×

Натхненне, пошук, знаходкі і майстэрства

24.01.2020 14:46,

Яркім і незабыўным працягам калядных святаў стаў прадметны метадычны тыдзень, які праходзіў у сярэдняй школе 2 Светлагорска з 13 па 18 студзеня 2020 года.

Штогод у нашай школе прадметны тыдзень праходзіць як загадзя падрыхтаванае свята. Назва тыдня, дэвіз, мерапрыемствы адпавядаюць календару знамянальных дат: 160-годдзю А.П.Чэхава, 90-годдзю У.Караткевіча.

Фальклорнае свята “Каляда прыйшла...”, арганізаванае навучэнцамі 1—5 класаў, стала адкрыццём тыдня. Настаўнік англійскай мовы Канстанцін Вераксіч правёў адкрыты ўрок у 5 класе па тэме “Каляды”. На ўроку рускай літаратуры ў 5 класе настаўніцы Юліі Кураш прагучалі выступленні навучэнцаў пра жыццё Чэхава. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Марціновіч правяла віктарыну “Гукі і літары беларускай мовы”. На ўроку англійскай мовы ў 7 класе настаўнік Дзмітрый Дадалка выкарыстаў тэматычныя заданні, практыкаванні для развіцця мовы.

У конкурсе чытальнікаў “Жывая класіка” гучалі вершы рускіх і беларускіх паэтаў у выкананні навучэнцаў 5—11 класаў. Гасцінна расчыніў дзверы музей “Беларуская хатка”. Экскурсаводы ў народных строях частавалі пірагамі і паказвалі прадметы побыту беларусаў.

Навінкай тыдня стала прэзентацыя “Музея-чамадана “У госці да А.П.Чэхава”. Інсталяцыя дазволіла акунуцца ў эпоху XIX ст. і жыццё пісьменніка.

Завяршыўся тыдзень святочнай праграмай “Раства чароўныя імгненні...”. Навучэнцы 6 класа падрыхтавалі калядную віктарыну, жарты, песні, пачастункі.

Такія формы працы даюць магчымасць раскрыць творчыя таленты настаўнікаў і вучняў, спрыяюць удасканаленню прафесійнага майстэрства педагогаў.

Анжаліка ЛАСАЕВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры, кіраўнік ШМА
сярэдняй школы № 2 Светлагорска.