×

Нацыянальныя традыцыі ў сучаснай школе

07.09.2019 12:24,

Радзіма, родная вёска, утульная хата, ласкавая маці… Гэта сэнс чалавечага жыцця. І да гэтага пераліку я дабавіла б не менш значнае слова “школа”. Школа — гэта пачатак лёсу кожнага чалавека. У школе дзеці не толькі атрымліваюць веды, але і спасцігаюць асноўныя ісціны жыцця. У школе зноходзіш верных сяброў, тут зараджаецца першае каханне, праходзяць гады бесклапотнага дзяцінства. І асноўнае, што павінны закласці настаўнікі дзецям падчас навучання ў школе, — гэта любоў да Радзімы, павагу да бацькоў, захаванне традыцый, шанаванне роднага слова і, канечне, веданне вучэбных прадметаў.

Мікуліцкая сярэдняя школа, як і большасць школ Брагінскага раёна, з’яўляецца беларуска­моўнай. Наша навучальная ўстанова заўсёды брала кірунак на захаванне нацыянальных традыцый і прывіццё вучням любові да беларускай мовы. Напэўна, таму з 2017/2018 навучальнага года Мікуліцкая школа была аб’яўлена апорнай установай па беларускай мове ў раёне. Пад кіраўніцтвам дырэктара Іны Анатольеўны Міхаленка, сучаснай і крэатыўнай жанчыны, мы пачалі ствараць такое асяроддзе, дзе кожны, хто завітае сюды, адразу зможа адчуць кірунак дзейнасці нашай установы. Пачалі мы з кабінета беларускай мовы і літаратуры, які, дарэчы, заняў 1-е месца ў раённым конкурсе кабінетаў. Тут ёсць, як кажуць, усё, што пажадае душа: слоўнікі, табліцы, метадычная літаратура, ілюстрацыйны матэрыял, цікавыя стэнды з карыснай інфармацыяй, партрэты пісьменнікаў, камп’ютар, прынтар, мультымедыйная ўстаноўка. Сабраны матэрыял пра пісьменнікаў Брагінскага раёна багаты і разнастайны, даступны кожнаму зацікаўленаму.

Не так даўно мы заняліся апрацоўкай матэрыялу аб славутых выпускніках школы, вядомых жыхарах вёсак нашай мясцовасці. Знаўцы і аматары беларускай мовы ў Мікуліцкай сярэдняй школе былі заўсёды, таму краязнаўчая дзейнасць у нас наладжана даўно, а стаўшы апорнай установай па беларускай мове, мы гэтую дзейнасць актывізавалі і паглыбілі падчас збору рэгіянальных песень. Гэтымі песнямі, іх духоўнымі вартасцямі вызначаецца самабытнасць нашага краю. Сабраны матэрыял мы аб’ядналі тэмай “Багацце слоўнікавага складу рэгіянальных песень” і выпусцілі зборнік песень “Любімыя песні маёй матулі”. На гэтым наша даследчая дзейнасць не закончылася. Наступным кірункам стала даследаванне рэгіянальнай кухні. Настаўнікі і вучні прыклалі шмат намаганняў для збору рэцэптаў страў, якімі славіцца толькі наша вёска. Сабраны матэрыял мы сістэматызавалі і выдалі брашуру “Рэцэпты маёй бабулі”.

Згадзіцеся, калегі, сучасных вучняў цяжка здзівіць традыцыйнымі формамі правядзення мерапрыемстваў. Мы паспрабавалі зацікавіць дзяцей такім відам гульні, як квест. Спачатку правялі квест сярод вучняў нашай школы, потым запрасілі каманды іншых школ раёна. Для шасці каманд раёна і каманды з Лоева быў арганізаваны квест “Сцежкамі роднага краю”, які вельмі спадабаўся ўсім удзельнікам. Станцыі квестаў мелі невыпадковыя назвы: “Заняткі маіх бабуль”, “Мінулае нашай вёскі”, “Стравы беларускай кухні”, “Займальнае роднае слова” і іншыя. Мэта квестаў — фарміраваць у вучняў нацыянальную самасвядомасць, пашыраць слоўнікавы запас спрадвечна беларускімі словамі, прыказкамі, фразеалагізмамі, а галоўнае — прывіваць любоў і павагу да роднай мовы, да сваёй малой радзімы. Спонсарам мерапрыемстваў выступала грамадская арганізацыя “Беларускі зялёны крыж”.

Развіццю культуралагічнай кампетэнцыі вучняў спрыяюць тэатралізаваныя пастаноўкі “Вячоркі ў Паўлінкі”, “Сёння ў нашай хаце свята”, рэканструкцыя рэгіянальнага свята Міхайла, якія насычаны беларускімі прыказкамі і прымаўкамі, прыкметамі і павер’ямі, песнямі і жартамі, танцамі. Тэатралізаваныя пастаноўкі былі прадэманстраваны не толькі ў школе, але і на свяце вёскі, а таксама ў некалькіх сельскіх клубах раёна.

Мікуліцкая школа пастаянна выступае пляцоўкай для правядзення раённых мерапрыемстваў: “Жывая класіка”, “Захаваем свет разам”, “Гавары са мной па-беларуску”. Вучні любяць гэтыя мерапрыем­ствы і прымаюць у іх актыўны ўдзел.

Традыцыйным у школе з’яўляецца і правядзенне літаратурных вечарын, прысвечаных пісьменнікам-юбілярам, падчас якіх вучні ахвотна чытаюць творы гэтых аўтараў. Тыдні беларускай мовы і літаратуры насычаны разнастайнымі мерапрыемствамі і право­дзяцца з мэтай далучэння дзяцей да беларускамоўнай прасторы. Таксама раз у тры месяцы ў школе арганізоўваюцца дні беларускай кухні, падчас якіх вучні школы і настаўнікі маюць магчымасць пакаштаваць стравы рэгіянальнай кухні. Мерапрыем­ства суправаджваецца беларускімі народнымі песнямі і танцамі. Работа нашай установы ў гэтым кірунку спрыяе адраджэнню і захаванню беларускіх традыцый, развіццю роднай мовы.

Вынік нашай дзейнасці — гэта шматлікія перамогі. Вучні школы на працягу многіх гадоў былі пераможцамі раённага этапу алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, некаторыя ўдзельнічалі ў абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Таксама нашы выхаванцы былі ўдзельнікамі абласнога этапу конкурсу “Гавары са мной па-беларуску”. У 2017 го­дзе вучаніца 7 класа прымала ўдзел у конкурсе чытальнікаў вершаў “Чытаем з velcom”. З 355 удзельнікаў яна ўвайшла ў лік 30 пераможцаў вобласці і ўдзельнічала ў другім этапе. У 2017 годзе яшчэ адна вучаніца школы атрымала дыплом І ступені ў Абласным конкурсе сачыненняў “Прытрымліваемся законаў дарог”. Сачыненне дзяўчыны было напісана на беларускай мове.

На гэтым у нашай установе не збіраюцца спыняцца. Арыенціры вызначаны, вынікі ёсць. Многа неабходнага і карыснага вы зможаце знайсці на нашым афіцыйным сайце. І, канечне, мы заўсёды будзем рады вітаць вас у нашай утульнай школе.

Згадзіцеся, калегі: хто, калі не мы, настаўнікі, зможа захаваць і данесці да вучняў традыцыі і побыт беларускага народа, любоў да роднай мовы, выхаваць сапраўдных патрыётаў?

Аксана ПЕЎНЯВЕЦ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Мікуліцкай сярэдняй школы Брагінскага раёна.