×

Прафесійная субота ў політэхнічным каледжы

31.10.2019 16:36,

Мазырскі дзяржаўны політэхнічны каледж сабраў у сваіх сценах патэнцыяльных абітурыентаў, запрасіўшы іх на прафесійную суботу пад назвай “Экскурсія ў свет сучасных тэхналогій”.

Навучальны год толькі пачаўся, але прафтэхі ўжо глядзяць на будучую ўступную кампанію. Прафесійныя суботы ўжо колькі год як набылі папулярнасць ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі Гомельшчыны. Гэта выдатная магчымасць заявіць пра сябе школьнікам, зацікавіць іх.

На экскурсію ў свет сучасных тэхналогій ў політэхнічны каледж прыйшлі навучэнцы мазырскіх сярэдніх школ № 9 і № 11, а таксама вучні Козенскай і Крынічанскай сярэдніх школ Мазырскага раёна.


У рамках прафарыентацыйнага мерапрыемства юнакі і дзяўчаты даведаліся пра ўмовы паступлення ў каледж, перспектывы далейшага навучання і працаўладкавання. Выкладчыкі прафесійна-тэхнічнай установы расказалі аб прафесіях, якім навучаюць у каледжы. Сёння тут рыхтуюць па дзевяці запатрабаваных на рынку працы спецыяльнасцях: “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, “Тэхналогія машынабудавання”, “Перапрацоўка нафты і газу”, “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”, “Вытворчасць будаўнічых вырабаў і канструкцый”, “Камерцыйная дзейнасць”, “Страхавая справа”, “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль”, “Абсталяванне і тэхналогія зварачнай вытворчасці”.


Далей юных удзельнікаў прафесійнай суботы чакалі цікавы майстар-клас “Хімічны калейдаскоп”, які правялі для іх навучэнцы каледжа, і выстава-практыкум “Хачу ўсё ведаць!”. Завяршылася знаёмства школьнікаў з прафесійна-тэхнічнай установай займальнай віктарынай “Ці ведаеш ты...?”.


Наталля ЛУТЧАНКА.