×

Найлепшыя знаўцы грамадазнаўства

01.03.2019 18:01,

На базе сярэдняй школы № 11 Гомеля прайшоў II абласны турнір па грамадазнаўстве Чалавек. Грамадства. Дзяржава”.

Удзел узялі 17 навучэнцаў 10-11 класаў з розных устаноў адукацыі вобласці — пераможцы трэцяга этапу сёлетняй рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Грамадазнаўства”.

Адкрыла інтэлектуальнае спаборніцтва прарэктар па вучэбнай рабоце абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Блажко. Яна падзяквала юнакам і дзяўчатам за іх стараннасць, пажадала поспехаў у далейшым алімпіядным руху і ў абласным турніры. З цікавасцю слухалі алімпіяднікі трэнера па інтэлектуальных гульнях Д.М.Спектара, якога запрасіла на сустрэчу з юнымі знаўцамі адміністрацыя школы.

Турнір па грамадазнаўстве складаўся з двух тураў — тэсціравання і дэбатаў. У першым туры ўдзельнікі выконвалі тэставыя заданні алімпіяднага ўзроўню складанасці. 12 пераможцаў, якія набралі найбольшую колькасць балаў, былі дапушчаны да другога тура. “Пра грамадства і дзяржаву ведаю ўсё” — так была акрэслена тэма вуснага выступлення інтэлектуалаў. Яны аб’ядноўваліся ў пары згодна з жараб’ёўкай і аргументавалі сваю пазіцыю ў адпаведнасці з прапанаваным заданнем, адказвалі на пытанні саперніка.

Выступленне навучэнцаў ацэньвала прафесійнае журы — трэнеры абласной каманды ўдзельнікаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, настаўнікі грамадазнаўства.

Па выніках турніру журы назвала імёны шасці пераможцаў. Дыпломамі I ступені ўзнагароджаны навучэнец гімназіі г. Рагачова Іван Аксінушкін і навучэнец гімназіі № 51 г. Гомеля Дзмітрый Мятліцкі. Другое месца — у гімназістак Гомельскай Ірынінскай гімназіі Юліі Будзько і Анастасіі Гудовіч. Дыпломы III ступені атрымалі Анастасія Каротчанка з Рэчыцкай раённай гімназіі, Валерыя Зыкун з сярэдняй школы № 7 г. Жлобіна і навучэнка сярэдняй школы № 3 г. Жыткавічы Анастасія Друк.

Наталля ЛУТЧАНКА.