×

Праекты, матывацыя і новыя кірункі ў дадатковай адукацыі

30.11.2019 14:26,

Праблемы і перспектывы тэхнічнай творчасці ў Гомельскай вобласці і магчымасці, якія дае ў гэтым кірунку сённяшні дзень, разглядаліся на абласным установачным семінары, які прайшоў у Гомельскім абласным цэнтры тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.

На семінар сабралася больш як 60 удзельнікаў з усіх раёнаў Гомельшчыны. Мерапрыемства праходзіла па трох модулях. На першым, установачным, модулі былі разгледжаны праблемы, задачы і перспектывы развіцця тэхнічнай творчасці вобласці.

Другі модуль уяўляў сабой дэманстрацыю лепшага вопыту ў сферы дадатковай адукацыі. Прысутныя азнаёміліся з работай Дзіцячага цэнтра навуковых адкрыццяў “Інапарк”, з вучэбна-метадычным комплексам “КулібінГрад” з элементамі дапоўненай рэальнасці і арганізацыяй дамашняга задання ў дадатковай адукацыі. Асабліва цікавым і актуальным для ўдзельнікаў семінара быў вопыт арганізацыі работы STEM-цэнтраў ва ўстановах адукацыі і адкрыцця класаў робататэхнікі ў сельскай школе. Вядома, што ў невялічкіх раённых цэнтрах, а тым больш у сельскай мясцовасці развіваць гэтыя сучасныя кірункі няпроста. Галоўная прычына ў недастатковай матэрыяльна-тэхнічнай базе і ў адсутнасці пэўных спецыялістаў. Тым не менш сёння ёсць рэгіёны, якія вырашылі гэтыя праблемы і далі дзецям магчымасць развівацца ў сучасных перспектыўных кірунках.

Цікавым і карысным быў трэці, навучальны, модуль: тут дыскутавалі і выказвалі супярэчлівыя думкі. Размова ішла пра тое, як зрабіць сайт установы адукацыі цікавым для яго наведвальнікаў, як рас­крыць патэнцыял праектнай дзейнасці, а таксама пра метады матывацыі персаналу, якія можна выкарыстоўваць ва ўстановах адукацыі. Акрамя педагогаў цэнтра тэхнічнай творчасці, спікерамі выступілі запрошаныя госці: намеснік дырэктара па рэгіянальным развіцці ITeenAcademy Святлана Скакун, намеснік старшыні Гомельскай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” Наталля Мамрукова, загадчык аддзела па рабоце з дзіцячымі і маладзёжнымі арганізацыямі, аб’яднаннямі Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Уладзімір Александронец.

Незвычайным і на дзіва запатрабаваным аказаўся навучальны модуль па тэме “Метады матывацыі персаналу ва ўстановах адукацыі”, дзе ў якасці эксперта выступіла Н.Л.Мамрукова.

— Каб ваша каманда аддавала сябе на ўсе 100 працэнтаў, кіраўніку неабходна стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы, у якіх кожны супрацоўнік будзе імкнуцца працаваць эфектыўна, — з такіх слоў эксперт пачала размову з удзельнікамі семінара. — Для гэтага існуюць розныя метады матывацыі персаналу, а ўдала распрацаваная і ўкаранёная сістэма матывацыі — гэта не толькі эфектыўны інструмент кіравання персаналам, але і сродак дасягнення галоўных мэт любой арганізацыі ці кампаніі.

Скажам шчыра, гаворачы пра матывацыю, мы ў першую чаргу разглядаем матэрыяльны аспект, а грашовыя выплаты лічым найбольш эфектыўным стымулам для супрацоўніка. Кожны кіраўнік гатовы прывесці некалькі прыкладаў матэрыяльнага стымулявання сваіх падначаленых. А як матываваць персанал без фінансавага складніка? Як прызналіся ўдзельнікі навучальнага модуля — намеснікі кіраўнікоў розных устаноў адукацыі, кожны з іх задае сабе гэтае пытанне. Далей пачалі разбірацца з эфектыўнымі відамі і формамі нематэрыяльнай матывацыі. Сярод названых пунктаў — магчымасць кар’ернага росту, публічнае прызнанне, пахвала за поспехі, прыемная атмасфера ўнутры калектыву і арганізацыі, камфортныя ўмовы працы (зоны адпачынку, карпаратыўныя абеды, спартзалы), удзел у прыняцці стратэгічных рашэнняў, зваротная сувязь ад кіраўніка (адказ на пажаданні, прэтэнзіі работнікаў), матывацыйныя нарады, прафесійныя конкурсы, розыгрышы прызоў, віншаванні са значнымі для супрацоўнікаў датамі (дзень нараджэння, вяселле, юбілей).

— Калі мы з удзельнікамі разбіралі матэрыяльныя і нематэрыяльныя метады матывацыі, было дзіўна, што ніхто з іх ніколі не выкарыстоўвае сучасныя метады матывацыі персаналу, напрыклад, такі метад, як карпаратыўныя квесты або рэйтынгавыя табліцы, — дзеліцца намеснік старшыні Гомельскай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” Наталля Мамрукова. — Напэўна, нашы сур’ёзныя кіраўнікі забыліся пра тое, што выкарыстанне гульні як матывацыі працы развівае ў супрацоўнікаў здаровы азарт і імкненне стаць лепшымі, перамагчы, атрымаць заслужанае ўзнагароджанне.

Нельга не пагадзіцца, што эмацыянальны пад’ём — важны складнік прадукцыйнасці працы. Калі ў чалавека добры настрой, калі ў яго ёсць магчымасці рэалізаваць сябе максімальна эфектыўна, ён ужо матываваны.

— Несумненна, размова пра метады матывацыі персаналу ва ўстановах адукацыі была актуальнай, — адзначыла дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Наталля Алейнік. — Упэўнена, што кожны з прысутных нешта ўзяў для сябе. Спадзяюся, што наш семінар быў карысным і стане штуршком да адкрыцця новых інавацыйных і запатрабаваных кірункаў у многіх установах адукацыі Гомельшчыны.

Наталля ЛУТЧАНКА.