×

Педагагічны кірмаш

06.06.2019 14:55,

У канцы мая настаўнікаў-дэфектолагаў Кармянскага раёна сабраў педагагічны кірмаш, які прайшоў на базе дзяржаўнай установы адукацыі “Кармянскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі”.

Педагагічны кірмаш меў практычную накіраванасць і прадстаўляў рэкламу метадычных прадуктаў, распрацаваных настаўнікамі-дэфектолагамі груп (класаў) інтэграванага навучання і выхавання.

З дыдактычным дапаможнікам Lapbook па фарміраванні вымаўлення ў дзяцей дашкольнага ўзросту з агульным недаразвіццём маўлення прысутных азнаёміла настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада № 5 г.п. Карма Ірына Быкоўская. Настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада № 1 г.п. Карма Валянціна Чупругіна прапанавала наглядны дапаможнік “Складавічок” з серыі “Гульні з ліхтарыкам”.

Як працаваць з гульнявым дапаможнікам “Падарожжа з гукавічком” на карэкцыйных занятках з выхаванцамі з цяжкімі парушэннямі маўлення, паказала настаўнік-дэфектолаг санаторнага ясляў-сада № 2 г.п. Карма Таццяна Арцёмава. Удзельнікам педагагічнага кірмашу настаўнікам-дэфектолагам дзіцячага сада № 3 г.п. Карма Наталляй Лук’яненка быў прадстаўлены эфектыўны педагагічны вопыт па выкарыстанні дыдактычнай лялькі “Жабка-Гаварушка”.

Настаўнік-дэфектолаг Барсукоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Кармянскага раёна Вольга Дубавец расказала пра развіццё мыслення сродкамі матэматычнага матэрыялу. Прадэманстравала слоўнікава-арфаграфічную работу сродкамі мнеманічных прыёмаў настаўнік-дэфектолаг гімназіі г.п. Карма Святлана Міроненка. Настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 1 г.п. Карма Анастасія Іванова пазнаёміла з развіццём пазнавальнай дзейнасці ў вучняў класаў інтэграванага навучання і выхавання.

Дэманструючы метадычныя прадукты, настаўнікі-дэфектолагі імкнуліся прыцягнуць калег да актыўнага ўдзелу ў іх выкананні. Педагагічны кірмаш даў магчымасць азнаёміцца з эфектыўным педагагічным вопытам калег.

Алена ЦЕРАХАВА,
настаўнік-дэфектолаг Кармянскага раённага ЦКРНіР, кіраўнік метадычнага аб’яднання.
Фота аўтара.