каляндарна-тэматычны планы работы.

Каб забяспечыць усебаковае развіццё дзіцяці, працавала ва ўзаемадзеянні са спецыялістамі ўстановы: музычным кіраўніком, кіраўніком фізічнага выхавання і настаўнікам-дэфектолагам. Я з’яўлялася каардынатарам іх дзейнасці. Склала расклад заняткаў, дзе аб’яднала гульнявыя заняткі з дзецьмі і розныя формы работы з бацькамі па павышэнні іх псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці ў пытаннях выхавання і развіцця дзяцей. Для больш эфектыўнай работы была складзена памятка па ўзаемадзеянні педагогаў і бацькоў на занятках.

Арганізацыя дзейнасці “Матулінай школы” адбывалася па мадэлі сумеснага знаходжання бацькоў і дзяцей ва ўмовах дашкольнай установы ў чаргаванні з кансультатыўнай дапамогай. Час знахо­джання дзіцяці ў “Матулінай школе” складае дзве гадзіны. Асноўнымі формамі работы сталі гульні-заняткі сюжэтнага і гульнявога характару. Яны ўключалі музычную дзейнасць, фізічную культуру, прадукцыйныя віды дзейнасці: лепку, маляванне, аплікацыю, знаёмства з сенсорнымі эталонамі (формай, колерам, велічынёй, арыентацыяй у прасторы і часе).

Галоўная задача “Матулінай школы” — прывучыць дзіця да ўзаемадзеяння з аднагодкамі, навучыць яго гуляць, таму ствараліся ўмовы паступовага “адрыву” дзіцяці ад бацькоў. На першых сустрэчах мамы былі разам з дзецьмі, а далей планавалася частковае знаходжанне дзяцей без бацькоў. Дарослыя ў гэты час мелі магчымасць праз практыкумы і майстар-класы атры­маць неабходныя ўменні па выхаванні дзяцей у сям’і, матывацыю да педагагічнай самаадукацыі. Для іх праводзілі кансультацыі медработнік установы, настаўнік-дэфектолаг, педагог-псіхолаг, музычны кіраўнік, кіраўнік фізічнага выхавання. Мелі месца і практычныя семінары, на якіх закраналіся тэмы “Асаблівасці крызісу 3 гадоў”, “Праблемы выхавання дзяцей ранняга ўзросту”, разбіраліся педагагічныя сітуацыі, выкарыстоўваўся метад баць­коўскіх сачыненняў на тэму “Маё дзіця” і інш. Матулі падбіралі матэрыял для буклетаў, брашур, у якіх раскрываліся тэмы стварэння спрыяльнага сямейнага мікраклімату, атмасферы эмацыянальнага дабрабыту дзяцей ранняга ўзросту.

Вывучыўшы ступень задаволенасці баць­коў ад наведвання “Матулінай школы”, мы выявілі, што найбольшую цікавасць выклікалі сумесныя гульні-заняткі, майстар-класы з педагогамі, кансультацыі. Такім чынам, пры ўзаемадзеянні ўсіх удзель­нікаў групы кароткачасовага знаходжання бацькі пашырылі свае веды ў пытаннях узроставай псіхалогіі, асаблівасцях развіцця і выхавання свайго дзіцяці, яго індывідуальных асаблівасцях, навучыліся практычным прыёмам і метадам выхавання і аздараўлення дзяцей, азнаёміліся з рознымі педагагічнымі ўздзеяннямі на дзіця, сталі лепш разумець прычыны паводзін дзіцяці, пазбавіліся стэрэатыпаў у зносінах з малымі.

Зараз бацькі ведаюць, што павінна ведаць дзіця і як яго гэтаму навучыць. Зроблены яшчэ адзін крок на шляху да пашырэння форм дашкольнага выхавання і стварэння адкрытай мадэлі, якая прадугледжвае непасрэдны ўдзел бацькоў у якасці партнёраў па выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту.

Ала САСНОЎСКАЯ,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 15 Жлобіна.