×

Mendeleevlab з удзелам студэнтаў і школьнікаў

17.10.2019 11:45,

Больш за 70 юнакоў і дзяўчат з усёй вобласці сабраліся ў мінулую суботу на біялагічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Гэта юныя прыхільнікі прыродазнаўчай навукі, якія выказалі жаданне праверыць свае веды па хіміі на адкрытай лабараторнай у рамках асветніцкай акцыі Mendeleevlab.

Падзея прымеркавана да абвешчанага Генеральнай Асамблеяй ААН Міжнароднага года перыядычнай табліцы хімічных элементаў. Дата правядзення мерапрыемства была выбрана арганізатарамі невыпадкова: 12 кастрычніка лічыцца днём заснавання першай лабараторыі М.В.Ламаносавым. Да ўдзелу ў асветніцкай акцыі далучыліся вядучыя ўніверсітэты з 30 краін свету. Варта адзначыць, што Гомельскі дзяржуніверсітэт — адзіная ўстанова Беларусі, якая далучылася да акцыі. Арганізатарам Mendeleevlab у нашай краіне выступіла аўтаномная некамерцыйная арганізацыя “Лабараторыя асветніцкіх праектаў” пры падтрымцы Рассупрацоўніцтва.

Асноўнай мэтай акцыі з’яўляецца папулярызацыя хімічных ведаў сярод шырокага кола грамадскасці, магчымасць прыняцця ўдзелу ў выкананні адкрытай лабараторнай. Таму гомельскім навучэнцам і студэнтам адразу патлумачылі, што гэта не экзамен, а займальная гульня, зборнік інтэлектуальных задач, самаправерка на навуковую адукаванасць. “І не саромейцеся, калі вы чагосьці не ведаеце. Не сорамна чагосьці не ведаць, сорамна не імкнуцца даведацца”, — падбадзёрыла ўдзельнікаў загадчык кафедры хіміі біялагічнага факультэта ГДУ імя Ф.Скарыны, кандыдат хімічных навук, дацэнт Наталля Драздова, якая ў гэты дзень выконвала ролю загадчыка лабараторыі.

Кафедра хіміі на біяфаку ў мяне асабіста часта асацыіруецца з вулеем пчол, якія штодзень нястомна працуюць, каб чалавецтва атрымала нейкі добры вынік. Навукоўцы не абмяжоўваюцца работай са студэнтамі і магістрантамі. Яны вельмі шмат работы праводзяць са школьнікамі, уцягваюць іх у розныя мерапрыемствы, прапануюць цікавыя выпрабаванні, каб узбагаціць веды дзяцей па хіміі. Што ўжо казаць пра алімпіядны рух! Штогод лабараторыі кафедры становяцца месцам выканання алімпіяднікамі практычных заданняў, а супрацоўнікі кафедры выступаюць у якасці трэнераў па падрыхтоўцы навучэнцаў да заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі.

Mendeleevlab — чарговая ініцыятыва гэтай цудоўнай каманды, і падышлі да яе рэалізацыі на біялагічным факультэце ГДУ з усёй адказнасцю. У холе факультэта была арганізавана выстава-лабараторыя, якая дазволіла школьнікам да пачатку тэставых выпрабаванняў і майстар-класаў крышачку пагрузіцца ў свет хіміі. Тут можна было азнаёміцца з абсталяваннем і розным хімічным посудам, які выкарыстоўваецца ў лабараторыі, задаць пытанні студэнтам і прагледзець падрыхтаваную імі прэзентацыю.
А далей удзельнікаў адкрытай лабараторнай чакала адна з аўдыторый факультэта, дзе за 30 мінут неабходна было выканаць прапанаваную лабараторную работу. Сярэдні ўзрост удзельнікаў — 16—17 гадоў. Але былі і малодшыя “лабаранты”, якім усяго 13—14 гадоў, таму былі распрацаваны дзве версіі работы: дарослая, якая ўключала 25 пытанняў і заданняў, і дзіцячая з 15 пытаннямі. Тэматыка лабараторнай ахоплівала як навуковую, так і бытавую хімію і патрабавала ад вучняў не толькі тэарэтычных ведаў, але і лагічных разважанняў, кемлівасці.

Дацэнт Святлана Міхайлаўна Панцялеева ўручыла мне лісты з заданнямі са словамі: “У вольны час пасядзі з алоўкам, правер сябе”. А мне, шчыра кажучы, нават глянуць у тыя лісты страшна. З хіміяй мы, канечне, сутыкаемся штодня, але ж, калі школьныя веды з гадамі растраціліся, наўрад ці адчуеш сябе выдатнікам. А вось юныя ўдзельнікі акцыі — студэнты і школьнікі — паказалі даволі добрыя вынікі.

