×

Прасторавая арыенціроўка — праз гульню

02.11.2019 14:54,

Сёння існуе неабходнасць арганізацыі спецыяльнага навучання дашкольнікаў з парушэннямі зроку, паколькі недахопы ў развіцці прасторавай арыенціроўкі адбіваюцца на многім. Асаблівае месца ў гэтай рабоце займаюць спецыяльныя дыдактычныя гульні і практыкаванні. Педагогі спецыяльнага ясляў-сада № 30 для дзяцей з парушэннем зроку Мазыра распрацавалі шэраг спецыяльных гульняў і практыкаванняў для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту, якія ўключаюцца як у спецыяльныя карэкцыйныя заняткі па прасторавым арыентаванні і мабільнасці, так і ва ўсе віды дзіцячай дзейнасці на працягу дня.

Прадуманыя гульнявыя прыёмы

Дзіця з парушэннямі зроку не мае магчымасці выкарыстоўваць паўнавартасны зрокавы кантроль пры выкананні сваіх дзеянняў. У сувязі з гэтым педагог першым паказвае, як трэба выконваць гульнявыя дзеянні. Прычым прайсціся па этапах гульні трэба столькі разоў, колькі неабходна дзіцяці.

Яшчэ адзін прынцып пабудовы гульні — паэтапнае прад’яўленне заданняў. Парушэнне зроку ў дзяцей стварае пэўныя цяжкасці пры ўспрыманні задання цалкам, таму агульная задача дзеліцца на часткі, што дазваляе дашкольніку больш хутка і якасна яе вырашыць.

Немалаважным прынцыпам з’яўляецца распрацоўка дакладных і падрабязных, даступных разуменню дзіцяці інструкцый. Але нават пры гэтым дзеці не заўсёды могуць самастойна выканаць заданне. Ад педагога патрабуецца розная дапамога: частковае або поўнае сумеснае выкананне задання, падтрымка і заахвочванне. Гэта дапамагае падтрымаць у дзіцяці жаданне ўдзельнічаць у гульні.

Пры распрацоўцы дыдактычных гульняў і практыкаванняў педагогі нашай установы прытрымліваюцца прынцыпу іх паступовага, паслядоўнага ўскладнення. Так, у кожнай новай гульні замацоўваюцца навыкі, набытыя ў папярэдніх, затым уводзяцца больш складаныя заданні.

Ад тэорыі — да практыкі

За словам “гульня” ў спецыяльнай адукацыі стаіць карпатлівая педагагічная работа па распрацоўцы эфектыўных заняткаў. За час работы нашы педагогі вывелі сваю гульнявую формулу па засваенні дзецьмі прасторавай арыенціроўкі. Яна складаецца з некалькіх узаемазвязаных блокаў.

Перш за ўсё, каб навучыцца арыентавацца ў прасторы, дашкольнікам неабходна задзейнічаць захоўныя аналізатары. Вопытны настаўнік-дэфектолаг В.В.Паляшчук ведае, што поспех пазнання дзецьмі навакольнага свету ў многім залежыць ад паслядоўнага датыкальнага абследавання. Ажыццяўляе яго з дапамогай гульняў “Даведайся прадмет навобмацак”, “Даведайся навобмацак, чаго не стала” і г.д. Гэтыя і падобныя гульнявыя заняткі спачатку праводзяцца з апорай адначасова і на зрок, і на дотык. Калі дзеці пачынаюць рабіць гэта паспяхова, іх вучаць адрозніваць прадметы, цацкі, геаметрычныя фігуры толькі навобмацак. Адначасовае прыцягненне ў гэтых гульнях зроку і дотыку спрыяе стварэнню ў дзяцей адэкватнай выявы ўспрымальных прасторавых прыкмет і адносін.

Вялікае значэнне ў прасторавай арыенціроўцы дзяцей з парушэннямі зроку мае добра развіты слыхавы аналізатар. Важная роля тут адводзіцца гульням “Што гучала?”, “З якога боку гучала?”, “Даведайся па голасе” і падобных. Гэта дазваляе не толькі сфарміраваць уменне пазнаваць, якія прадметы і з’явы гучаць, але і навучыцца словамі пазначаць іх прасторавае размяшчэнне.

