×

Новае жыццё школьнага саду

25.10.2019 16:39,

Акцыя “Новае жыццё школьнага саду” прайшла ў кастрычніку ў сярэдняй школе № 11 Мазыра з удзелам педагогаў, навучэнцаў і бацькоў.

Дарэчы, яблыневы сад у двары нашай школы быў заўсёды — усе няпоўныя сорак гадоў яе існавання. Нядаўна стары сад сталі амалоджваць, і па ўведзенай традыцыі выпускнікі 9-х і 11-х класаў саджалі свае дрэўцы, пакідаючы аб сабе памяць. Новы ж сад, які размясціўся каля школы, было вырашана пасадзіць у сувязі з рэалізацыяй праекта па добраўпарадкаванні прышкольных тэрыторыі.

У суботні дзень каля школы было шумна і шматлюдна: кожны хацеў пакінуць свой след у гісторыі любімай установы. Прыемна, што на заклік дапамагчы пасадзіць сад адгукнуліся не толькі навучэнцы і іх класныя кіраўнікі. Падтрымаць сваіх дзяцей у добрай і карыснай справе прыйшлі бацькі. Таты дапамагалі дзецям падрыхтаваць ямы для саджанцаў, а мамы тлумачылі, як трэба паліваць маладыя дрэвы і даглядаць іх. Школьны сад узбагаціўся яблыневымі саджанцамі. Сюды ж былі перасаджаны і маладыя дрэвы, раней падораныя школе выпускнымі класамі.

Так, сумесная праца зблізіла бацькоў, дзяцей і настаўнікаў, узбагаціла духоўна і прынесла карысць школьнаму саду, які дзякуючы акцыі павялічыўся ўтрая.

Юлія ЖАДЗІК,
выхавальніца групы прадоўжанага дня сярэдняй школы № 11 Мазыра.