Пытанні насамрэч былі цікавыя і даступныя. Напрыклад, у рубрыцы “Хімічныя злучэнні” значыліся такія пытанні, як атрыманне 100-працэнтнага спірту, што такое “жорсткая вада”, з чаго складаюцца рэкі на Тытане. Неабходна было з прыведзеных варыянтаў выбраць правільны. Раздзел “Дзмітрый Іванавіч і перыядычная сістэма” ўключаў заданні аб нечаканых уласцівасцях хімічных элементаў і іх ролі ў гісторыі цывілізацыі. А рубрыка “Рэнікса” (бязглуздзіца) патрабавала пацвердзіць або абвергнуць сцвярджэнні аб тым, што багатае азонам паветра карыснае для здароўя, што гелій быў адкрыты на сонцы ці што ў глыбокім космасе ёсць амінакіслоты.

Заданні для малодшых школьнікаў былі крыху прасцейшыя, аднак таксама патрабавалі добрых ведаў і лагічнага мыслення: ці можа аўтамабіль рухацца на газіраванай вадзе з сіропам, з чаго складаецца сухі лёд, колькі цукру можна растварыць у шклянцы кіпеню і інш.

Паўгадзіны хваляванняў і роздуму над задачамі прайшлі, пасля чаго Наталля Драздова правяла разбор з аналізам і тлумачэннямі. Такім чынам, кожны ўдзельнік адкрытай лабараторнай адразу мог бачыць, дзе ён памыліўся. І хаця адзнакі за выкананую работу ніхто не выстаўляў, юнакі і дзяўчаты ўсё ж перажывалі за свае промахі ў адказах. Затое цяпер кожны з іх ведае, што неабходна падвучыць, якім раздзелам хіміі ўдзяліць большую ўвагу. Гэта вельмі дарэчы, бо ў студэнтаў хутка сесія, а ў школьнікаў наперадзе цэнтралізаванае тэсціраванне, а ў некаторых — удзел у прадметнай алімпіядзе па хіміі.

Далей навучэнцы школ адправіліся на майстар-класы, якія для іх правялі выкладчыкі кафедры хіміі і студэнты біялагічнага факультэта. Так, кандыдат хімічных навук дацэнт Святлана Панцялеева прадэманстравала юнакам і дзяўчатам “Займальную хімію”. Школьнікі назіралі за выбухамі ў прабірках, за надпісамі, якія пад уздзеяннем хімічных рэактываў то знікалі, то праяўляліся, а самым цікавым для ўсіх стала дэманстрацыя вывяржэння хімічнага вулкана. Другая група “лабарантаў” пад кіраўніцтвам кандыдата хімічных навук дацэнта Альбіны Хадановіч адпрацоўвала навыкі правядзення якаснага аналізу. А на развітанне жадаючыя маглі адправіцца на займальную экскурсію з кандыдатам біялагічных навук дацэнтам Таццянай Макаранка, наведаць музеі-лабараторыі біялагічнага факультэта ГДУ імя Ф.Скарыны, у якіх сабраны шматлікія прадстаўнікі жывёльнага свету.

Важна адзначыць, што цікавасць да акцыі праявілі многія ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі не толькі абласнога цэнтра, але і рэгіёнаў. У ліку “лабарантаў” значыліся прадстаўнікі Гомельскага абласнога ліцэя, гімназій №№ 51, 56, 14, сярэдніх школ №№ 12, 19, 21, 8, 27, 52, 29, а таксама школьнікі з Мазыра, Рагачова, Рэчыцы і Калінкавіч. Асабліва парадавалі арганізатараў малодшыя ўдзельнікі — васьмікласнікі Кацярына Драздова з сярэдняй школы № 12 Гомеля, Ягор Прыходзька з сярэдняй школы № 8 Гомеля, Даніла Гаспадароў з гомельскай гімназіі № 14 і сямікласнік Андрэй Мамаеў з сярэдняй школы № 4 Рагачова.

— Прыемна адзначыць, што арганізацыя і правядзенне гэтага мерапрыемства сумесна з прадстаўніцтвам Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Гомельскай вобласці з’яўляецца добрым працягам творчых сувязей, якія ўзніклі паміж нашымі арганізацыямі, — адзначыла загадчык кафедры хіміі Наталля Драздова. — У сакавіку на нашай кафедры мы сумесна правялі круглы стол па тэме “150-годдзю перыядычнай табліцы хімічных элементаў Д.І.Мендзялеева прысвячаецца”, у якім прынялі ўдзел студэнты, школьнікі і выкладчыкі. Удзел у міжнароднай адукацыйна-асветніцкай акцыі — гэта лагічны працяг тэматыкі, даніна павагі памяці геніяльнага навукоўца і працяг нашага супрацоўніцтва. Зразумела, акцыя Mendeleevlab, як і іншыя падобныя адукацыйныя мерапрыемствы, карысная і з пункту гледжання прафарыентацыі.


Наталля ЛУТЧАНКА.
фота аўтара.