×

Новае жыццё сельскай школы

28.12.2019 14:57,

У аграгарадку з прыгожай назвай Радуга, што ў Веткаўскім раёне, навагоднія цуды пачаліся за тыдзень да свята — пасля маштабнай рэканструкцыі адчыніла свае дзверы адноўленая школа.

Што такое школа ў вёсцы? Гэта адукацыйны і культурны цэнтр для развіцця творчых і спартыўных талентаў падрастаючага пакалення, месца, дзе выхоўваецца грамадзянін. Без перабольшання можна казаць, што школа сёння — гэта сэрца вёскі, яе жыццё.

— Менавіта ў сельскай мясцовасці, у невялікіх гарадках ярка выяўляецца нацыянальная самабытнасць, захоўваецца культура, ра­стуць спартыўныя зоркі, — падкрэсліў на адкрыцці ўстановы старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей. — Мы са свайго боку зробім усё, каб сціралася грань паміж горадам і вёскай, каб я­касць жыцця ў сельскай мясцовасці не ўступала гарадскому.

Кіраўнік рэгіёна таксама выказаў думку, што адноўленая школа будзе своеасаблівым стымулам для дзяцей, зменіць іх стаўленне да вучэбнага працэсу, што яны стануць больш адказнымі і стараннымі.

Варта адзначыць, што адрамантаваная па сучасных патрабаваннях і стандартах установа адукацыі — гэта частка  агульнага добраўпарадкавання, якое было пачата ў Веткаўскім раёне два гады назад. Увогуле, Радужская сярэдняя школа імя М.Р.Батракова перажыла тры этапы будаўніцтва і рэканструкцыі. Стары будынак, якому ўжо больш за паўвеку, не адпавядаў павевам сённяшняга дня. Не было актавай залы, настаўніцкай і нават кабінета дырэктара. Свой кабінет кіраўнік установы Ала Еўтухова аддала пад клас — не хапала памяшканняў для правя­дзення заняткаў.

Першы этап прыпаў на 2010 год. Тады да старога будынка школы прыбудавалі харчаблок. Праз некалькі гадоў пачалі другі этап — быў пабудаваны новы вучэбны блок. Цяпер заставалася, бадай, самае складанае — прывесці ў парадак стары будынак. Рэканструкцыю пачалі ў маі 2018 года. І вось амаль да сёлетніх зімовых канікул шум будаўнічых работ перамешваўся са школьнымі званкамі і галасамі навучэнцаў.

На правядзенне работ па рэканструкцыі было выдаткавана звыш 2,11 млн рублёў. Гэта сродкі з абласнога бюджэту і — большая частка — субвенцыі, перададзеныя з рэспубліканскага бюджэту на фінансаванне расходаў дзяржпраграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Пасля маштабных работ у адноўленым блоку размясціліся вучэбныя кабінеты для 1—8 класаў. Тут жа — кабінеты адміністрацыі, настаўніцкая, актавая зала, медыцынскі пункт, пакой псіхалагічнай разгрузкі. Што важна, цяпер усе памяшканні злучаны паміж сабой, у той час як раней у сталоўку ці спартыўную залу вучням даводзілася хадзіць па вуліцы.

Зараз Радужскую сярэднюю школу наведваюць 109 дзяцей, у тым ліку з навакольных населеных пунктаў. Школьныя аўтобусы падвозяць сюды 55 вучняў. Але, як заў­важыў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Веткаўскага райвыканкама Сяргей Любімаў, аграгарадок Радуга развіваецца і мае добрыя перспектывы, тут будуецца жыллё, а таму ёсць упэўненасць, што колькасць дзяцей у школе будзе прырастаць.

Мясцовыя ўлады адзначылі, што падтрымка адукацыйнай сферы, увага да патрэб дзяцей і далей застануцца ў прыярытэце. Так, у 2020 годзе плануецца будаўніцтва і рэканструкцыя школы ў Кармянскім раёне, пачнецца будаўніцтва школы ў Гомелі, дзіцячага садка ў Мазыры.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.