×

Пляцоўка цікавага праекта, ці Чаму важна прасоўваць свае ініцыятывы?

20.06.2019 15:57,

 

Нядаўна мы расказвалі нашым чытачам пра цікавы вопыт вясковай школы па вырошчванні гародніны, які прывёў да значнага патаннення харчавання ў школьнай сталовай. Сёння азнаёмім вас з яшчэ адной ініцыятывай, якая таксама можа стаць прыкладам для іншых і натхніць на цікавыя ідэі ў гэтым кірунку.

Давыдаўская сярэдняя школа Светлагорскага раёна два гады назад стала адной з пляцовак па рэалізацыі праекта, накіраванага на здаровае харчаванне. У 2017 годзе аддзел адукацыі Светлагорскага райвыканкама прадставіў сваю ініцыятыву “Лабараторыя здаровага харчавання “ШкольнікАМ” у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам. Са 160 удзельнікаў праекта прапанова светлагорцаў стала пераможцай. На рэалізацыю ініцыятывы было выдзелена 29 тысяч долараў ЗША, а працаваць над ёй былі абраны тры школы: давыдаўская, асташкавіцкая і дуброўская.

Першай задачай стаяла арганізацыя інфармацыйна-адукацыйнай работы па пытаннях здаровага харчавання і папярэджання звязаных з харчаваннем неінфекцыйных захворванняў. У справу ўключыліся педагогі, навучэнцы і іх бацькі, а таксама спецыялісты раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, медыцынскія работнікі цэнтральнай раённай бальніцы. Пачаўся цыкл мерапрыемстваў, якія былі падзелены на модулі. Навучэнцы ўдзельнічалі ў правядзенні дзён здароўя, конкурсе фота- і відэаработ “Чатыры сезоны здароўя” і ў форуме “PRO-здароўе”, які ўключаў, акрамя розных семінараў і круглых сталоў, прэзентацыю даследчых работ вучняў па пытаннях здаровага харчавання. Але ўсё гэта толькі маленькая кропля ў моры таго, што ўключала ў сябе рэалізацыя праекта.

— Давыдаўская сярэдняя школа выступае цэнтрам рэалізацыі ініцыя­тывы, — тлумачыць дырэктар установы Святлана Маркевіч. — За кошт грантаў мы адрамантавалі харчаблок, абедзенную залу і дапаможныя памяшканні, закупілі мэблю, вытворчы інвентар, сталовы посуд, халадзільныя вітрыны. Для ўсіх трох пілотных школ былі закуплены параканвектаматы і агароднінарэзкі.

Як сцвярджае Святлана Сяргееўна, калі б школа не трапіла ў праект, пра гэта можна было толькі марыць, бо ўсё каштуе немалых грошай.

Навучанне — наступны этап. Аддзелам адукацыі Светлагорскага раёна была адкрыта анлайн-школа “Шэф-сакрэты здаровай кухні”, дзякуючы чаму кухары школьных сталовых рэгіёна прынялі ўдзел у майстар-класе “Сучасныя тэхналогіі падрыхтоўкі страў”. У якасці трэнераў выступілі тэхнолагі аддзела адукацыі, якія не толькі расказалі пра тэхналогію прыгатавання гарачых страў у параканвектамаце, але і паказалі гэта на практыцы. Падчас заняткаў у анлайн-школе былі распрацаваны тэхналагічныя карты са школьнага меню для падрыхтоўкі страў у сучаснай машыне.

Для дзяцей і бацькоў лабараторыя здаровага харчавання “Школьні кАМ” таксама запусціла правядзенне майстар-класаў, якія, дарэчы, мелі вялікую папулярнасць. Пачалі з карысных бутэрбродаў і снеданняў. На дзіцячых майстар-класах школьнікі вучыліся гатаваць лёгкія салодкія бутэрброды з ківі і хурмой і больш сытныя — з мясам і гароднінай, рабілі фруктовыя салаты, запраўленыя ёгуртам.

Акрамя таго, і бацькі прайшлі школу здаровага харчавання. Зразумела, кожная матуля ўмее гатаваць і не адправіць сваё дзіця на вучобу без снедання, але наўрад ці ўсе задумваюцца пра ка­рысць ежы. На майстар-класах мамы і таты засвойвалі тэхналогію прыгатавання прасянай кашы з гарбузом, фруктовага плову і тварожнай запяканкі з сухафруктамі.

