×

Музей знакамітага земляка

12.06.2019 11:31,

Прырастаючы сэрцам да малой радзімы, мы адчуваем гонар за таленавітых асоб, якіх яна ўзгадавала. Для жыхароў Мазыршчыны адной з такіх асоб з’яўляецца доктар біялагічных навук, прафесар, акадэмік Пётр Фаміч Ракіцкі.

У 1981 годзе ў пасёлку Крынічны быў адкрыты музей, які зараз функцыянуе ў сценах Крынічанскай сярэдняй школы Мазырскага раёна.

Год за годам музей гасцінна расчыняе дзверы перад наведвальнікамі, і Пётр Фаміч з цёплай усмешкай глядзіць на іх з партрэта, а юныя экскурсаводы з хваляваннем пачынаюць аповед.

Пётр Фаміч Ракіцкі належыць да ліку знакамітых генетыкаў — вучняў Кальцова і Чацверыкова. Развіваючы найлепшыя традыцыі айчыннай генетычнай школы, вучоны сваімі навуковымі даследаваннямі ўнёс вялікі ўклад у савецкую і сусветную генетыку. Яго навуковая дзейнасць атрымала высокую ацэнку дзяржавы і навуковай грамадскасці.

Пётр Фаміч пакінуў пасля сябе не толькі навуковыя працы і ідэі, але і годных вучняў – каля 50 кандыдатаў і дактароў навук. Даследаванні, пачатыя пад кіраўніцтвам П.Ф.Ракіцкага, цяпер набываюць усё большую актуальнасць, пашыраюцца і паглыбляюцца. У музеі захоўваецца нямала здымкаў, на якіх адлюстраваны падзеі, пра якія расказвалі былыя вучні нашага земляка.

Пры жыцці ён даражыў памяццю аб родных мясцінах. Будучы занятым, усё ж знаходзіў магчымасць хоць зрэдку прыязджаць на Мазыршчыну, сустракацца з землякамі. Той вёскі, дзе нарадзіўся будучы акадэмік, ужо няма. На яе месцы вырас Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, а аднавяскоўцы вучонага жывуць у асноўным у Крынічным.

Навучэнцы Крынычанскай сярэдняй школы захоўваюць спадчыну слаўнага земляка. У музеі частымі гасцямі з’яўляюцца студэнты Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна. Для будучых біёлагаў працы Пятра Фаміча — сапраўдная скарбніца ведаў. Перыядычна наведваюць музей навучэнцы школ Мазырскага раёна. А ў 2018 годзе сумеснымі намаганнямі педагогаў, вучняў і выпускніка школы С.Ю.Дзішука ў рамках работы над інавацыйным праектам “Укараненне мадэлі дзіцяча-дарослай агульнасці як механізму фарміравання новых сацыяльных практык у адукацыйнай прасторы рэгіёну” быў створаны віртуальны музей, які паспяхова прадстаўлены на рэгіянальным фестывалі інавацыйных педагагічных ідэй “Адкрыццё” і на раённым пасяджэнні рэсурснага цэнтра. Усе ахвотныя могуць пабываць у нашым музеі, не выходзячы з хаты.

Наша школа падтрымлівае сувязь з Інстытутам генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі. Некалькі нашых навучэнцаў, якія выступаюць экскурсаводамі ў музеі, разам з дырэктарам школы і загадчыкам музея былі запрошаны ў інстытут, дзе змаглі на свае вочы ўбачыць шмат цікавага, пахадзіць па лабараторыях, а таксама сустрэцца з тымі, хто ведаў Пятра Фаміча, працаваў побач з ім.

Усе прадстаўленыя ў нашым музеі экспанаты захоўваюць цяпло рук і шчодрасць душы выдатнага вучонага і чалавека, нашага земляка П.Ф.Ракіцкага. А для вучняў гісторыя яго жыцця служыць добрым прыкладам таго, што для сельскіх дзяцей магчымасці вялізныя, галоўнае — стараннасць і мэтанакіраванасць.

Таццяна АНТОНЕНКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Крынічанскай сярэдняй школы Мазырскага раёна.