×

Настаўнік, які верыць у нашых дзяцей

05.10.2019 15:44,

Ці памятаеце вы, як прыйшлі ў першы клас? Непаседлівыя, непаслухмяныя, без асаблівага разумення таго, як важна атрымліваць веды і як школа паўплывае на ўсё астатняе жыццё. А з вамі — дарослы чалавек, які цярпліва і настойліва вучыць правільным паводзінам, вучыць выводзіць на дошцы першыя літары і лічбы, дапамагае самастойна чытаць першыя словы, — ваш першы настаўнік. Несумненна, вы памятаеце яго, несяце гэты вобраз праз усё жыццё. І калі пры ўспамінах вас агортвае пяшчота і цеплыня, то вам пашанцавала.

Пашанцавала кожнаму вучню, які прыйшоў аднойчы ў першы клас да Міхаіла Валер’евіча Цалко. А такіх шмат. Педагагічны стаж Міхаіла Валер’евіча складае 30 гадоў, 27 з іх ён нязменна працуе ў веткаўскай сярэдняй школе № 1 імя А.А.Грамыкі.

У вясковага хлопчыка са шматдзетнай сялянскай сям’і была мара: ён хацеў быць настаўнікам, бачыў сябе толькі ў гэтай прафесіі. Скончыўшы школу, юнак мэтанакіравана адправіўся ў Гомель, каб здаць экзамены і стаць навучэнцам Гомельскага педагагічнага вучылішча. У 1989 годзе Міхаіл Цалко, ужо маладым спецыялістам, у дыпломе якога значылася спецыяльнасць “Настаўнік пачатковых класаў, старшы піянерважаты”, адправіўся на першае месца працы — у адну з вясковых школ Веткаўскага раёна. Сваю педагагічную дзейнасць ён пачаў з выхавальніка групы прадоўжанага дня. Праз два гады быў прыняты ў сярэднюю школу № 1 Веткі настаўнікам пачатковых класаў.

Міхаіл Валер’евіч нібыта жывая легенда. Не сакрэт, што прафесія настаўніка ўсё больш становіцца жаночай, асабліва сярод педагогаў-пачаткоўцаў. Для М.В.Цалко праца з дзецьмі — прызванне. Ён бачыць нешта сімвалічнае і важнае ў тым, каб несці хлопчыкам і дзяўчынкам першыя веды, адкрываць ім нязведаны свет, выхоўваць у кожным лепшыя чалавечыя якасці. Таму, атрымліваючы ўжо вышэйшую адукацыю ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным інстытуце, настаўнік выбраў спецыяльнасць “Педагогіка і методыка пачатковага навучання”. Ён застаўся верным шляху, абранаму пасля школы, застаўся верным маленькім вучням.

Першыя выпускнікі М.В.Цалко ўжо дарослыя людзі, сёння ён вучыць іх дзяцей. Баць­кі ведаюць, што гэтаму педагогу можна даверыць сваё дзіця.

— Я ўдзячная лёсу, што першы настаўнік у майго сына менавіта Міхаіл Валер’евіч — прызнаецца маці другакласніка Вольга Піліпчук. — Гэта чулы, спагадлівы, адначасова строгі і справядлівы настаўнік, які клапоціцца пра нашых дзяцей як пра ўласных. Ён верыц­ь у нашых дзяцей і для кожнага знаходзіць асаблівыя словы заахвочвання. Кожны ўрок для майго дзіцяці — адкрыццё. Ведаю, што ў класе шмат размоў ідзе пра міласэрнасць і дабрыню, пра сяброўства — сын заўсёды дзеліцца новымі ўражаннямі.

Чалавек, які не проста перадае веды, а рыхтуе сваіх вучняў да жыцця, — вось хто такі сапраўдны настаўнік. Калі дзеці пераступяць парог школы, ім давядзецца навучыцца розным рэчам, і многае залежыць ад педагога. Першачарговай задачай для Міхаіла Валер’евіча заўсёды з’яўляецца згуртаванне пачаткоўцаў у дружны калектыў, заснаваны на ўзаемадапамозе і ўзаемавыручцы. І ў яго гэта выдатна атрымліваецца. А яшчэ педагог лічыць сваім абавязкам прывіць дзецям любоў да школы і вучобы, бо ўпэўнены, што менавіта адсюль пачынаецца прага да ведаў. Гэта адзначае і яго выпускнік Аляксандр Лапіцкі, для якога першы настаўнік стаў прыкладам. Сёння Аляксандр Аляксандравіч працуе поплеч са сваім першым настаўнікам, выкладае інфарматыку ў той жа сярэдняй школе № 1 Веткі.

— Міхаіл Валер’евіч па-сапраўднаму любіць дзяцей, ён насамрэч стараўся нас чамусьці навучыць, а не проста прыхо­дзіў на ўрок, каб адбыць гадзіны, — успамінае былы вучань. — Ён ніколі не павышаў голас, стараўся даступна тлумачыць матэрыял, праводзіў з намі размінкі, гульні, адкрытыя ўрокі, і нам заўсёды было цікава з нашым настаўнікам.

Аляксандр Аляксандравіч упэўнены, што ўсе, хто вучыўся ў Міхаіла Валер’евіча Цалко, любяць, памятаюць і паважаюць гэтага выдатнага і шчырага педагога. “І я вельмі рады, што на маім жыццёвым шляху сустрэўся менавіта такі чалавек, бо мае дасягненні — гэта яго заслуга”, — прызнаецца малады настаўнік.

Пашанцавала не толькі вучням Міхаіла Цалко. Шчаслівыя мець такога бацьку і яго сыны. Старэйшы, Арцём, ужо скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію авіяцыі і зараз працуе ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Малодшы, Максім, вучыцца ў 10 класе. Хлопцы ганарацца сваім татам, ён заўсёды прысутнічае ў іх жыцці, нягледзячы на сваю занятасць.

— У Міхаіла Валер’евіча двое цудоўных сыноў, ён іх вельмі любіць, заўсёды падтрымлівае, — эмацыянальна расказвае пра настаўніка яго калега Марыя Аніськова. — Я ўвесь час  здзіўлялася таму, як ён усё паспявае: праца, дом, дзеці, хатняя гаспадарка, розныя справы… Але ў яго заўсёды ўсё на самым высокім узроўні.

Марыя Мікалаеўна таксама настаўнік пачатковых класаў і чвэрць стагоддзя працуе разам з М.В.Цалко, з якім ёй заўсёды ёсць што абмеркаваць, пра што пагаварыць, ды і за столькі гадоў сумеснай працы яны даўно сталі добрымі сябрамі.

— Разумны, таленавіты, энергічны, арты­стычны, — так характарызуе свайго калегу і сябра настаўніца. — Мяне захапляюць яго мэтанакіраванасць, патрабавальнасць, працавітасць, настойлівасць у дасягненні пастаўленай мэты, жаданне дзяліцца сваім вопытам. А самае галоўнае, ён шчыра любіць дзяцей. Такі вось просты сакрэт таго, як быць выдатным настаўнікам.

Праца Міхаіла Валер’евіча Цалко адзначана Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, падзякай Гомельскага аблвыканкама, граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Але ж вядома, што найвышэйшая ўзнагарода для педагога — гэта памяць яго вучняў, іх дасягненні, удзячнасць. А калі так, то ў скарбонцы гэтага настаўніка незлічоная колькасць узнагарод.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.