×

Першая меддапамога ў сценах школы

15.04.2019 14:35,

Установы агульнай сярэдняй адукацыі зяўляюцца той адукацыйнай прасторай, дзе адбываецца не толькі прафесійнае, сацыяльнае і грамадзянскае самавызначэнне вучняў, але і фарміраванне іх здароўя.

Навучэнцы сярэдняй школы № 57 г. Гомеля ўжо дастаткова ведаюць пра здаровы лад жыцця і правільнае харчаванне. А нядаўна яны вучыліся, як правільна паводзіць сябе ў сітуацыях, калі неабходная тэрміновая медыцынская дапамога.

Так, у рамках работы рэсурснага цэнтра па захаванні здароўя навучэнцаў, які працуе ў нашай школе, прайшла акцыя, падчас якой вучні 9—11 класаў спасцігалі навыкі аказання першай медыцынскай дапамогі. Правесці такую акцыю ўдалося дзякуючы спецыялістам Гомельскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, а таксама навучэнцам і выкладчыкам Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа.

Класы, разбіўшыся на падгрупы па 6-7 чалавек, наведалі 9 станцый, на якіх будучыя медыкі вучылі юнакоў і дзяўчат аказанню першай дапамогі пры спыненні сэрца, раненнях, парэзах, траўмах і пераломах, транспарціроўцы пацярпелых. Таксама школьнікам расказалі, як правільна сачыць за чысцінёй зубоў, вымяраць артэрыяльны ціск і індэкс масы цела. Спецыялісты цэнтра гігіены і эпідэміялогіі правялі са старшакласнікамі міні-віктарыну па розных кірунках прафілактыкі шкодных звычак, у тым ліку наркаманіі, алкагалізму і курэння, а таксама па пытаннях здаровага харчавання.

Навучэнцы з задавальненнем удзельнічалі ў такіх майстар-класах, бо самі маглі апынуцца на месцы лекара, аказаўшы першую дапамогу ўмоўна траўміраванаму або хвораму. Пасля трэнінгаў кожны з пяці класаў атрымаў сертыфікат аб праходжанні курса першай медыцынскай дапамогі ў экстраннай сітуацыі. Таксама для дзяцей быў арганізаваны прагляд відэафільмаў аб здаровым ладзе жыцця.

Дзмітрый ЦЫБІЗАЎ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 57 Гомеля.