×

Падарожжа ў свет народнага побыту

21.03.2020 15:44,

Урокі роднай мовы і літаратуры – гэта задушэўная песня, далучэнне да чароўных гукаў матчынага слова, да гісторыі і фальклору народа, гэта крыніца дабрыні, натхнення, пошуку.

Я працую ў вясковай школе. Тут працавалі мае настаўнікі, якія зрабілі значны ўплыў на выбар мною прафесіі педагога. Менавіта ў гэтай школе маладым спецыялістам я ўпершыню прыйшла ў клас да сваіх вучняў. Тут займаюцца навучэнцы з розным узроўнем навучанасці, з рознымі здольнасцямі. Адным вучыцца лёгка, іншыя засвойваюць матэрыял з цяжкасцямі. Вучэбны план прадугледжвае навучанне ўсіх, і неабходна зрабіць так, каб паспяховым стала кожнае дзіця, на кожным уроку.  

Мая задача як настаўніка роднай мовы і літаратуры не зводзіцца толькі да прывіцця вучням пэўных мовазнаўчых ведаў, уменняў і навыкаў. Яна значна шырэйшая – навучыць іх думаць і размаўляць на роднай мове, развіваць цікавасць да беларускага слова, роднай літаратуры, далучыць да духоўнай спадчыны нашых далёкіх продкаў. Выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму заўсёды было і застаецца важнай задачай выхавання маладога пакалення. Кожны з нас – носьбіт генетычнай памяці і асаблівай памяці душы. Самі таго не заўважаючы, мы карыстаемся мудрасцю свайго народа, трымаемся яго ўстановак. Знакавыя словы і фразы, прыказкі і прымаўкі, якія часта вымаўляюць у кожнай сям’і, – гэта не выпадковасць. Народная мудрасць вучыць нас дапамагаць і суперажываць. “Закінь наперад – назаўтра як знойдзеш”, – гаворыць дзецям мама, паўтараючы словы сваёй бабулі.

Акадэмік Д. С.Ліхачоў адзначаў: “Любоў да свайго роднага краю, да свайго народа, да далёкай мінуўшчыны, веданне яго гісторыі – аснова, на якой толькі і можа існаваць духоўная культура грамадства”. Ува многіх установах адукацыі створаны музеі, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай навучальна-выхаваўчага працэсу. У нашай школе створаны этнаграфічны музей “Сялянская хата”. Музей дае ўяўленне пра адну з найважнейшых галін традыцыйнай мастацкай культуры Беларусі – народныя мастацкія рамёствы і промыслы. Вучні школы маюць магчымасць разгледзець узоры традыцыйных мастацкіх вырабаў, вызначыць іх нацыянальную адметнасць, пазнаёміцца з найбольш пашыранымі відамі беларускага народнага мастацтва: разьбярствам, ганчарствам, ткацтвам. Бо менавіта гэтыя вырабы знаходзяцца ў нашым музеі.

На мой погляд, праца па пашырэнні ведаў пра народную спадчыну, пра свае карані вельмі важная. Краязнаўчая і этнаграфічная дзейнасць даюць магчымасць навучэнцам пазнаёміцца з родным краем, мінулым сваёй краіны, пачынаючы з малой радзімы, далучыцца да культурных, духоўна-маральных, працоўных традыцый нашага народа. З дапамогай вывучэння прадметаў народнага побыту фарміруецца сістэма ўяўленняў і поглядаў асобы, з’яўляецца ўнутраная патрэба ў спазнанні гісторыі свайго роду, сям’і, народа.

Вучні пачатковых класаў і старшакласнікі – частыя наведвальнікі музея. Тут цікава праходзяць інфармацыйныя і класныя гадзіны, выхаваўчыя мерапрыемствы, святы народнага каляндара. У час экскурсій вучні самі выступаюць у ролі экскурсаводаў. Урокі роднай мовы і літаратуры, пазакласныя мерапрыемствы, праведзеныя ў “Сялянскай хаце”, садзейнічаюць выхаванню патрыятычных пачуццяў вучняў, далучэнню іх да гістарычнага мінулага нашага народа.

Экспанаты музея – сабраныя ў жыхароў вёскі рэчы хатняга ўжытку, якімі карысталіся сяляне ў даўно мінулыя гады. Тут экспануюцца ткацкі станок, кросны ў зборы і да іх прасніца з льняной кудзеляй, самапрадка, драўляны грэбень, каса, серп, цэп для абмалоту збожжа, лапатка для ачысткі збожжа, розныя вырабы з дрэва: маслабойка, дзяжа і лапата для выпечкі хлеба і блінцоў, начоўкі рознай формы і памераў, жоран для размолу зерня на муку, жлукта для адбельвання бялізны, качалкі для прасавання бялізны, вілачнікі розных памераў. Таксама можна ўбачыць сялянскае адзенне, ручнікі, посцілкі, саламяныя і гліняныя вырабы, вырабы з лазовай і ліпавай кары.

Кожная названая рэч сялянскага побыту мае сваю гісторыю стварэння, атаясамліваецца з жыццём сваіх гаспадароў, жыхароў вёскі Вялікі Бор. Мноства павер’яў і прыкмет звязана з гэтымі рэчамі, якія мы павінны данесці да нашых нашчадкаў, а яны – да сваіх, каб зберагчы духоўную спадчыну продкаў. Так, вялікае значэнне ў даўніну надавалася будаўніцтву сялянскай хаты. Яно было звязана з разнастайнымі звычаямі, абрадамі. Гаспадары прыдзірліва выбіралі месца пад будаўніцтва хаты, звязвалі гэта з сімволікай дабрабыту і шчасця. Перавага аддавалася тым мясцінам, якія былі раней абжытымі, а “лес пад новую хату трэба было браць той, з якога смалу не спускалі”. Калі пачыналі будаваць новую хату, то на тым месцы, дзе яна павінна стаяць, ставілі чыгунок з павуком. Пачне ён ноччу “ткаць кросны” – месца пад хату выбрана добрае. Асноўнымі сімваламі дабрабыту ў сялянскай хаце былі хлеб і соль. Нашы прадзеды лічылі: як бы мала не было хлеба ў хаце, але калі сусед прыйшоў пазычыць яго, не трэба адмаўляць, а трэба падзяліцца нават апошнім. Тады заўсёды будзе хлеб на стале.

Шмат цікавага, незабыўнага, дзіўнага могуць нам расказаць звычайныя, на першы погляд, рэчы побыту нашых прадзедаў. Вера ў духоўную спадчыну нашых далёкіх продкаў дапамагала на жыццёвай дарозе многім пакаленням. Няхай жа і нашым сучаснікам яна дапаможа. Чалавек, які памятае пра свае вытокі, ведае свае карані, захоўвае памяць пра продкаў, – гэта моцны чалавек. І зусім не абавязкова адпраўляцца ў далёкія гарады і вёскі. Часам дастаткова наведаць школьны музей, зрабіць падарожжа ў свет народнага побыту. Жыццё ставіць перад намі шмат праблем, сярод якіх няма амаль ніводнай, што сваімі каранямі не была б звязана з нашым гістарычным мінулым, з нашай спадчынай.

Надзея КАРАБКОВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Велікаборскага дзіцячага сада-сярэдняй школы імя Б.І.Сачанкі Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці.