×

Паўстагоддзя ў прафесіі

25.06.2019 15:28,

Сціплая, нешматслоўная, як многія інтэлігентныя людзі, аддае перавагу не завастраць на сабе ўвагу, традыцыйна кажучы збітую фразу “Напішыце, калі ласка, аб кім-небудзь іншым”. Гэта — пра Валянціну Мікалаеўну Рэшатаву, выхавальніцу групы прадоўжанага дня пачатковай школы № 65 Гомеля.

 Перада мной — чалавек, улюбёны ў сваю прафесію, з высокім пачуццём адказнасці, са шчырым жаданнем дапамагаць маладым калегам; чалавек, якога паважаюць і вопыт якога хочуць пераймаць.

Сівізна ў валасах не выдае ўзрост гэтага чалавека, а дзіўна падыходзіць Валянціне Мікалаеўне, быццам падкрэсліваючы мудрасць і багацце жыццёвага вопыту жанчыны. Успаміны дзяцінства і юнацтва напаўняюць душэўным зместам і цеплынёй пачуццяў кожнае слова, кожную бібліяграфічную дату маёй суразмоўніцы.

Па жыццёвым і працоўным шляху Валянціны Рэшатавай, здаецца, можна вывучаць геаграфію. Нарадзілася яна на Ашмяншчыне, а пяцігадовым дзіцем разам з бацькамі пераехала ў Крым, у Джанкой. Жанчына ўспамінае, што ўсе гаварылі на ўкраінскай мове, даводзілася прыслухоўвацца і вучыцца.

Скончыўшы школу, Валянціна вырашыла пасту­паць у Цюменскі педагагічны інстытут на гістарычны факультэт. Далей — знаёмства з будучым мужам — ваеннаслужачым, якое задало вектар яе далейшаму лёсу. Пачатак працоўнай дзейнасці настаўніцы быў у найпрыгажэйшым Забайкаллі. Тут яна 5,5 года працавала настаўніцай гісторыі ў вячэрняй школе.

І вось ужо новы горад — Магоча, які стаў няпростым выпрабаваннем для маладой жанчыны. Валянціна Мікалаеўна дзеліцца ўспамінамі, і на вачах з’яўляюцца слёзы. Станцыя з дзіўнай назвай Білі-туй у шасці кіламетрах ад савецка-кітайскай мяжы. Усяго тры дамы. Маразы, печкі, 2 бочкі вады на тыдзень і 6 доўгіх гадоў. Станцыя Шарловая гара, на якой адкрытым спосабам здабывалі вугаль. Узімку дзьмулі жудасныя вятры. Ні дрэў, ні абароны, ні прытулку. Тут жанчына працавала спачатку выхавальніцай у дзіцячым садзе, а потым стала яго загадчыцай.

Але лакаматыў жыццёвага шляху маёй суразмоўніцы ўсё імчыць наперад. Зноў пераезд. 1979 год. Сям’я пераязджае ў горад Чудноў, назву якому дала сама Кацярына II. Месца гэтае падарыла Валянціне Рэшатавай мноства прыемных успамінаў. Выкладанне гісторыі і шмат грамадскай нагрузкі. Старшы бібліятэкар і штатны лектар райвыканкама. І пастаяннае развіццё.

Але зноў пераезд. На гэты раз — у Германію. Там беларуская настаўніца выкладала ў школе для дзяцей з грамадзянскіх і ваенных сем’яў гісторыю і грамадазнаўства для навучэнцаў 8—10 класаў. Валянціна Мікалаеўна самастойна вывучыла нямецкую мову і свабодна размаўляла на ёй. Пяць гадоў выкладання, пяць гадоў тугі па Радзіме.

І вось 1986 год. Рэшатавы вяртаюцца ў Беларусь, на Гомельшчыну. Валянціна Мікалаеўна ўладкоўваецца на працу ў гомельскую сярэднюю школу № 35, дзе доўгі час выкладае свае прадметы — гісторыю і грамадазнаўства.

Многія гады В.М.Рэшатава была кіраўніком метадычнага аб’яднання настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства, вяла настаўніцкую работу сярод маладых педагогаў. У яе шмат заслуг і шмат былых вучняў, якія і сёння не забываюць любімага настаўніка.

З 2015 года Валянціна Мікалаеўна працуе выхавальніцай у пачатковай школе № 65 Гомеля. У чэрвені спаўняецца роўна 51 год, як яна працуе педагогам. Велізарная частка жыцця аддадзена гэтай прафесіі. Прафесіі, у якую яна па-сапраўднаму ўлюбёная.

Алена СЕМЯНЦОВА,
метадыст Гомельскага гарадскога метадычнага кабінета.