— Калі ідэю падтрымліваюць усе: кухары, педагогі, бацькі і самі дзеці, — тады і вынік добры, — упэўнена Святлана Сяргееўна. — Майстар-класы былі запісаны і выкарыстоўваюцца як відэа­ўрокі для кухараў школьных сталовых, вучняў і іх бацькоў у іншых установах адукацыі Светлагорскага раёна.

Вядома, тое, што апісана вышэй, важна для рэалізацыі праекта, аднак дзейнасць лабараторыі здаровага харчавання не абмяжоўваецца толькі сценамі ўстановы адукацыі. Значную нагрузку ва ўсім працэсе выконвае лабараторыя пад адкрытым небам — вучэбна-вопытны ўчастак у 85 сотак побач са школай.

Дырэктар давыдаўскай школы расказала, што карысць такой лабараторыі двайная. Па-першае, вырашчанае на ўчастку накіроўваецца на школьнае харчаванне. Па-другое, вучэбна-вопытны ўчастак установы служыць паглыбленню ведаў вучняў, развіццю цікавасці да прыроды, далучэнню да сельскагаспадарчай працы. Тут праводзяцца ўрокі і практычныя заняткі па біялогіі і вядзенні сельскай гаспадаркі, праходзіць работа гурткоў “Юныя натуралісты”, “Ланд­шафтны дызайн”, “Кветкаводства”.

Прышкольны ўчастак строга прадуманы і падзелены на аддзелы. 25 сотак займаюць пладова-ягадныя культуры: пасаджаны кусты парэчкі і маліны, яблыневы сад, які сёлета абнавілі, высадзіўшы 40 саджанцаў розных тэрмінаў паспявання. Увосень плануецца высадзіць яшчэ не менш за 30 кустоў парэчак. Ягады, якія паспеюць на прышкольным участку, бу­дуць выкарыстоўвацца як у свежым, так і замарожаным выглядзе.

Пяць сотак займае аддзел агароднінных культур і калекцыйны аддзел, у які ўваходзяць палявыя, араматычныя культуры і лекавыя расліны. Гэта добрая пляцоўка для правядзення даследчых работ па сортавыпрабаванні, вывучэнні тэрмінаў пасеваў сельскагаспадарчых культур, біялагічных спосабаў барацьбы са шкоднікамі, для нарыхтоўкі калекцыі і раздатачнага матэрыялу.

Аддзел кветкава-дэкаратыўных куль­тур — адзіны, які не мае дакладных меж, бо яго задача — не толькі быць пляцоўкай вучнёўскіх біялагічных даследаванняў, але і ўпрыгожваць тэрыторыю ўстановы. У гэтым годзе давыдаўская школа стала пераможцай абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Упрыгожым Беларусь кветкамі” ў намінацыі “Кветкавая клумба”.

Знайшлося месца і для аддзела абароненага грунту — цяпліца, дзе пасадзілі раннія гатункі агуркоў, а таксама расаду таматаў і перцаў. Усё гэта ў свежым выглядзе пойдзе на смачныя і карысныя салаты для навучэнцаў. Дарэчы, унутранае планаванне цяпліцы — вучнёўская работа, праект-пераможца школьнага конкурсу на лепшы дызайн плошчы цяпліцы.

Адзін з найважнейшых аддзелаў — вытворчы — займае плошчу ў 35 сотак. Сёлета тут вырошчваюць бульбу, буракі, цыбулю, капусту, моркву. Дапамогу ў падрыхтоўцы глебы аказалі навучэнцы 10 класа Парыцкай сярэдняй школы, на базе якой арганізавана працоўнае навучанне.

— Мы плануем сабраць нядрэнны ўраджай, — дзеліцца Святлана Маркевіч. — Па папярэдніх падліках, у сярэднім мы атрымаем 1700 кг бульбы, па 50 кг цыбулі і морквы, 150 кг буракоў, столькі ж капусты. Бо вырашчаная сваімі рукамі прадукцыя часткова вызваліць нас ад неабходнасці закупляць агародніну і садавіну, дасць магчымасць зменшыць кошт харчавання ў школьнай сталовай.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.