×

“Пошук” для юных даследчыкаў

05.11.2019 14:27,

Пачатак правядзення абласной навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў “Пошук” на Гомельшчыне быў пакладзены ў 2005 годзе і ахопліваў матэматыку і інфармацыйныя тэхналогіі.

На першай канферэнцыі было прадстаўлена каля 30 даследчых работ, а месцам правядзення арганізатары выбралі гомельскую сярэднюю школу № 8. Сёння да публічнай абароны вынікаў даследаванняў у рамках абласной навукова-практычнай канферэнцыі арганізоўваецца работа 17 прадметных секцый, а для ўдзе­лу ў ёй навучэнцы штогод накіроўва­юць у сярэднім 500 работ.

Сёлетні “Пошук” сабраў юных даследчыкаў у Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Адкрыў канферэнцыю рэктар установы, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Віктар Акуленка. Ён адзначыў, што даследчая дзейнасць школьнікаў — гэта для многіх першыя ўпэўненыя крокі ў навуку, а тое, што кожны год сотні юнакоў і дзяўчат з усёй вобласці імкнуцца да ўдзелу ў навукова-практычнай канферэнцыі, гаворыць аб тым, як шмат на Гомельшчыне таленавітых маладых людзей.

На пленарным пасяджэнні былі прадстаўлены цікавыя даклады выкладчыкаў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Так, загадчык кафедры фінансаў і крэдыту эканамічнага факультэта Вольга Башлакова гаварыла пра фінансавую дасведчанасць як дэтэрмінанту ўстойлівага эканамічнага развіцця. Дацэнт кафедры аўтаматызаваных сістэм апра­цоўкі інфармацыі факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій Андрэй Варуеў разгледзеў сучасныя сеткавыя асяроддзі. Выкладчык кафедры матэматычных праблем кіравання і інфарматыкі факультэта матэматыкі і тэхналогій праграмавання Дзяніс Гурскі ў сваім выступленні расказаў пра машыннае навучанне і штучныя нейронавыя сеткі.

Далей навучэнцы разышліся па сваіх секцыях, дзе іх чакала публічная абарона даследаванняў. Гэта самы адказны момант. Не дастаткова проста правесці даследаванне і апісаць яго на паперы — важна ўмець прадставіць сваю работу, суправаджаючы выступленне прэзентацыяй, і адказаць на ўсе пытанні экспертнай камісіі. Тут патрэбны і веды, і эрудыцыя, і ўменне абгрунтаваць свае гіпотэзы, і, канечне, талент красамоўства.

У гэтым годзе для ўдзелу ў Гомельскай абласной навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў па прыродазнаўчым і сацыяльна-гуманітарным кірунках “Пошук” навучэнцы ўстаноў адукацыі вобласці прадставілі 467 даследчых работ. 193 з іх былі дапушчаны экспертнымі камісіямі, у склад якіх увайшлі выкладчыкі Гомельскага дзяржуніверсітэта, да абароны.

Варта адзначыць, што разам са школамі, ліцэямі і гімназіямі Гомеля і раённых цэнтраў актыўны ўдзел у “Пошуку” прымаюць сельскія ўстановы адукацыі. З кожным годам колькасць вясковых школьнікаў расце амаль у кожнай секцыі. Сёлета найбольш цікавымі для вучняў вясковых школ былі такія прадметы, як матэматыка, беларуская літаратура, нямецкая мова, біялогія. Больш за ўсё юных даследчыкаў было з Чачэрскага, Ельскага, Петрыкаўскага, Гомельскага і Буда-Кашалёўскага раёнаў. І няхай не ўсе яны апынуліся ў ліку пераможцаў, затое атрымалі добры вопыт.

Разнастайнасць навуковых захапленняў навучэнцаў прыемна здзівіла членаў журы. У ходзе канферэнцыі можна было пачуць пра даследаванне хімічнага складу тушы для веек, выраб і выпрабаванне лабараторных узораў паперы з прыроднай сыравіны, пра рэстаўрацыю манет у дамашніх умовах, пра перспектывы развіцця краязнаўчых маршрутаў ва ўмовах Гомеля і многае іншае.

Ціхенька адчыняю дзверы ў аўдыторыю, у якой ідзе абарона работ па беларускай лінгвістыцы. Прыгожая беларуская мова лашчыць слых. Выступаць першым складана: ніколі не ведаеш настрою журы і не ведаеш, як гэтая пэўная аўдыторыя гатова ўспрымаць сапернікаў. А калі яшчэ ў экспертнай камісіі — доктар філалагічных навук прафесар Вольга Аляк­сееўна Ляшчынская, то, здаецца, нават я, чалавек дарослы, гублялася б. Але сучасныя юнакі і дзяўчаты больш смелыя і ўпэўненыя, чым маё пакаленне. Яны прыйшлі сюды прадставіць сваю работу, даказаць, што выбраная тэма актуальная і важная, і яны не рэагуюць на камеры, пстрычкі затвораў і дапытлівых журналістаў.

Яшчэ больш няўпэўнена я, гуманітарый, адчуваю сябе сярод юных матэматыкаў. А яны шпарка выводзяць на дошцы формулы, з лёгкасцю адказваюць на пытанні прафесараў Сяргея Фёдаравіча Каморнікава, Аляксандра Фёдаравіча Васільева, іншых экспертаў і недзе нават спрачаюцца з вучонымі.

А вось аўдыторыя, дзе сабраліся знаўцы французскай мовы. Слухаеш і не можаш адарвацца, хаця не разумееш ніводнага слова. Гэта як песня на невядомай табе мове: не ведаеш, пра што ў ёй, але прыгожа. Пакуль адзін удзельнік абараняецца, іншыя — хто ўважліва слухае, хто рыхтуецца да выступлення, праглядаючы пазначаныя на паперы тэзісы. І так у кожнай секцыі. Калі трапляеш на цікавую даследчую работу і добрага прамоўцу, хочацца затрымацца. Ты дарослы, вопытны чалавек, але колькі ўсяго ты яшчэ не ведаеш! І вось з’яўляецца магчымасць павучыцца ў дзяцей.

Па выніках канферэнцыі дыпломамі І, ІІ і ІІІ ступені былі ўзнагароджаны 95 навучэнцаў. Для мяне кожны ўдзельнік “Пошуку” — пераможца, бо кожны правёў вялікую работу: шукаў актуальную тэму, працаваў з крыніцамі, аналізаваў, рабіў высновы. Аднак экспертныя камісіі ацэньвалі даследаванні навучэнцаў адпаведна зацверджаным крытэрыям, без лішніх эмоцый. Інакш нельга, бо тыя юнакі і дзяўчаты, якія атры­маюць перамогу ў абласной навукова-практычнай канферэнцыі, прадставяць вобласць на рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару навучэнцаў па вучэбных прадметах, а гэта сур’ёзная канкурэнцыя і прэстыж Гомельшчыны.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.