×

Наватарства, падмацаванае традыцыйнымі практыкамі

10.09.2019 12:12,

Навучальны год для тых, хто паступіў у Гомельскі дзяржаўны прафесійны аграрна-тэхнічны ліцэй, пачынаецца… з мабільных тэлефонаў.

Так, першае, што прапануюць навучэнцам выкладчыкі, — гэта спампаваць на свае гаджэты дадаткі QR-code і HP-Reveal. А тым, хто прыйшоў ва ўстанову авалодаць рабочымі спецыяльнасцямі “Вытворчасць прадукцыі раслінаводства” і “Садова-паркавае будаўніцтва”, патрэбны таксама дадатак PlantNet, які дапаможа ідэнтыфікаваць тысячы відаў раслін, і лічбавы распазнавальнік дрэў Leafsnap.

На шляху да інфарматызацыі

Аграрна-тэхнічны ліцэй хоць і знаходзіцца ў ліку найстарэйшых навучальных устаноў Гомельшчыны, але сваю мэту бачыць у тым, каб у поўнай меры адпавядаць сучасным адукацыйным стандартам, і сёння з’яўляецца дзеючай рэспубліканскай пляцоўкай па ўкараненні інфармацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс.

Ні для каго не сакрэт, што ў прафесійныя ліцэі часта пры­ходзяць дзеці са слабымі ведамі, іх цікавасць да навучання невысокая, таму перад выкладчыкамі такіх устаноў паўстае дадатковая задача — знайсці формы навучання, здольныя зацікавіць і абудзіць прагу да ведаў. Варта адзначыць, што часта гэта ўдалыя спробы: многія навучэнцы, якія прыйшлі ў прафтэхустановы са слабым школьным атэстатам, пасля заканчэння атрымлі­ваюць дыплом з адзнакай. Выпускнікі Гомельскага прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя не выключэнне.

— Усё пачалося пяць гадоў назад, калі быў аб’яўлены курс на інфарматызацыю ў навучальных установах краіны, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Мароз. — Мы ўзяліся асвойваць электронныя адукацыйныя рэсурсы, удзельнічалі ў рэспубліканскіх выставах і конкурсах, што праводзіліся ў гэтым кірунку.

Святлана Аляксандраўна кажа, што нярэдка яны здзіўлялі педагагічную грамадскасць, бо іх прафесійная ўстанова адукацыі дэманстравала цікавыя знаходкі, якія не ўступалі распрацоўкам каледжаў і ўніверсітэтаў, дзе ёсць спецыяльнасці інфармацыйна-тэхналагічнага кірунку. У аграрна-тэхнічным ліцэі такіх спецыяльнасцей няма, а адзіны чалавек, які ў поўнай меры валодае неабходнымі для практычнага ўкаранення распрацовак ведамі, — гэта інжынер-электронік і выкладчык інфарматыкі.

Ад няведання — да практычных распрацовак

— Насамрэч усё пачыналася з таго, што мы нічога не ведалі пра тое, як ствараць электронна-адукацыйныя рэсурсы, на якой платформе і г.д., — усміхаецца Святлана Аляксандраўна. — Я сур’ёзна кажу. Але здавацца мы не збіраліся. Намалявалі сабе карцінку, прыдумалі, што мы хацелі б атрымаць, паставілі перад сабой нерэальныя мэты і ўзялі курс на іх дасягненне.

Першы электронна-адукацыйны рэсурс “Замежныя мовы ў прафесіі” для будучых вадзіцеляў-міжнароднікаў распрацаваў выкладчык англійскай мовы Юрый Віктаравіч Шаўцоў.

Потым калектыў ліцэя ўзяўся за стварэнне сайтаў выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання. Піянерам у гэтым стала Людміла Іванаўна Аксёнава, якая, дарэчы, атрымала Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі на сёлетняй жнівеньскай нарадзе педагагічных работнікаў. Спачатку гэта быў проста электронны канспект па прадмеце “Таваразнаўства нехарчовых тавараў”. Па сутнасці, сухі тэкст з ілюстрацыямі, які можна было чытаць, перагортваючы старонкі з дапамогай камп’ютарнай мышкі.  

