×

Праект, які аб’ядноўвае прафесіяналаў

23.11.2019 14:25,

Выкладанне замежнай мовы ва ўстановах адукацыі сёння прынцыпова адрозніваецца ад таго, што было два дзясяткі гадоў назад. Галоўнае адрозненне ў тым, што зараз у аснове ляжыць авалоданне гутарковай мовай, каб, трапіўшы аднойчы ў іншамоўнае асяроддзе, чалавек не губляўся ад таго, як выказаць думку, маючы ў памяці пэўны слоўнікавы запас, а мог лёгка падтрымаць любы бытавы дыялог.

Зараджэнне настаўніцкага праекта

Настаўнікам, якія зацікаўлены ў добрым выкладанні свайго прадмета, заўсёды неабходна вучыцца самім. А калі мы гаворым пра замежную мову, то тут як найважнейшае можна абазначыць міжнароднае супрацоўніцтва, прафесійныя і студэнцкія абмены, якія даюць магчымасць паглыбіцца ў моўнае асяроддзе.

З 2014 года ў нямецкім Хольцміндэне існуе праграма маўленчай практыкі для маладых настаўнікаў з Беларусі, якія выкладаюць нямецкую мову ў навучальных установах. Гэта сумесны праект, які ажыццяўляецца арганізацыяй “Круглы стол Хольцміндэн — Беларусь”. Сваю дзейнасць у нашай краіне арганізацыя пачала ў пачатку 90­х гадоў з аказання гуманітарнай дапамогі аднаму з беларускіх гарадоў. Далей пад эгідай “Круглага стала” з’явілася студэнцкая праграма для будучых медыкаў з магчымасцю стажыравацца ў евангелісцкай бальніцы Хольцміндэна.

Шэсць гадоў назад нямецкая арганізацыя прыняла рашэнне аб пашырэнні супрацоўніцтва. Яе старшыня доктар Корд Манегольд і дырэктар прафадукацыйнай школы Georg­von­Langen­Schule Андрэас Хёльцхен далі старт настаўніцкаму праекту, кіраўніком якога стаў Дзітрых Фогель. З гэтага моманту 12 настаўнікаў Гомельшчыны — Вольга Батракова з Мазыра, Ірына Кузняцова, Вольга Болсун і Кацярына Марчанка з Гомеля, Сяргей Гаўрылавец, Вячаслаў Сініцын, Вераніка Бабовіч, Вера Малых з Лельчыцкага раёна, Вольга Зарэцкая і Алена Пракапенка са Жлобіна, Марыя Радчанка з Хойнікаў і Вольга Федарук з Кармы — прайшлі маўленчую практыку ў школе Хольцміндэна.

— Дзіўнае і нават сімвалічнае наша ўключэнне ў гэты праект, — расказвае каардынатар праекта, выкладчык нямецкай і англійскай моў, член савета Беларускай асацыяцыі выкладчыкаў англійскай мовы, член Міжнароднай асацыяцыі выкладчыкаў англійскай мовы Людміла Васільеўна Ярохіна. — Выпускніца гімназіі № 56 Гомеля Алёна Цімафеенка працавала ў бальніцы Хольцміндэна ўрачом і з’яўлялася членам арганізацыі “Круглы стол Хольцміндэн — Беларусь”. Калі зайшла размова аб настаўніцкім праекце, яна напісала ліст у родную гімназію.

Канверт з пісьмом уручылі Людміле Васільеўне, якая шмат гадоў выкладала замежную мову ў гімназіі. Чаму менавіта ёй? Мне падаецца таму, што кіраўніцтва ўстановы ведала: зацікаўленасць і адказ­насць гэтага чалавека прывядзе да станоўчых вынікаў.

— Ніколі не забуду той дзень, калі мне перадалі канверт з пісьмом, — успамінае настаўніца. — Думалася пра тое, наколькі выдатная магчымасць з’явілася для маіх калег, асабліва маладых. А далей — перапіска, знаёмства з кіраўніком праекта Дзітрыхам Фогелем і сябрамі арганізацыі, педкалектывам Georg­von­Langen­Schule. І ўсё гэта вылілася ў цудоўны, крэатыўны і такі неабходны для двух бакоў праект.

