×

Праекты “Спадчыны” робяць будучыню ўжо сёння

23.12.2019 16:21,

Агучаны прозвішчы пераможцаў Абласнога конкурсу па патрыятычным выхаванні “Спадчына”, які правяла Гомельская абласная арганізацыя РГА “Белая Русь”. Гран-пры сёлета аж два. Дарэчы, прызы для тых, хто выйшаў у лідары, падрыхтавалі і ўручалі і прадстаўнікі Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”.

Конкурс прайшоў на Гомельшчыне сёмы раз. Ён дае магчымасць заявіць пра сябе маладым і амбіцыйным людзям, што робяць першыя крокі ў прафесіі. Арганізатары лічаць, што атрыманы вопыт і станоўчыя вынікі стануць выдатным трамплінам для далейшага росту і развіцця. Сёлета Гомельскі дзяржаўны педагагічны каледж імя Льва Выгоцкага гасцінна прымаў тых, хто прыйшоў сюды з хваляваннем і чаканнем, а сыходзіў з усмешкамі, дыпломамі і натхненнем на будучыя перамогі.

Творчыя работы конкурсу “Спадчына” былі прадстаўлены ў наступных  намінацыях: “Даследчая работа”, праектная дзей­насць “Лепшы праект па патрыятычным выхаванні ў сучасных умовах”, конкурс эсэ, сачыненняў і вершаў “Паэты і пісьменнікі нашых дзён” і фотавыстава “Убачыць нябачнае”. Пра тое, як напружана і цікава прахо­дзіў фінальны этап — прэзентацыя і абарона работ, мы пісалі напярэдадні: ng-press.by/gomelshchyna/spadchyna-yakaya-zacikaulivae-padletkau.

Журы ацаніла патэнцыял прэтэндэнтаў і адзначыла дыпломамі ўсіх, хто вырашыў прыняць удзел у інтэлектуальным спаборніцтве. Намеснік старшыні рэспубліканскага грамадскага аб’яднання  “Белая Русь” Аляксандр Шацько гаворыць, што такая форма работы аб’ядноўвае настаўнікаў і іх вучняў:

— Прыемна, што тут сабраліся самыя таленавітыя прадстаўнікі ўстаноў прафесійнай адукацыі Гомельскай вобласці. Конкурс дае магчымасць прасачыць традыцыі беларусаў, якія ў нашым грамадстве часта размываюцца.

Намеснік старшыні Гомельскай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” Наталля Мамрукова некалі заканчвала Гомельскі дзяржаўны педагагічны каледж імя Выгоцкага, дзе і праходзіла яскравая цырымонія ўзнагароджання фіналістаў конкурсу “Спадчына”. Ёй давялося ўручаць дыпломы і падарункі лепшым у намінацыі “Даследчая работа”:

— Важна, калі ў чалавека супадаюць прызванне і работа. Калі ён рэалізуецца так, як нашы настаўнікі і іх вучні, якія працуюць ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Дыпломам I ступені і памятным падарункам ад Гомельскай  абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” у намінацыі “Даследчая работа” ўзнагароджана навучэнка Гомельскага дзяржаўнага каледжа-філіяла ўстановы адукацыі “БелДУТ” Ганна Зінчанка. Лепшай сярод літаратараў-пачаткоўцаў (дыплом I ступені) названа Кацярына Камінская, якая вучыцца ў Гомельскім дзяржаўным прафесійным ліцэі прыборабудавання.

Намеснік старшыні Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Беларускі фонд міру” Уладзімір Восараў заўважыў, што ўдзел гэтай арганізацыі ў якасці партнёра конкурсу зусім невыпадковы:

— У нашай краіне, якая заплаціла за мір кожным трэцім жыццём, гэты мір сапраўды ц­эняць. Мне прыемна адзна­чыць, што вы, шаноўныя выкладчыкі, прадставілі праектныя работы, выкананыя на высокім прафесійным узроўні. Лепшы праект па патрыятычным выхаванні ў сучасных умовах сёлета падрыхтавалі настаўнікі Калінкавіцкага дзяржаўнага прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя. Яны і атрымліва­юць дыплом I ступені і памятны падарунак ад Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Беларускі фонд міру”.

Раман Максіменка, навучэнец Гомельскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў, сваю ўзнагароду за фотаздымкі атрымаў ад члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Аляксея Неверава. Старшыня Гомельскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў адзначыў, што мастацтва фатаграфіі дазваляе назаўсёды захаваць у памяці яркія моманты нашага жыцця, якія саграваюць душу і праз шмат гадоў вяртаюць нас да ўнікальных імгненняў:

— Наш памятны падарунак і дыплом I ступені ў намінацыі “Убачыць нябачнае” — за творчы падыход.

І вось нарэшце самыя галоўныя ўзнагароды. Іх сёлета дзве. Навучэнка Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа народных мастацкіх промыслаў Вікторыя Шульга атрымлівае гран-пры ў намінацыі “Паэты і пісьменнікі нашых дзён”. А педагог Аляксандра Адамовіч з Гомельскага дзяржаўнага аўтамеханічнага кале­джа — гран-пры ў намінацыі “Лепшы праект па па­трыятычным выхаванні ў сучасных умовах”.

Дарэчы, выкладчык фізікі прапанавала і ўкараняе правядзенне куратарскай гадзіны з мабільным тэлефонам. Для гэтага яна спецыяльна распрацавала электронны партал: “Культура. Спадчына. Памяць”. Самым сучасным спосабам — па QR-кодзе — кожны з навучэнцаў можа атрымаць карысную інфармацыю пра нашу Беларусь.

Найвышэйшыя ўзнагароды конкурсу і спецыяльны прыз ад Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” ўручаў намеснік дырэктара ўстановы Уладзімір Фалалееў:

— Наша культурная, гістарычная, моўная спадчына захоўваецца нашымі сіламі. Вельмі важна тое, як спадчына жыве ў сучасных умовах. Вельмі важна тое, як мы інтэгруем яе ў інтэрнэт, у жыццё. Гэта азначае, што спадчына будзе назапашвацца і жыць вечна. Менавіта дзякуючы гэтаму, будзем існаваць мы як нацыя, будзем існаваць мы як нашчадкі нашых продкаў.

Спецыяльны прыз ад Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” да­стаўся двум юнакам са Светлагор­скага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа Мікіту Карлаву і Уладзіславу Раговічу. Яны ўразілі журы конкурсу артыстычнай імправізацыяй пры абароне праекта, прысвечанага сувязі іх навучальнай установы з гісторыяй Светлагор­ска.

Арганізатары конкурсу ўжо думаюць над тым, каб зрабіць спаборніцтвы адкрытымі і запрасіць да ўдзелу ў Гомель прадстаўнікоў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з усёй краіны.

Ірына АСТАШЕВІЧ.
Фота аўтара.