×

Пакроўскі кірмаш для матулі

18.10.2019 15:32,

“Кірмаш пачынаем, гасцей запрашаем!” — весела гучаў голос зазывылы. У гэты дзень з самай раніцы ў яслях-садзе № 6 Светлагорска было надзвычай весела і мітусліва. Усе: і бацькі, і супрацоўнікі, і выхаванцы — ведалі, што сёння ва ўстанове кірмаш. Ён быў прысвечены не толькі царкоўнаму святу Пакроваў, але і Дню маці, які сімвалічна адзначаюць у гэты дзень у нашай краіне. “Пакроўскі кірмаш для матулі” — так называлася свята.

У зале, якая пераўтварылася ў кірмашовую пляцоўку, сабраліся дзеці, работнікі ўстановы, бацькі выхаванцаў. Гандляры, у ролі якіх выступалі дзеці, запрашалі частавацца садавінай і гароднінай. Гаспадыня Восень, што завітала на свята, завабіла ўсіх у гульні і конкурсы. Хлопчыкі і дзяўчынкі спаборнічалі за званне найлепшага грыбніка, матулі разам са сваімі дзецьмі спраўна скакалі праз лужыны, трымаючы ў руках парасоны, а таты паказалі майстэрства ў нарэзцы цыбулі.

На працягу ўсяго мерапрыемства ў выкананні дзяцей гучалі вершы і песні, прысвечаныя матулі. Незабыўным момантам мерапрыемства стала “Дэфіле восеньскіх капелюшоў”. Галаўная ўборы, зробленыя рукамі выхаванцаў і іх бацькоў, захаплялі прыгажосцю і палётам фантазіі.

— Нам вельмі прыемна, што вы з энтузіязмам працуеце ў цесным супрацоўніцтве з дзецьмі, — звярнулася да бацькоў музычны кіраўнік установы арганізатар мерапрыемства Вераніка Уладзіміраўна Дзмітрыева.

— Падобныя мерапрыемствы аб’ядноўваюць дзяцей і бацькоў, спрыяюць развіццю іх творчых здольнасцяў. Мы, а галоўнае дзеці, вельмі цэнім удзел бацькоў у нашым жыцці.


Алена ШУСТ,
загадчык ясляў-сада № 6 Светлагорска.