— Але мы разумелі, што гэтанецікава — проста гар­таць і гля­дзець, нам жа патрэбна выклі­каць зацікаўленасць навучэнцаў, — тлумачыць намеснік дырэктара ліцэя. — Было вырашана разбавіць тэкст прэзентацыямі і відэа, але тэхнічна гэта не атрымлівалася. Так з’явіўся сайт. Спачатку ён прызначаўся для завочнага аддзялення, дзе размяшчаліся курсавыя і дыпломныя работы. Далей усё настолькі эвалюцыянавала, што перарасло ў электронны адукацыйны рэсурс з электроннымі заданнямі, магчымасцю іх праверкі выкладчыкам. Атрымалася нешта накшталт дыстанцыйнага навучання для завочнікаў.

Сёння восем выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання маюць свае сайты, якія дапамагаюць ім у выкладанні дысцыплін, а навучэнцам дазваляюць знаходзіць усю неабходную інфармацыю.

Тры ў адным

Чарговы віток развіцця пачаўся, калі Святлана Аляксандраўна вярнулася з курсаў павышэння кваліфікацыі ў Мінску. На занятках выкладчыца хіміі дэманстравала свой практыкум па хіміі. “І я падумала: “У мяне так шмат таленавітых педагогаў, у іх столькі напрацовак і матэрыялаў, што мы можам не проста звычайны, а інтэрактыўны практыкум зрабіць”, — расказвае яна.

Да рэалізацыі ідэі намеснік дырэктара прыцягнула маладога выкладчыка нямецкай мовы Таццяну Юр’еўну Кузьмянкову.

— Ні на хвіліну не сумнявалася, што мы будзем мець поспех, — дзеліцца Святлана Мароз. — Таццяна Юр’еўна вельмі перспектыўны малады спецыяліст. Яна прыйшла да нас на апошнім курсе ўніверсітэта на практыку, зарэкамендавала сябе вельмі станоўча, і  мы прапанавалі ёй застацца ў нас праца­ваць. Яна скончыла ўстанову вышэйшай адукацыі з дыпломам з адзнакай і засталася ў ліцэі. Гэта творчы педагог, які заўсёды прыдумляе нейкія незвычайныя формы выкладання свайго прадмета.

На распрацоўку адных заняткаў, адной тэмы пайшоў амаль месяц. Думалі, як зрабіць, каб было цікава для навучэнцаў, каб яны не проста засвойвалі ў гульнявой форме нямецкую мову, але і папаўнялі, замацоўвалі прафесійныя веды. Так з’явіўся яшчэ адзін, ужо больш глыбокі, практыкум мультымедыйнага навучання пры дапамозе дадаткаў QR-code і HP-Reveal па вучэбным прадмеце “Замежная мова ў прафесіі”.

Што сабой уяўляе распрацоўка? Кароткі выклад матэрыялу для тых, хто вучыцца па спецыяльнасці “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”, дапоўнены ілюстрацыямі. Падводзім гаджэт з дадаткам HP-Reveal — і карцінка ажывае, дае падрабязны разбор пэўнай дэталі ці механізма аўтамабіля. Тут жа, прымяніўшы QR-код, можна перайсці да вывучэння дадатковай інфармацыі і выканання анлайн-тэсціравання. Такім чынам, навучэнцы не проста вучаць замежныя словы, а замацоўваюць веды, неабходныя ў іх будучай прафесіі і, што немалаважна, чытаюць вучэбны матэрыял, што сёння на самай справе праблематычна. Адзін практыкум — тры вынікі. Сёння можна з упэўненасцю ска­заць: такі падыход да навучання захапляе дзяцей, служыць для іх матывацыяй да пазнавальнай дзейнасці.

Падобныя інтэрактыўныя за­няткі распрацаваны выкладчыкам спецдысцыплін Л.І.Аксё­­­на­вай і па прадмеце “Таваразнаў­ства нехарчовых тавараў”.

Тых, хто засвойвае прафесіі агародніка і кветкавода ў ліцэі, таксама зацікаўліваюць карысным выкарыстаннем гаджэтаў. Распрацаваны даведнік кветкавода па спецыяльнасцях “Вытворчасць прадукцыі раслінаводства” і “Садова-паркавае будаўніцтва”, дзе прадстаўлены расліны, што растуць у Беларусі і, у прыватнасці, на тэрыторыі доследна-вытворчага ўчастка ліцэя. Дадаткі PlantNet і Leafsnap дапамагаюць не толькі ідэнтыфікаваць тысячы відаў раслін і дрэў, яны дазваляюць задаваць параметры ўчастка з яго экалагічнымі асаблівасцямі і вы­даюць групу раслін, якія могуць расці на гэтым участку. Такім чынам, будучыя агароднікі і кветкаводы пазбягаюць сур’ёзных памылак і зноў жа замацоўваюць прафесійныя веды.

— Распрацаваныя нашымі выкладчыкамі інтэрактыўныя дапаможнікі таксама дапамагаюць у навучанні школьнікаў, якія прыходзяць да нас у шосты школьны дзень, каб атры­маць дапрафесійную падрыхтоўку, — расказвае С.А.Мароз. — Колькасць гадзін мізэрная, і, зразумела, выкладчыкі проста не ў сілах даць увесь неабходны матэрыял. І тут выратоўваюць дапаможнікі з QR-кодамі, дзякуючы якім школьнікі атрымліваюць дадатковую інфармацыю дома ў зручны для іх час.

Традыцыі і наватарства непадзельныя

Увогуле, адукацыйныя электронныя тэхналогіі ўжо сталі неад’емнай часткай работы педагогаў аграрна-тэхнічнага лі­цэя, яны  выкарыстоўваюць дадаткі, накіраваныя на навучанне дзяцей і ацэньванне іх ведаў, абавязкова прымяняюць мабільныя тэхналогіі на ўсіх адкрытых вучэбных занятках. На базе ўстановы праходзяць майстар-класы і абласныя семінары, на якіх педагогі дзеляцца з калегамі сваімі распрацоўкамі. Ліцэй увахо­дзіць у школу перадавога педагагічнага вопыту, пры гэтым не абмяжоўваецца толькі Гомельскай вобласцю, а дэманструе свой вопыт у розных рэгіёнах краіны. Што і казаць, нават прафарыентацыйныя буклеты ўстановы здольны ажываць — дастаткова толькі ўзяць у рукі мабільны тэлефон.

Па словах Святланы Аляксандраўны, у ліцэі ёсць такое правіла: раз у месяц адзін з педагогаў з кожнай метадычнай камісіі павінен падзяліцца нейкімі сваімі фішкамі, незвычайнымі элементамі ўрокаў, формамі работы і г.д. Гэта такі своеасаблівы стымул для нараджэння ў педагогаў наватарскіх ідэй.

— Безумоўна, пры гэтым мы не адмаўляемся ад традыцыйных практык, — запэўнівае суразмоўца. — Яны як аснова навучання, якую мы дапаўняем цікавымі наватарскімі распрацоўкамі, спрабуючы ісці ў нагу з часам, адпавя­даць сучасным патрабаванням і запытам. А ўся наша сіла — у камандзе выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання, у іх творчай узгодненай рабоце.

Інтэрактыўныя вучэбныя дапаможнікі, складзеныя выкладчыкамі Гомельскага прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя па вучэбных прадметах прафесійнага кампанента, зараз знаходзяцца ў РІПА і адобраны да далейшага апублікавання пад грыфам Міністэрства адукацыі.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.