×

Прафтэх ва ўмовах аптымізацыі

14.05.2019 11:42,

Асаблівасці працэсу аптымізацыі сеткі ўстаноў прафесійнай адукацыі і зместу адукацыйных праграм разглядаліся на пасяджэнні Рэспубліканскага Савета дырэктараў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якое прайшло ў Гомельскай вобласці.

Неабходны ўзважаныя рашэнні

Як адзначыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі — начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Марына Суворава, Гомельшчына для вывучэння вопыту аптымізацыі была выбрана невыпадкова.

— Абапіраючыся на статыстычныя даныя, мы правялі аналіз аптымізацыі сеткі ўстаноў прафесійнай адукацыі па рэгіёнах і зрабілі выснову, што ў Гомельскай вобласці яна праводзіцца найбольш абдумана і ўзважана, — паведаміла Марына Эдуардаўна. — Напрыклад, калі ўзяць Віцебскую вобласць, то ў 2013 годзе тут налічвалася 31 установа прафесійна-тэхнічнай адукацыі, а ў 2018 годзе іх засталося ўсяго 14. У Гомельшчыны гэтыя лічбы адпаведна 38 і 27.

Аптымізацыя сеткі ўстаноў прафесійнай адукацыі актыўна пачалася ў 2012 годзе. І калі ў цэлым па рэспубліцы колькасць устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі амаль не змянілася (219 — у 2012 годзе, 213 — у 2018), то прафтэх значна пара­дзеў. Пры гэтым, па словах прадстаўніка Мінадукацыі, колькасць навучэнцаў змянілася нязначна.

Марына Суворава звярнула ўвагу на неабходнасць абдумана і ўзважана падыходзіць да аптымізацыі малаколькасных устаноў адукацыі, таму што ў некаторых населеных пунктах яны нярэдка з’яўляюцца горадаўтваральнымі. “Мы не можам пазбавіць дзяцей магчымасці заставацца ў сваім горадзе і атрымліваць там выбраную прафесію, — сказала яна. — Тым больш што для многіх вырашальным застаецца фінансавы бок. Ёсць сем’і, для якіх адправіць сына ці дачку вучыцца, напрыклад, у абласны цэнтр, няпроста па прычыне грашовых трат на праезд, пражыванне, харчаванне”.

Прыкладам у гэтым зноў жа можа служыць Гомельская вобласць. Аптымізацыю сеткі ўстаноў адукацыі тут праводзілі на аснове аналізу тэрытарыяльнага размяшчэння навучальных устаноў, аб’ёму і структуры прыёму на навучанне і размеркавання выпускнікоў, сістэмы спецыяльнасцей і кваліфікацый, па якіх вядзецца падрыхтоўка кадраў у рэгіёне, а таксама тэхнічнага стану будынкаў. На пачатак аптымізацыі ў вобласці было 13 устаноў прафесійнай адукацыі з кантынгентам менш за 300 чалавек, зараз іх засталося 6, 3 з якіх у Чарнобыльскім рэгіёне — гэта нараўлянскі, чачэрскі і хойніцкі ліцэі. Што тычыцца іншых 7, то яны проста былі рэарганізаваны па тэрытарыальным прынцыпе шляхам зліцця. Такім чынам, магчымасці для выпускнікоў школ амаль не змяніліся.

Прафесійныя кампетэнцыі за кароткі тэрмін

Яшчэ адно актуальнае пытанне, якое закраналася на пасяджэнні, — гэта змест адукацыі і скарачэнне тэрмінаў навучання ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

У мінулым годзе ва ўстановы ССА быў адкрыты набор па 151 спецыяльнасці. Па 40 з іх тэрміны навучання скарочаны на год. Па 93 — у сярэднім на 6 месяцаў. Без змяненняў засталіся толькі 18 спецыяльнасцей.

— Безумоўна, нас асабліва хвалююць педагагічныя спецыяльнасці, паколькі мы з’яўляемся асноўнымі заказчыкамі педагагічных кадраў, — адзначыла начальнік упраўлення Міністэрства адукацыі. — Мы разумеем, што за такія кароткія тэрміны вельмі складана падрыхта­ваць настаўніка. Тым не менш нам неабходна спраўляцца з такой задачай.

Сваімі хваляваннямі наконт гэтага падзяліўся і дырэктар Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага Мікалай Валодзін. Ён заў­важыў, што навучэнцы, хоць і вый­дуць дыпламаванымі спецыялістамі, але самі яшчэ дзеці, а на іх ускладаецца такая вялікая адказнасць — несці веды і выхоўваць, як таго патрабуе званне педагога. Пры гэтым, згодна з вынікамі даследавання, навучэнцы псіхалагічна гатовы да прафесіі толькі на 4 курсе.

