×

Прафесіі рэкламнай сферы ў дзіцячым садзе

05.03.2020 14:34,

Назіраючы за самастойнай гульнявой дзейнасцю дзяцей, я звярнула ўвагу, што яны часта паўтараюць рэкламныя слоганы, пачутыя па тэлевізары і радыё, прыносяць у групу цацкі, якія нядаўна рэкламаваліся, і з задавальненнем з імі гуляюць. Гэтую цікавасць я вырашыла выкарыстоўваць як эфектыўны сродак для развіцця пазнавальнай актыўнасці. Такім чынам, мы пачалі знаёмства з прафесіямі рэкламнай сферы.

Склала міні-слоўнік прафесій, паняццяў і іх вызначэнняў з рэкламы, якія будуць зразумелыя для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту. Для гэтай работы выкарыстоўвала дапаможнік “Знаёмім дашкольнікаў з прафесіямі” Н.В.Літвіной, Е.І.Смолер.

Для таго каб пазнаёміць дзяцей з сучаснымі прафесіямі, у цесным супрацоўніцтве з бацькамі правяла акцыю “Рэклама нашага горада”. Так у групе з’явіліся альбом з рэкламнымі буклетамі, відэаролікі, аўдыязапісы джынглзаў і г. д. Іх надалей выкарыстоўвала ў гульні-віктарыне “Адгадай рэкламу”, у эўрыстычных гутарках. Дзеці такім чынам вучацца не толькі прайграваць асноўныя факты, але і аналізаваць, супастаўляць, вылучаць асноўныя сувязі і прыходзяць да абагульненняў і адкрыццяў. 

Калі паказваю дзецям адзін з буклетаў, задаю пытанне пра тое, што ён можа рэкламаваць, для каго прызначаны гэты прадмет, прашу выхаванцаў абгрунтаваць адказы. Спачатку імкнуся даваць невялікую колькасць звестак пра тую ці іншую прафесію, паступова іх пашыраю і паглыбляю, дапаўняю ўжо знаёмае новымі ведамі, замацоўваю старое.

Спецыяльная ўвага — сюжэтна-ролевай гульні, якая дазваляе канкрэтызаваць і пашыраць уяўленні дзяцей пра разнастайную дзейнасць дарослых, іх узаемаадносіны з іншымі, пра прафесіі і інструменты. Для гэтага мною былі сабраны атрыбуты (ноўтбук, візітоўкі, элементы вопраткі і г. д.) да сюжэтна-ролевай гульні “Рэкламнае агенцтва “Всезнайка”.

Для таго каб сфарміраваць уяўленні дзяцей пра тое, што існуе рэклама тавараў, паслуг і сацыяльная рэклама, я зрабіла дыдактычную гульню “Віды рэкламы”. Яна складаецца з картак-знакаў і малюнкаў, якія адносяцца да пэўнай рэкламы.

Пры правядзенні заняткаў інтэгрую розныя адукацыйныя кірункі. На занятках па адукацыйным кірунку “Дзіця і грамадства” і “Развіццё гаворкі і культура маўленчых зносін”, апроч знаёмства з прафесіямі рэкламнай сферы, навучаю дзяцей складаць апісальныя аповеды, прымяраючы на сябе ролю рэкламнага агента.

На занятках па адукацыйным кірунку “Мастацтва. Выяўленчая дзейнасць” прапаную выканаць пэўную работу па рэкламе прадмета ці паслугі. Так у групе з’явіўся рэкламны постар да бацькоўскага сходу.

Дзеці выразалі адпаведныя малюнкі з часопісаў, словы загадзя складзенага і раздрукаванага слогану і размяшчалі іх на ватмане. Акрамя гэтага, разам з бацькамі прапанавала выканаць хатнія заданні: прарэкламаваць любімую цацку, стварыць буклет сацыяльнай рэкламы. Так нарадзіўся рэкламны ролік “Планета ў небяспецы” з удзелам бацькоў і выхаванцаў.

Была арганізавана экскурсія ў адно з рэкламных агенцтваў горада. Пры абмеркаванні праведзенага мерапрыемства я звярнула ўвагу на асобасныя якасці супрацоўнікаў рэкламнай сферы. Дзеці пераканаліся, што гэта камунікабельныя, адкрытыя, спагадныя людзі. Выкарыстоўваючы гульню “Адкрыты мікрафон”, вучыла выхаванцаў весці дыялог, задаваць пытанні дарослым.

Пры азнаямленні з прафесіямі рэкламнай сферы атрымалася выклікаць цікавасць выхаванцаў, накіраваць на самастойны пошук патрэбнай інфармацыі і тым самым развіць пазнавальную актыўнасць.

Людміла ВАСЬКОВА,
выхавальнік ясляў-сада № 15 г. Жлобіна.