×

Попыт перавышае прапанаванне: якія ўмовы чакаюць маладых спецыялістаў у лясгасах краіны

14.12.2019 11:58,

Каля дваццаці студэнтаў спецыяльнасці “Лясная гаспадарка” біялагічнага факультэта ГДУ імя Францыска Скарыны атрымалі накіраванні на першае рабочае месца ў лясгасы краіны. У вядучай ВНУ Палесся прайшло дзяржаўнае размеркаванне.

Камісію ўзначаліў рэктар, док­тар фізіка-матэматычных навук, дацэнт Сяргей Хахомаў, які звярнуў увагу студэнтаў на тое, што попыт на спецыялістаў лясной гаспадаркі на прадпрыемствах вобласці перавышае колькасць выпускнікоў.

— Прадпрыемствы лясной гаспадаркі дасылаюць ва ўніверсітэт імянныя запыты. Сёлета Гомельскі доследны лясгас запрасіў чатырох выпускнікоў, якія будуць праца­ваць памочнікамі ляснічага і майстрам лесу. Сярэдняя зарплата гэтых спецыялістаў на прадпрыемстве складае каля 1100 беларускіх рублёў. Умовы пражывання — наём жылля з кампенсацыяй за кошт лясгаса, — паведаміў Сяргей Анатольевіч.

Сярод юнакоў, размеркаваных у Гомельскі раён, студэнт 4 курса біялагічнага факультэта Дзмітрый Гаруля. Лясная гаспадарка ніколі не была марай маладога чалавека, аднак, відаць, лёсам так было наканавана. У апошні момант па дадатковым наборы ён паступіў на гэтую спецыяльнасць і ніколі за гады навучання не пашкадаваў.

— Наша прафесія важная, патрэбная грамадству, у ёй шмат нюансаў, бо лес — гэта дзяржаўная маёмасць і вельмі вялікая адказнасць. На мой погляд, у рабоце ляснічага галоўнае — дакладнасць, дапытлівасць, стараннасць і жаданне развівацца, — лічыць без пяці хвілін малады спецыяліст Дзмітрый Гаруля.

З 19 студэнтаў бюджэтнай формы навучання 5 чалавек атрымалі рабочыя месцы ў адпаведнасці з дагаворамі аб мэтавай падрыхтоўцы. Некалькі чалавек накіравана нават у Брэсцкую вобласць. Размеркаванне прайшло хутка, гладка і аператыўна, што тлумачыцца правядзеннем вялікай папярэдняй работы на ўзроўні лясгасаў, дзяржаўных вытворчых лесагаспадарчых аб’яднанняў, Міністэрства лясной гаспадаркі і Гомельскага ўніверсітэта.

— Біялагічны факультэт мае добрыя кантакты з Інстытутам лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Каранёўскай эксперыментальнай лясной базай, іншымі вытворчымі аб’яднаннямі. У працэсе навучання нашы студэн­ты маюць выдатныя магчымасці для азнаямлення з найноўшымі тэхналогіямі, навуковымі даследаваннямі, практыкай рэальнай работы на месцах, — тлумачыць дэкан факультэта, доктар біялагічных навук, прафесар Віктар Аверын. — Наша адметнасць таксама ў тым, што выпускнікі факультэта да паступлення ва УВА ў пераважнай большасці пражывалі на забруджаных тэрыторыях. Яны псіхалагічна і эмацыянальна больш прыстасаваныя да работы ў лясгасах вобласці, чым выпускнікі сталічных УВА.

Большасць выпускнікоў спецыяльнасці “Лясная гаспадарка” стане інжынерамі, памочнікамі ляснічага, майстрамі лесу і будзе атрымлі­ваць заработную плату ў памеры каля 1000 рублёў. Відавочна, што прэстыж гэтай прафесіі не падае. Наадварот, яна становіцца ўсё больш актуальнай. Перад маладымі спецыялістамі адкрываюцца шырокія перспектывы кар’ернага росту і навукова-даследчай дзейнасці.

Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.