Паступова на аснове пачуццёвага кантакту з навакольным светам дзеці вучацца аб’ядноўваць атрыманыя зрокавыя і тактыльныя вобразы прадметаў і з’яў з іх гукавой характарыстыкай, а таксама словамі пазна­чаць розныя прасторавыя адносіны. У выніку такога полісенсорнага ўспрымання ў дзяцей ствараецца абагульнены вобраз наваколля. Гэта з’яўляецца асновай для фарміравання ў дзяцей са слабым зрокам адэкватных прасторавых уяўленняў.

Яшчэ адзін блок гульняў на арыенціроўку ў прасторы будуецца на выкарыстанні схем, макетаў. Настаўнікі-дэфектолагі А.В.Шаўчук і А.Р.Ястрэмская пачынаюць такія заняткі з навучання дзяцей абследаванню памяшканняў блізкага акружэння. Прычым абследаванне праводзяць з пэўнай зыходнай кропкі, напрыклад, ад дзвярэй, злева направа. Гэта дае дзецям магчымасць хутчэй запомніць размяшчэнне мэблі ў памяшканні. З дапамогай макетаў розных памяшканняў педагогі дапамагаюць дзецям абагульніць успрынятыя імі прасторавыя прыкметы і адносіны і атрымаць адэкватныя ўяўленні аб прасторы.

З дапамогай гульняў “Размясці цацкі, як на схеме”, “Што намалявана на схеме?”, “Параўнай размяшчэнне прадметаў на стале са схемай” і інш. дашкаляты вучацца запамінаць умоўныя абазначэнні рэальных прадметаў.

Не сакрэт, што дзеці з парушэннямі зроку адрозніваюцца недахопамі развіцця рухаў і малой рухальнай актыўнасцю. Таму яшчэ адзін блок гульняў будуецца на арыенціроўцы ў прасторы ў працэсе перамяшчэння: “У госці да лялькі Машы”, “Падарожжа па групе” і інш.

Не абмінаюць педагогі і арыенціроўку ў мікраасяроддзі. Гульні на чароўным экране настаўнік-дэфектолаг Г.Р.Скавароднікава ўмела выкарыстоўвае для навучання дзяцей практычна арыентавацца на паверхні ліста паперы, а таксама слоўнага абазначэння прасторавых кірункаў.

У нагу з часам

Трэба адзначыць, што сучасны перыяд развіцця грамадства характарызуецца моцным уплывам на яго камп’ютарных тэхналогій. Гэта аказвае ўплыў на змены ў педагагічнай тэорыі і практыцы карэкцыйна-адукацыйнага працэсу.

Работа па фарміраванні навыкаў прасторавай арыенціроўкі з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій дазваляе павысіць эфектыўнасць адукацыйнага працэсу. Па-першае, персанальны камп’ютар, інтэрактыўная дошка, камплект праекцыйнай апаратуры, сэнсарны манітор робяць адукацыйны працэс наглядным і рэалізуюць прынцып карэкцыйнага навучання ў гульні. Па-другое, новыя сродкі навучання, заснаваныя на перавагах ІКТ, максімальна вырашаюць задачы кампенсацыі зрокавых парушэнняў у выхаванцаў. Нарэшце, па-трэцяе, ІКТ дазваляюць забяспечыць неабходную дзецям з парушэннямі зроку прадукцыйную дзейнасць мадэлявання аб’ектаў прасторавай арыенціроўкі ў даступных знакавых формах, эксперымента­ваць з іх характарыстыкамі і суадносінамі.

Гэтыя перавагі ІКТ выкарыстоўвае ў сваёй рабоце настаўнік-дэфектолаг І.М.Сыцько. Мноства гульнявых праектаў яна распрацавала на аснове праграмнага прадукту “Спецыяльныя адукацыйныя сродкі”.

Несумненна, ад таго, наколькі паспяхова будуць сфарміраваны ўменні і навыкі дзіцяці са зрокавымі парушэннямі ў гульні, шмат у чым будуць залежаць яго здольнасці арыентавацца ў побыце, на вуліцах горада, на працоўным месцы, у грамадскіх месцах.

Жанна КІРЫНСКАЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці спецыяльнага ясляў-сада № 30 Мазыра.