Штогод двое маладых настаўнікаў па гасцявой праграме праводзяць каля пяці тыдняў у школе Хольцміндэна. Яны не толькі знаёмяцца з методыкай выкладання і сістэмай адукацыі ў Германіі, наведваюць урокі кваліфікаваных калег, свабодна размаўляюць на нямецкай і англійскай мовах з калегамі і вучнямі, але і самастойна праводзяць урокі з прэзентацыямі, знаё­мяць нямецкіх сяброў са сваімі методыкамі.

У мінулым го­дзе па запрашэнні арганізацыі “Круглы стол Хольцміндэн — Беларусь” каардынатар праекта Людміла Ярохіна і ўдзельніца вучэбнай праграмы Ірына Кузняцова наведалі Хольцміндэн, дзе прынялі ўдзел у канферэнцыі. У прысутнасці старшыні зямельнага савета Ангелы Шурцэберг, кіраўніка праекта Дзітрыха Фогеля, старшыні “Круглага стала” Корда Манегольда, дырэктара Georg­von­Langen­Schule Андрэаса Хёльцхена, члена вучэбнага савета Франка Хішара ішла сур’ёзная размова пра значнасць настаўніцкага праекта, пра тое, што ўдзельнікі праграмы не толькі прывозяць сертыфікаты аб стажыроўцы ў еўрапейскай школе і ўражанні аб краіне, мова якой вывучаецца, але і велізарнае жаданне прымяніць атрыманыя веды ў рабоце з навучэнцамі. Акрамя таго, пасля такой практыкі яны адчуваюць сябе больш упэўнена.

У сваім выступленні на канферэнцыі Людміла Ярохіна падкрэсліла важнасць двухбаковага абмену выкладчыкамі і студэнтамі. Яна адзначыла, што прафесіяналізм беларускіх педагогаў, іх напрацоўкі таксама могуць быць цікавыя нямецкім калегам і запрасіла арганізатараў настаўніцкага праекта наведаць Гомель, азнаёміцца з нашай сістэмай адукацыі.

Запрашэнне было прынята, і гэтай восенню кіраўнік праекта Дзітрых Фогель і два выкладчыкі Georg­von­Langen­Schule Франк Хішар і Міхаэль Шындэвольф правялі тры дні ў Гомелі.

Візіт на Гомельшчыну

У першы дзень нямецкая дэлегацыя наведала Брылёўскую сярэднюю школу Гомельскага раёна. У гэтай вясковай школе многія навучэнцы вывучаюць нямецкую мову на павышаным узроўні, здаюць экзамен на валоданне нямецкай мовай у Інстытуце Гётэ і атрымліваюць пэўныя сертыфікаты. Штогод вучні школы становяцца пераможцамі Рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове.

Гасцям былі прапанаваны два ўрокі нямецкай мовы — у 4 і 10 класах, якія правялі настаўнікі Р.В.Шчэрбін і Г.Я.Шуніна, а таксама спектакль на нямецкай мове “Маленькі прынц” па аднайменным творы Антуана дэ Сент­Экзюперы і канцэрт. Пасля адбыўся круглы стол “Сустрэчы — шлях да ўзаемаразумення ў галіне культуры і адукацыі”. Прадстаўнікі нямецкага боку адзначылі высокі ўзровень ведаў вучняў і выдатнае валоданне настаўнікамі методыкай выкладання. Уразіла іх аснашчэнне вучэбных кабінетаў і эстэтычнае афармленне класаў, прыязная, дэмакратычная атмасфера ў школьным калектыве.

У планах другога дня была гомельская гімназія № 56 імя А.А.Вішнеўскага — установа, з якой пачыналіся першыя крокі гамяльчан у прапанаваны немцамі настаўніцкі праект. У гімназіі прадэманстравалі трохступеньчатую сістэму адукацыі: пачатковае, сярэдняе і старшае звяно. Высокую ацэнку атрымалі ўрокі англійскай мовы ў 4 і 10 класах, якія правялі настаўнікі А.Ф.Шастакова і Н.Г.Данчанка. Паказалі нямецкім калегам таксама аздараўленчую работу з навучэнцамі і запрасілі іх на ўрок фізкультуры ў 5 класе, які правяла настаўніца Л.П.Баевіч.

