×

Прафарыентацыйная работа: ёсць сістэма — ёсць вынік

11.07.2019 11:41,

Якія рэсурсы могуць выкарыстоўваць сёння ўстановы дадатковай адукацыі ў прафарыентацыйнай рабоце з дзецьмі і моладдзю, як заахвоціць не толькі навучэнцаў, але і педагогаў, чаму неабходна пастаянна шукаць новыя шляхі ў гэтым кірунку? Гэтыя і іншыя тэмы абмяркоўваліся на пасяджэнні Рэспубліканскага савета па пытаннях дадатковай адукацыі, якое праходзіла на Гомельшчыне.

Поспех — у доўгатэрміновых праектах

Адкрываючы пасяджэнне, дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільчанка згадала: раней міністр адукацыі Ігар Карпенка зрабіў заўвагу, што ўстановы дадатковай адукацыі не маюць сістэмнага падыходу ў прафарыентацыйнай рабоце. Усе нешта робяць, але разрознена, несістэматызавана.

— Мы прааналізавалі прафарыентацыйную работу ў абласцях і ўбачылі, што на Гомельшчыне сістэма ёсць, — адзначыла На­дзея Васільеўна. — Вопыт Гомельскай вобласці трэба браць пад увагу, тут ёсць чаму павучыцца.

Гомельскія “дадаткоўцы” даўно адмовіліся ад нейкіх разавых прафмера­прыемстваў, зразумеўшы, што яны вялікай карысці і значных вынікаў не прыносяць. Куды больш дзейснымі з’яўляюцца доўгатэрміновыя праекты. Яны могуць відазмяняцца ў залежнасці ад запытаў, аднак заўсёды ёсць мэта, задачы, паслядоўнасць дзеянняў, развіццё і канчатковы вынік. Такі фармат ужо неаднаразова даказваў сваю эфектыўнасць, і перш за ўсё тым, што на самай справе дапамагае прафесійнаму самавызначэнню юнакоў і дзяўчат.

— Па даных маніторынгу, 45% навучэнцаў мнагапрофільных устаноў адукацыі вобласці выбралі будучую прафесію згодна з профілем аб’яднання па інтарэсах, у якім займаліся, — паведаміла дырэктар Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Святлана Якіменка.

Зразумела, што галоўная мэта дадатковай адукацыі — развіццё творчых здольнасцей, а не паступленне навучэнцаў ва ўніверсітэты і каледжы па профілі адукацыйнай праграмы. Аднак прыведзены вышэй паказчык служыць пацвярджэннем правільна арганізаванай работы.

Дасягненне такіх вынікаў стала магчымым перш за ўсё дзякуючы створанаму пры абласным Палацы творчасці рэсурснаму цэнтру па прафарыентацыі. Гэта быў першы крок у фарміраванні сістэмнага падыходу па падтрымцы прафесійнага самавызначэння навучэнцаў.

Арганізацыяй дапрофільнай падрыхтоўкі пачалі займацца ў цесным узаемадзеянні з рэгіянальным цэнтрам тэсціравання і прафесійнай арыентацыі навучэнскай моладзі. Пра тое, як ладзіцца сумесная работа і якія магчымасці адкрывае такое супрацоўніцтва, расказаў удзельнікам пасяджэння начальнік рэгіянальнага цэнтра Уладзімір Глазуноў. Адным з важных аспектаў можна назваць стварэнне галоўным упраўленнем адукацыі і рэгіянальным цэнтрам тэсціравання міжведамаснага каардынацыйнага савета па прафесійным самавызначэнні і тэсціраванні.

Медыяадукацыя, энкаўнтар і ІТ

Даведаліся прысутныя і пра канкрэтныя прафарыентацыйныя праекты, што рэалізоўваюцца ў вобласці.

Так, намеснік дырэктара Рэчыцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Наталля Калацэй расказала, як у рамках медыяадукацыі можна цікава і сучасна арганіза­ваць прафарыентацыйную работу ва ўстанове дадатковай адукацыі.

— Калі мы заняліся вывучэннем пытання медыяадукацыі і распрацавалі медыяпраект “Радзімка”, то нашы ўяўлен­ні пра магчымасці медыятэхналогій на практыцы змяніліся поўнасцю, а новыя ідэі проста пасыпаліся, — падзялілася Наталля Эдуардаўна. — Медыяадукацыя як набор сродкаў і метадаў навучання моладзі са­мастойнаму ўспрыманню прадуктаў медыйнай вытворчасці сёння як ніколі актуальная. Гэта ўменне паставіць СМІ на службу людзям, здабываць з іх найбольш каштоўнае, а таксама актыўна ўдзельні­чаць у стварэнні ўласных медыяпрадуктаў. Поле для дзейнасці вялізнае.

У арсенале навучэнцаў цэнтра ўжо шмат спроб. Гэта і распрацоўка праф­арыентацыйных флаераў, і фотапраект “Ідзі за мной: гэта мая прафесія”, і розныя работы, выкананыя пры дапамозе мабільных дадаткаў Kahoot!, HP Reveal, адукацыйнай платформы LearningApps.org.

