×

Пад гукі паланэза…

25.01.2020 12:24,
увайшлі ў знакаміты гомельскі палац вытанчаныя, пяшчотныя дзяўчаты і строгія, падцягнутыя юнакі

Паланэз, менуэт, мазурка, падэграс, полька і вальс — гэтыя шэсць відаў танцаў былі ўключаны ў бальную карту вечара, які прайшоў у Гомельскім палацава-паркавым ансамблі.

165 юнакоў і дзяўчат, якія вучацца ў Гомельскім кадэцкім вучылішчы, прадэманстравалі сваё майстэрства перад ганаровымі гасцямі, сярод якіх былі старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зянкевіч і начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Руслан Смірноў.

Калісьці ў Палацы Румянцавых і Паскевічаў праводзіліся шыкоўныя танцавальныя вечары. Сёння гэтая традыцыя адноўлена.

Сучасныя юныя кадэты ў строгай форме хваляваліся, але трымалі твар і спіну. Для дзяўчат былі пашыты адмысловыя сукенкі, у якіх кожная нагадвала Наташу Растову на сваім першым балі. Над іх вобразамі папрацавалі цырульнікі і візажысты.

Пры бляску вялізных люстраў зіхацелі пагоны, юнакі ў белых пальчатках папраўлялі аксельбанты. Напэўна, так было і стагоддзі назад. Вядома, што князь Пётр Румянцаў і князь Іван Паскевіч у свой час былі навучэнцамі кадэцкіх карпусоў.  Кадэт Юрый Шафераў вучыцца на 3 курсе. Гаворыць, што ў вучылішча прыйшоў свядома. Больш за тое, марыў пра гэта з самага дзяцінства:

— Хачу заняць дастойнае месца ў жыцці і служыць ва ўнутраных войсках Рэспублікі Беларусь. Самы любімы мой танец — вальс.

Дырэктар Гомельскага кадэцкага вучылі­шча Дзмітрый Грыгарэнка лічыць, што танцы — абавязковая дысцыпліна ва ўстанове:

— Да нас прыходзяць вучыцца ў 8 клас. У нашай установе па раскладзе ідуць заняткі па харэаграфіі. Я лічу, што кожны мужчына павінен умець танцаваць. Прынамсі, сярод нашых кадэтаў — 36 дзяўчынак.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей да юных кадэтаў і іх чароўных спадарожніц звяртаецца “дамы і спадары афіцэры”:

— У Гомельскай вобласці праходзіць першы кадэцкі баль. Гонар адкрыць гэтую старонку ў сучаснай гісторыі рэгіёна выпала менавіта вам. Я хачу, каб у нас адрадзілася такая традыцыя. Прычым менавіта балю — не дыскатэкі, а выдатнай цырымоніі, з захаваннем бальнага этыкету і вызначанага дрэс-коду, бо баль — гэта высакародныя манеры, танцы для душы. Арыстакратызм, гонар, прыгажосць — вось першыя словы, якія асацыіруюцца са словам “баль”.

Генадзь Міхайлавіч падкрэсліў, што невыпадкова месцам правядзення першага балю выбраны сапраўдны палац, які памятае гукі паланэза і вальса, французскую гаворку, шолах атласных сукенак:

— Уладальнікамі гэтага палаца былі два генерал-фельдмаршалы — Пётр Аляксандравіч Румянцаў і Іван Фёдаравіч Паскевіч. Думаю, вам, будучым афіцэрам, будзе цікава даведацца, што Іван Фёдаравіч Паскевіч у свой час выхоўваўся ў Пажскім корпусе Санкт-Пецярбурга. Там будучага генерал-фельдмаршала вучылі не толькі маршыраваць на пляцы, фехтаваць і валодаць зброяй, але і любіць Айчыну, разумець мастацтва, галантна ставіцца да дам, ведаць этыкет і ўмець танцаваць. Ва ўсе часы  чалавек у пагонах быў гарантам надзейнасці і доблесці. Спадзяюся, што новая эпоха баляў будзе спрыяць выхаванню эстэтычных прынцыпаў і глыбокай маральнасці.

Дарэчы, на балі ў Палацы Румянцавых і Паскевічаў быў свой распарадчык і гаспадыня — усё так, як два стагоддзі назад. Класічная музыка, арыі ў выкананні філарманічных спевакоў, складаныя нумары ад узорных танцавальных калектываў Рагачоўскага і Жлобін­скага раёнаў… Праграма балю атрымалася разнастайнай і насычанай.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.