×

Прафесійна, кампетэнтна, кваліфікавана

11.01.2020 12:12,

У сістэме спецыяльнай адукацыі Кармянскага раёна працуюць 24 настаўнікі-дэфектолагі. Спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай у раёне ахоплены 373 навучэнцы і выхаванцы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў 17 установах дашкольнай і сярэдняй адукацыі.

Работа па фарміраванні прафесійнай кампетэнцыі педагогаў спецыяльнай адукацыі ўскладзена на раённыя метадычныя фарміраванні, бо ў межах адной канкрэтнай установы дашкольнай або сярэдняй адукацыі функцыянуюць толькі 1—2 класы інтэграванага навучання і выхавання або ў іх арганізавана работа толькі аднаго пункта карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.

З мэтай поўнага ахопу педагогаў спецыяльнай адукацыі адкрыта шэсць раённых метадычных фарміраванняў: настаўнікаў-дэфектолагаў класаў інтэграванага навучання і выхавання, настаўнікаў-дэфектолагаў пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, настаўнікаў-дэфектолагаў груп інтэграванага навучання і выхавання, школа маладога настаўніка-дэфектолага, творчая група настаўнікаў-дэфектолагаў, а таксама пастаянны семінар для спецыялістаў устаноў адукацыі, якія працу­юць з дзецьмі з аўтыстычнымі парушэннямі. Сюды ўключаны і педагог персанальнага су­праваджэння.

Адной з задач, якая вырашаецца раённымі метадычнымі структурамі, з’яўляецца фарміраванне прафесійнай кампетэнцыі педагогаў спецыяльнай адукацыі, якая ў далейшым падводзіць педагогаў да атэстацыі на адпаведныя кваліфікацыйныя катэгорыі. І тут метадычная служба раёна аказвае своечасовую кваліфікаваную метадычную дапамогу ў трох напрамках: тэарэтычным, практычным, выніковым.

Спачатку педагогі ўдзельнічаюць у тэарэтычных семінарах, у тым ліку на базе Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, Гомельскага абласнога цэнтра КРНіР,  у пасяджэннях раённых метадычных аб’яднанняў, праходзяць павышэнне кваліфікацыі. Такім чынам педагогі засвойваюць тэарэтычны матэрыял, знаёмяцца з кваліфікацыйнымі патрабаваннямі, вывучаюць інавацыйныя тэхналогіі. Аказваецца дапамога ў падрыхтоўцы матэрыялаў да атэстацыі.

У раёне практыкуюцца педагагічны  кірмаш, майстар-класы, прэзентацыі педагагічнага вопыту, метадычны тыдзень спецыяльнай адукацыі, а таксама традыцыйныя формы работы: практыкумы, інструктыўна-метадычныя семінары, семінары-практыкумы і інш.

Калі справа даходзіць да практыкі, педагогі спецыяльнай адукацыі даюць адкрытыя ўрокі, карэкцыйныя заняткі, арганізоўваецца наведванне і самааналіз урокаў і заняткаў. Дзякуючы гэтаму, удасканальваюцца адукацыйны і карэкцыйны працэсы, адбываецца абмен вопытам, ствараюцца аўтарскія праекты. Напрыклад, настаўнікі-дэфектолагі І.І.Быкоўская і Н.В.Лук’яненка распрацавалі і прапанавалі ўкараніць у практыку свае аўтар­скія работы — “Электронны дыяг­настычны альбом для дзяцей дашкольнага ўзросту” і “Мадэль узаемадзеяння настаўніка-дэфектолага і бацькоў ва ўмовах ПКПД з дапамогай выкарыстання мабільнага дадатку “Жабка-гаварушка”.

На выніковым этапе адбываецца ўнутрышкольная атэстацыя педагогаў спецыяльнай адукацыі, падрыхтоўка і правядзенне адкрытых мерапрыемстваў у межах атэстацыі для настаўнікаў-дэфектолагаў раёна, прадстаўленне педагагічнага вопыту на абагульненне. “Настаўніцкая газета” і сеткавае выданне NG-press.by са­дзейнічаюць абмену вопытам і самааналізу педагагічнай дзейнасці.

У выніку зладжанай работы раённых метадычных фарміраванняў за апошнія тры гады сем педагогаў спецыяльнай адукацыі паспяхова прадставілі свой вопыт на кваліфікацыйным экзамене на атрыманне вышэйшай катэгорыі, прычым двум настаўнікам-дэфектолагам прысвоена вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя.

Святлана ШВАЧЫЧ,
намеснік дырэктара Кармянскага раённага ЦКРНіР.