×

Міласэрнасць і дабрыня без межаў

15.05.2019 15:26,

Пад дэвізам “Міласэрнасць і дабрыня без межаў” у Чалюшчавіцкай сярэдняй школе Петрыкаўскага раёна дзейнічае валанцёрскі клуб “Міласэрнасць” — добраахвотнае аб’яднанне дзяцей, падлеткаў і дарослых, арыентаванае на агульначалавечыя каштоўнасці і матываванае жаданне здзяйсняць добрыя ўчынкі на карысць грамадства.

Міласэрнасць... Гэтае слова гаворыць само за сябе: мець добрае, мілае сэрца. Быць гатовым заўсёды дапамагчы, пашкадаваць, дараваць проста з пачуцця спагады і чалавекалюбства. Які вялікі сэнс у гэтым, на першы погляд, простым і звычайным слове! Што можа быць прасцей, чым бескарыслівая дапамога: проста дапамагчы, прыняць на сябе частку чужога гора, не патрабуючы ўзнагароды?  Мы  часта гаворым аб спагадлівасці, чуласці, узаемадапамозе. А калі задумацца, ці можа кожны з нас праявіць міласэрнасць? Таму на пасяджэннях клуба мы вылучылі такія напрамкі дзейнасці: “Творчасць”, “Клопат”, “Прыгажосць” .

Мы арганізоўваем і праводзім акцыі “Наша піянерская справа табе, Айчына” , “Гэта наша справа, а не янота” (па зборы другаснай сыравіны), праводзім гульні і працоўныя дэсанты ў дзіцячым садку “Не сумуйце, малыя”, ладзім рэкламу дзейнасці клуба падчас школьных акцый “Ветлівыя словы”, “Рабі дабро”, “Мы за здаровы лад жыцця”, прымаем удзел у акцыях грамадскага аб’яднання “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” “Цуды на Раство”, “Расчысцім самі”.

Сваімі рукамі  робім віншавальныя паштоўкі для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, для састарэлых і адзінокіх. На першы погляд здаецца, што гэта звычайная справа. Але з упэўненнасцю можна адзначыць, што гэты момант мае вялікі выхаваўчы патэнцыял, бо ў ім часцінка душэўнай цеплыні і ўдзячнасці нашых вучняў: кожная паштоўка непаўторная і зроблена калектыўна. Разам з бацькамі даводзім думку, што нельга праходзіць міма тых, каму цяжка, трэба дзяліцца добрым словам, ветлівай усмешкай.

Сёння кожны хоча бачыць родны куточак непаўторным і незабыўным. І ў нашых сілах зрабіць гэта ў рамках Года малой радзімы. Хто, калі не мы, навядзём парадак у мясцовым парку, лясных масівах вакол вёскі. Вельмі прыемна, што нашы вучні нясуць слушны дэвіз сярод жыхароў аграгарадка: “Чыста там, дзе не пакідаюць смецця”. І, як вынік, за чысціню змагаюцца і дарослыя, і дзеці. 

Шлях да дабрыні нялёгкі, доўгі. Навучыцца быць па-сапраўднаму добрым складана. І самае галоўнае — кожны з нас, дарослы ці дзіця, павінен спыняцца і аналізаваць здзейсненыя ўчынкі. А пачынаць гэты шлях трэба з добрага погляду. Часцей трэба ўсміхацца адзін аднаму. І ўсмешка будзе дарыць людзям радасць — а гэта і ёсць першы крок у  міласэрнасць.

Прыемна, што кожны ўдзельнік клуба ўсвядоміў, што валанцёры добраахвотна гатовы ахвяраваць сваімі сіламі і часам на карысць грамадства ці  канкрэтнага чалавека не дзеля ўхвалення, а дзеля каштоўнага ўрока. Рады нашых валанцёраў пашыраюцца. Значыць, мы зрабілі першы крок. Калі ёсць першы, будуць і наступныя. Хочацца адзначыць Юлію Грышкавец, Валерыю Мішанёву, Аляксея Мазая, Аляксандра Сідарчука, Аляксея Ходзьку, Мілену Шпалак, Крысціну Войцік, Данііла Жукоўскага — яны вядуць за сабой сяброў і аднагодак.

Алена ЕРМАК,
педагог-арганізатар Чалюшчавіцкай сярэдняй школы Петрыкаўскага раёна.