Намеснік дырэктара Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Алег Макушкін прадставіў членам Рэспубліканскага савета інавацыйную форму прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі — энкаўнтар. Апрабацыя праекта-гульні прайшла падчас вясновых канікул 2018 года. Яна сабрала больш як 500 юнакоў і дзяўчат. Заданні былі рознай складанасці. Навучэнцы атрымлівалі іх па электроннай пошце. Энкаўнтар, дарэчы, дазволіў знайсці карыснае прымяненне га­джэтаў, захапленне якімі сучаснымі дзецьмі так турбуе дарослых.

У чым тут прафарыентацыя? Па-першае, удзельнікам у розныя перыяды трэба было адгадаць загадкі аб прафесіях і сфатаграфавацца з прадстаўнікамі гэтых прафесій са свайго горада або пасёлка. Па-другое, выкананне кожнага задання — “Відэа-, фотапаляванне”, “Арыентаванне”, “Агент” (пошук асобы, якая валодае неабходнай інфармацыяй), “Геакэшынг” (пошук тайнікоў), “Кропкі” (абазначэнне адказаў на карце) — так ці інакш знаёміла навучэнцаў з рознымі прафесіямі. Дарэчы, праект Алег Васільевіч поўнасцю распрацаваў сам. Зараз аўтар у пошуку новай тэматыкі для моднай актыўнай гульні.

Яшчэ адзін цікавы праект, які ўжо чатыры гады паспяхова рэалізоўваецца ў Гомельскім абласным цэнтры тэхнічнай творчасці, — “Інапарк — дзіцячы цэнтр навуковых адкрыццяў”. Сфера высокіх тэхналогій — адна з найбольш цікавых і запатрабаваных, а “інапарк” уяўляе сабой старт у прафесійную будучыню. Запыт у дзяцей і бацькоў на правядзенне заняткаў такога кірунку дастаткова высокі.

— У цэнтры тэхнічнай творчасці створана шматузроўневая бесперапынная сістэма адукацыі ў галіне электронікі, робататэхнікі, ІТ і прыродазнаўча-матэматычных навук, — расказала дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці Наталля Алейнік. — Гэта сучасны навукова-адукацыйны комплекс, які служыць платформай для атрымання дзецьмі інжынернай адукацыі і прызначаны на выхадзе даць ім моцную базу для паступлення ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі.

Далей гасцям было прапанавана на практыцы ўбачыць прафарыентацыйную работу ўстаноў адукацыі.

У абласным Палацы творчасці навучэнцы і педагогі дэманстравалі дзелавую гульню “Бізнес-квест: лета профі”. А пасля іх чакала знаёмства з цудоўным праектам, які сумесна рэалізоўваецца галоўным упраўленнем адукацыі і тэлерадыёкампаніяй “Гомель”. Праект “Юная тэлезорка” дае школьнікам выдатную магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі вядучых і рэпарцёраў тэлевізійных праграм. Варта падкрэсліць, што прафесійныя спробы цалкам рэальныя: адны навучэнцы робяць рэпартажы, працуючы ў пары з прафесійным тэлеаператарам, іншыя вядуць тэлепраграму, а пасля мантажу ўсё гэта выходзіць на экран.

Рэгіёнам ёсць што паказаць

Другі дзень пасяджэння Рэспубліканскага савета па пытаннях дадатковай адукацыі прайшоў у Светлагорскім раёне.

Светлагорскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” — адна з наймацнейшых устаноў дадатковай адукацыі ў вобласці. Тут працуюць педагогі-энтузіясты, якія пастаянна шукаюць новыя формы работы.

Прэзентацыйную пляцоўку “Ад ранняй прафарыентацыі — да свядомага выбару прафесіі” прадставіла каардынатар прафарыентацыйнай работы Светлагорскага раёна метадыст Цэнтра творчасці Вікторыя Пішчык. А педагог дадатковай адукацыі Алена Рашэцька расказала пра патэнцыял праектнай дзейнасці ў прафарыентацыі высокаматываваных навучэнцаў.

Яшчэ адна моцная ўстанова дадатковай адукацыі ў раёне — камп’ютарны цэнтр дзяцей і моладзі. У кантэксце абазначанай тэмы пасяджэння дырэктар цэнтра Руслан Сідарэнка гаварыў пра медыяпісьменнасць як умову паспяховай прафарыентацыі.

Прадэманстравалі членам Рэспублікан­скага савета сваю работу таксама Рагачоўскі і Уваравіцкі цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, прадстаўнікі якіх сабраліся ў Светлагорску.

Як адзначыла на сустрэчы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Жанна Ждановіч, нагод для гордасці ў вобласці шмат. Гэта праекты, якія сталі вядомы на ўсю рэспубліку, гэта дасягненні навучэнцаў і педагогаў, гэта і высокія ўзнагароды, якімі адзначаны ўстановы дадатковай адукацыі.

— Дасягнуць усяго гэтага можна толькі ў выпадку, калі ёсць каманда прафесіяналаў, здольных прыдумляць, рэалізоўваць, працаваць згуртавана, — заўважыла Жанна Анатольеўна. — У Гомельскай вобласці такая каманда існуе, таму ёсць сістэмнасць і станоўчыя вынікі.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.