Мікалай Мікалаевіч паведаміў, што колькасць вучэбных гадзін па трох спецыяльнасцях, якія прапануе каледж, — “Дашкольная адукацыя”, “Пачатковая адукацыя” і “Музычная адукацыя” — скарочана ў сярэднім на 21% у суадносінах з тыпавымі вучэбнымі планамі, зацверджанымі Мінадукацыі. Значна скарацілася таксама колькасць гадзін на практыку. Прафесійная падрыхтоўка ў педкаледжы адрозніваецца практыка-арыентаваным падыходам, і аптымізацыя тэрмінаў навучання патрабуе ад калектыву ўстановы пошуку рэзерваў, якія забяспечаць якасную падрыхтоўку спецыяліста. Іншымі словамі, ва ўмовах аптымізацыі тэрмінаў падрыхтоўкі па педагагічных спецыяльнасцях, адміністрацыя і выкладчыкі нацэлены на павышэнне якасці практыка-арыентаванага навучання. Задача, шчыра кажучы, не з лёгкіх.

— Сёння працэс прафесійнай падрыхтоўкі ў нашай установе грунтуецца на ўзаемадзеянні з заказчыкамі кадраў і абнаўленні зместу адукацыйных праграм, а таксама на ўкараненні міжнародных прафесійных стандартаў WorldSkills, — паведаміў кіраўнік каледжа.

Вытворчыя майстэрні і рэсурсныя цэнтры

У наш час практыка-арыентаванае навучанне — гэта не выключэнне, а правіла, якое прымяняецца амаль для кожнай спецыяльнасці. Калі для педкаледжаў дапамогай у гэтым з’яўляюцца школы і дзіцячыя сады, то для іншых устаноў адукацыі — вытворчыя прадпрыемствы, арганізацыі і ўласныя рэсурсныя цэнтры. Пра апошнія на пасяджэнні Савета дырэктараў ішла асобная размова. Начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Марына Суворава адзначыла, што гэты кірунак неабходна развіваць, паколькі рэсурсны цэнтр дае магчымасць авалодання прафесійнымі навыкамі і пры гэтым каледж ці ліцэй не залежыць ад іншых структур, а самастойна плануе дзейнасць рэсурснага цэнтра. Марына Эдуардаўна паведаміла таксама, што зараз падрыхтаваны дакумент, у якім прапісана тэхналогія стварэння і функцыянавання рэсурснага цэнтра, прычым гэты механізм тычыцца і тых цэнтраў, якія ўжо створаны. Кожны з іх пройдзе праверку і пры поўнай адпаведнасці патрабаванням будзе ўключаны ў агульную базу рэсурсных цэнтраў устаноў адукацыі.

Арганізацыя вытворчага навучання непасрэдна на вытворчасці і прафесійнага навучання на базе рэсурсных цэнтраў дазва­ляюць вырашаць праблему забяспечанасці ўстаноў прафесійнай адукацыі сучасным абсталяваннем. Сёння прадпрыемствы маюць дарагое сучаснае абсталяванне, укара­няюць новыя тэхналогіі, і будучыя спецыялісты мо­гуць засвой­ваць актуальныя навыкі. На Гомельшчыне ў апошнія гады на вытворчасці дадаткова адкрыта больш за 200 вучнёўскіх месцаў вытворчага навучання. Створаны і паспяхова функ­цыянуюць 6 цэнтраў вытворчага навучання, у якіх ажыццяўляецца падрыхтоўка навучэнцаў па найбольш запатрабаваных прафесіях.

Так, на базе Жлобінскага аграрна-тэхнічнага каледжа і Нараўлянскага прафесійнага ліцэя створаны рэсурсныя цэнтры сельскагаспадарчага профілю, Мазырскага ліцэя будаўнікоў і Рагачоўскага прафесійна-тэхнічнага каледжа будаўнікоў — будаўнічага, Гомельскага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання — па тэхналогіі вытворчасці швейных вырабаў. На базе Гомельскага аўтамеханічнага каледжа адкрыты рэсурсны цэнтр па тэхналогіі зварачных і такарна-фрэзерных работ.

— Для арганізацыі работы рэсурсных цэнтраў набыта больш за 80 адзінак сучаснай тэхнікі і абсталявання, што дазволіла за 3 гады забяспечыць высокі ўзровень падрыхтоўкі 2240 навучэнцаў і арганізаваць стажыроўку 93 майстроў вытворчага навучання, — расказаў у сваім выступленні начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын.

На пленарнай частцы пасяджэння абмяркоўвалася таксама шмат іншых пытанняў: эксперыментальная дзейнасць устаноў ПТА і ССА, вучэбна-метадычнае забеспячэнне, наладжванне ўзаемадзеяння з прадстаўнікамі прыватнага бізнесу, выхаваўчая работа.

