×

Першы партфель у падарунак

31.08.2019 11:55,

Днямі ў будынку адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля сабраліся матулі і таты са сваімі дзецьмі, якія сёлета ўпершыню сядуць за парты. 34 новенькія партфелі з усімі неабходнымі для першакласнікаў рэчамі чакалі хлопчыкаў і дзяўчынак.

Мерапрыемства адбылося ў рамках абласной акцыі “Збяром партфель першакласніку”, якая стартавала ў рэгіёне ў пачатку жніўня і ўжо падыходзіць да завяршэння. Падарункі дзеці атрымлівалі ад устаноў адукацыі і прадпрымальнікаў Цэнтральнага раёна абласнога цэнтра. У цэлым жа ў акцыі, накіраванай на дапамогу сем’ям, прымалі ўдзел прадпрыем­ствы, арганізацыі, установы, розныя ведамасныя структуры. Толькі ў гэтым раёне было ўручана больш за трыста партфеляў.


Вячаслаў Шцін.

Для дзяцей атрымалася свята, не менш. Яны з вялікім задавальненнем прымалі партфелі, адразу ж спрабавалі прымераць іх на свае маленькія плечы.

— Ого, цяжкавата, — з усмешкай выпаліў першакласнік Вячаслаў Шцін.

— У якую школу пойдзеш, Слава? — запытала начальнік аддзела адукацыі Цэнтральнага раёна Святлана Кухарава.

— У 27-ю!

— Мы ўпэўнены, школа будзе ганарыцца табой! — падбадзёрыла хлопчыка Святлана Леанідаўна.

— Спадзяюся, — па-даросламу сур’ёзна адказаў ён і пабег да таты, каб пляснуць яму ў далонь, як тое робяць, калі нешта добра атрымліваецца.

А вось Кацярыне Кацура партфель падаўся няцяжкім. Яна, хаця і завочна, са школьнымі буднямі знаёмая. У Каці — вялікая дружная сям’я, старэйшыя сястра і брат ужо даўно школьнікі. За падарункам дзяўчынка прыйшла з татам і двума брацікамі, меншаму з якіх няма і года.


Кацярына Кацура з татам і брацікамі.

Каго ні вазьмі з гэтых маленькіх гарэз — кожны з іх асоба, у кожнага ёсць свае мэты і свае чаканні ад першага настаўніка, першай кніжкі, першага ўрока.

Пачуцці бацькоў нам таксама вядомы: кожны хоча, каб школьнае жыццё яго дзіцяці было шчаслівым і плённым.

Акцыя “Збяром партфель першакласніку” — гэта дапамога і дзецям, і бацькам. Як правіла, яе ўдзельнікамі становяцца шматдзетныя і няпоўныя сем’і, сем’і, у якіх выхоўваюцца дзеці-сіроты, а таксама сем’і, што знаходзяцца ў складаным становішчы.

— Партфелі з неабходнымі рэчамі — гэта не ўся дапамога, — расказала старшыня Цэнтральнай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Сазонава. — Ад нашай раённай прафсаюзнай арганізацыі 114 сем’яў з ліку работнікаў устаноў адукацыі атрымалі таксама матэрыяльную дапамогу, на якую было выдзелена каля 6 тысяч рублёў. Яшчэ 55 сем’яў атрымалі грашовую падтрымку непасрэдна ад наймальнікаў — устаноў адукацыі, у якіх працуюць.

Усяго ў новым навучальным годзе школы, гімназіі і ліцэі Гомельскай вобласці прымуць 156 тысяч навучэнцаў. 17 тысяч з іх — першакласнікі.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.