×

Прадпрымальнікаў вырошчваюць з садка

11.01.2020 12:07,

Развіццю ў навучэнцаў прадпрымальніцкіх кампетэнцый і фінансавай дасведчанасці было прысвечана пасяджэнне Гомельскага абласнога метадычнага савета. Дарэчы, гэтае пытанне разглядалася падчас абласных семінараў для розных катэгорый педагагічных работнікаў вобласці на працягу 2018/2019 навучальнага года. Надышоў час падвесці вынікі і ацаніць назапашаны вопыт.

Важнае значэнне для развіцця прадпрымальнасці навучэнцаў мае дзейнасць вучэбных бізнес-кампаній. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Гомельскай вобласці іх 15: у Буда-Кашалёўскім, Ельскім (6), Добрушскім (2), Лоеўскім (2), Петрыкаўскім (2), Хойніцкім раёнах і Цэнтральным раёне Гомеля. У іх вучацца больш за 160 чалавек. Гэтыя бізнес-кампаніі займаюцца шырокім спектрам паслуг: ад вырошчвання сельскагаспадарчай прадукцыі да вырабу сувеніраў.

Найбольш паспяховыя з іх — “Палітра” Ельскай раённай гімназіі і кампанія Казялужскай сярэдняй школы Хойніцкага раёна, дзе займаюцца выпускам паліграфічнай прадукцыі.

Чарговае пасяджэнне абласнога метадычнага савета прайшло ў Роўкавіцкім яслях-садзе — сярэдняй школе Чачэрскага раёна. Быў прадстаўлены вопыт работы ўстаноў Чачэрскага раёна па развіцці фінансавых і прадпрымальніцкіх навыкаў у навучэнцаў. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Чачэрскага райвыканкама Ганна Гулевіч адзначыла, што пытанні фінансавай дасведчанасці і развіцця маладзёжнага прадпрымальніцтва займаюць важнае месца ў адукацыйным працэсе.

Адной з важных падзей з’яўляецца раённы этап алімпіяды па фінансавай дасведчанасці. Пераможцы гэтай алімпіяды штогод узнагароджваюцца прэміямі Чачэрскага райвыканкама.

Работа пасяджэння асвятлялася ўдзельнікамі школьнай TV-кампаніі. Дзеці ўзялі шэраг інтэрв’ю ва ўдзельнікаў. Старшакласнікі цікавіліся меркаваннем педагогаў пра тое, ці варта дзецям да­ваць кішэнныя грошы, ці патрэбен спецыяльны вучэбны прадмет для фарміравання фінансавай дасведчанасці. Разам з педагогамі сваімі ідэямі па павышэнні фінансавай дасведчанасці дзяцей падзяліліся прадстаўнікі ААТ “Беларусбанк”.

Удзельнікам быў прадстаўлены цікавы вопыт настаўніка беларускай мовы і літаратуры Васіля Рудабельца (Роўкавіцкі яслі-сад — сярэдняя школа), якому была даручана рэалізацыя школьнага праек­та “Ад гульні — да рэальных грошай”. У праект уключаны ўсе навучэнцы школы. Акрамя правя­дзення гульняў і віктарын, у гэтым навучальным годзе дзеці вырошчваюць расаду вулічных кветак, а таксама хатнія расліны. Выручаныя ад продажу расады грошы плану­юць укласці ў развіццё бізнес-кампаніі і вырошчваць на продаж папулярныя кветкі — архідэі.

Лідарам у развіцці прадпрымальніцкай дзейнасці ў раёне з’яўляецца Залескі яслі-сад — сярэдняя школа Чачэрскага раёна. Ва ўстанове на адным гектары доследнага ўчастка вырошчва­юць парэчкі, агрэст, буякі, клубніцы, маліны, грыбы, пекінскую капусту, баклажаны, балгарскі перац, памідоры. У межах праекта “Школьны сад” вырошчваюцца, у тым ліку для продажу, саджанцы элітных гатункаў пладовых дрэў. За сезон навучэнцы і педагогі вырошчваюць да тоны ягад. На продажы расады, саджанцаў, ураджаю зарабляюць да 5000 рублёў. Штогод школьная бізнес-кампанія рэалізоўвае новыя праекты. Дырэктар установы Яўген Цалко падзяліўся ідэямі наконт пасадкі абрыкосавага саду і развіцця адукацыйнага агратурызму.

Для развіцця дзіцячага прадпрымальніцтва ў Чачэрску дырэк­тар раённага Дома творчасці дзяцей і моладзі Антон Марозаў прапанаваў рэалізацыю праекта “Школа новых магчымасцей”. Кіраваць ім будзе малады педагог, які мае педагагічную і эканамічную адукацыю, Алег Кабановіч. Для правядзення трэнінгаў з дзецьмі запрошаны сертыфікаваны бізнес-трэнер з Гомеля. Настаўнікі і навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна прадэманстравалі фрагменты ўрокаў, майстар-класы, інсцэніроўкі, прысвечаныя фарміраванню фінансавай дасведчанасці.

Удзельнікі пасяджэння ацанілі свае прадпрымальніцкія здольнасці падчас майстар-класа, які правяла Алена Жылінская. Педагог-псіхолаг ясляў-сада № 4 Чачэрска раскрыла свае сакрэты псіхолага-педагагічнага суправаджэння фарміравання і развіцця фінансавай дасведчанасці навучэнцаў.

Усе ўдзельнікі атрымалі ў падарунак каляндар на 2020 год з QR-кодам, які дае доступ да матэрыялаў, прадстаўленых на пасяджэнні абласнога метадычнага савета. Прынята рашэнне даць станоўчую ацэнку вопыту работы Чачэрскага раёна і рэкамендаваць яго да распаўсюджвання ў Гомельскай вобласці.

Штогод сумесна з Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь праводзіцца алімпіяда па фінансавай дасведчанасці моладзі. У 2019 годзе ў першым этапе алімпіяды прынялі ў­дзел 4787 навучэнцаў з 324 устаноў адукацыі Гомельшчыны.

Вольга БЛАЖКО,
прарэктар па вучэбнай рабоце Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.