Галоўным пунктам апошняга дня візіту была сустрэча з рэктарам Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны. Рэктар універсітэта Сяргей Хахомаў, дэкан факультэта замежных моў Алена Сажына і начальнік аддзела міжнародных сувязей Аляксандр Грахоцкі ў гутарцы з прадстаўнікамі школы Міхаэлем Шындэвольфам і Франкам Хішарам, кіраўніком настаўніцкага праекта Дзітрыхам Фогелем абмеркавалі праект, які прадугледжвае атрыманне вопыту практыкі ў непасрэдных зносінах з носьбітамі мовы і паспяхова рэалізоўваецца сёння дзвюма краінамі. Кіраўніцтва ўніверсітэта выказала падтрымку ініцыятывы пашырэння праекта і гатоўнасць да супрацоўніцтва, таму не выключана, што ў хуткім часе ён атрымае нейкі новы кірунак. Але і сёння можна гаварыць пра знач­насць і каштоўнасць некалі прапанаванага “Круглым сталом Хольцміндэн — Беларусь” праекта, які даў добры старт педагогам Гомельшчыны.

— Настаўнікі, якія прайшлі стажыроўку, не толькі паляпшаюць свае моўныя навыкі, наведваюць заняткі, аналізуюць прыёмы і метады выкладання ў Германіі, але і трансліруюць свой вопыт нашым выкладчыкам, — адзначыў кіраўнік праекта Дзітрых Фогель.

Менавіта дзякуючы гэтаму чалавеку і яго аднадумцам Міхаэлю Шындэвольфу і Франку Хішару, у гомельскіх педагогаў ёсць такая магчымасць. Вялікі ўклад у жыццё праекта ўносіць так званая бібліятэ­ка Дзітрыха. Гэта кнігі па выкладанні нямецкай мовы, падораныя гамяльчанам Дзітрыхам Фогелем і яго сябрамі. Сёння бібліятэкай актыўна карыстаюцца многія настаўнікі Гомельшчыны, выкарыстоўваючы на сваіх уроках знойдзены ў кнігах цікавы матэрыял. Адна з апошніх кніг — выкладанне нямецкай мовы як другой мовы, выпушчанае ў Германіі ў дапамогу настаўнікам, якія выкладаюць у класах, дзе вучацца дзеці бежанцаў. Такая кніга ў многім можа быць цікавай для беларускіх настаўнікаў.

Каардынатар настаўніцкага праекта Людміла Ярохіна называе Дзітрыха Фогеля не інакш як бацькам праекта. Ён юрыст па адукацыі і не адносіць сябе да педагогаў, але, па словах Людмілы Васільеўны, на самай справе з’яўляецца рухавіком педагагічнага працэсу.

— Гэта разумны, мэтанакіраваны, з тонкім пачуццём гумару чалавек, які ставіць на крыло маладых настаўнікаў — удзельнікаў праекта, — расказвае мая суразмоўніца. — Разам з аднадумцамі дырэктарам школы Андрэасам Хёльцхенам, доктарам Кордам Манегольдам і іншымі людзьмі, якія ўключаюцца ў праграму, яны забяспечваюць разам з вучобай і шырокую культурную праграму для настаўнікаў з Беларусі.

Па традыцыі, маладыя настаўнікі — ­удзельнікі праекта высаджваюць на тэрыторыі школы ў Хольцміндэне дубы, што азначае, што зараз і на нямецкай зямлі ў іх ёсць свае карані. Цяпер такіх дрэўцаў 12, але хочацца спадзявацца, што з кожным годам парк будзе расці.

— Як каардынатар лічу, што гэта праект асаблівай важнасці, — дзеліцца Людміла Ярохіна. — Ён не толькі дае магчымасць настаўнікам праявіць сябе як асобу, даведацца нешта новае, прымяніць яго ў сваёй працы, абмяняцца крэатыўнымі ідэямі. Непасрэдныя зносіны з калектывамі настаўнікаў і вучняў — вось адна з мэт вучэбнай праграмы. Хочацца верыць у паспяховы працяг праекта, пашырэнне яго рамак праз абмен выкладчыкамі і студэнтамі.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота з архіва Л.В.Ярохінай.