Першы дзень пасяджэння працягнуўся знаёмствам з гомельскімі прафесійна-тэхнічнымі каледжамі народных мастацкіх промыслаў, кулінарыі і бытавога абслугоўвання. У другі дзень удзельнікі мерапрыемства знаёміліся з базай Гомельскага аўтамеханічнага каледжа, наведалі прадпрыемства “Гомсельмаш”, якое служыць вучэбнай майстэрняй для навучэнцаў установы, а таксама пабывалі ў Гомельскім дарожна-будаўнічым каледжы.

Італьянскія тэхналогіі для гомельскіх кухараў

У Гомельскім прафесійна-тэхнічным каледжы кулінарыі рэалізуецца эксперыментальны праект па супрацоўніцтве з італьянскім Інстытутам тэкстылю вобласці П’емонт. У рамках праекта італьянскім бокам было выдзелена больш за 11 тысяч еўра для набыцця тэхналагічнага абсталявання. Дзякуючы гэтаму, навучэнцы працуюць на сучасных параканвектаматах, якія маюць ад 30 да 70 праграм.

НА ЗДЫМКУ: Навучэнец каледжа кулінарыі удзельнік WorldSkills Belarus — 2018 Антон Іваноў праводзіць майстар-клас па гатаванні карысных страў на сучасным абсталяванні.

Штогод педагагічныя работнікі і навучэнцы каледжа праходзяць стажыроўку на базе школы гасцінічнага абслугоўвання “Д.Пасторэ” ў Італіі.

Сёння ва ўстанове паспяхова ўкараняюць у адукацыйны працэс інавацыйныя тэхналогіі Cook@Chill і Sous Vide, якія дапамагаюць развіваць у навучэнцаў прафесійныя кампетэнцыі па стандартах WorldSkills.

У наступным навучальным годзе на базе каледжа плануецца стварыць рэсурсны цэнтр па кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва”.

Творчыя праекты як прафесійнае майстэрства

Гомельскі прафесійна-тэхнічны каледж бытавога абслугоўвання вядомы як добры эксперыментатар. Тут імкнуцца ўкараняць у вучэбны працэс розныя формы і метады навучання, у першую чаргу практыка-арыентаваныя і інавацыйныя.

Візітная картка каледжа — тэатр мод “Чатыры стыхіі”, якому ўжо больш як 30 гадоў. Здараецца, што дзякуючы творчай рабоце ў тэатры мод, навучэнцы дасягаюць прафесійных вяршынь. Адным з такіх прыкладаў стаў выпускнік установы Яўген Іванчык, які не раз пакарыў сваімі калекцыямі арганізатараў фестывалю “Млын моды”. Сёння Яўген — вядомы дызайнер, які сваімі творчымі работамі неаднаразова прадстаўляў нашу краіну за мяжой.

Яшчэ адна цудоўная традыцыя кале­джа — падрыхтоўка і прэзентацыя кожнай вучэбнай групай прафесійных творчых праектаў па стварэнні адзінага вобраза пад кіраўніцтвам майстроў вытворчага навучання і куратараў. Гэтыя ўнікальныя мерапрыемствы праходзяць два разы ў год, напоўнены прафесійнай творчасцю, прыгажосцю, бязмежнай фантазіяй і далёка выходзяць за рамкі вучэбнай праграмы. Сёлета творчыя праекты прысвячаліся Году малой радзімы. Навучэнцы і выкладчыкі пабудавалі гістарычны ланцужок ад радзімічаў да дня сённяшняга і нават паспрабавалі зазірнуць у будучыню. І ўсё гэта паказана праз калекцыі адзення і прычоскі.

НА ЗДЫМКУ: адзін з творчых праектаў, у аснове якога — гісторыя язычніцкіх багоў, у якіх верылі беларусы.

Традыцыі і наватарства

Беражліва захоўваць традыцыі беларускага народа і ствараць новую гісторыю — менавіта так можна коратка апісаць Гомельскі каледж народных мастацкіх промыслаў.

Наўрад ці ў якой іншай навучальнай установе можна ўбачыць столькі прыгажосці адразу. Усё створана рукамі навучэнцаў і педагогаў, і ўсяму ёсць сваё месца. Ва ўстанове створана сем выставачных залаў, кожная з якіх мае сваю тэматыку і сваю гісторыю. А яшчэ ў каледжы ведаюць, як зарабляць грошы. Акрамя вырабу на заказ рэчаў з дрэва, саломы і інш., тут прапануюць арандаваць зоны для фота­здымкі, а ў магазінах “Лаўка майстроў”, якія адкрыты ў абласным цэнтры, можна купіць усё, што вырабляюць творчыя юнакі і дзяўчаты.

НА ЗДЫМКАХ: выставачная зала “Хрысціянскія сюжэты ў мастацтве”, дзе знайшлі сваё месца дыпломныя праекты навучэнцаў — міні-копіі храмаў Гомельшчыны; у выставачнай зале “Гісторыя касцюма”.

Натялля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.