×

Праз усю краіну — за моўнай практыкай

26.10.2019 14:49,

Амаль 30 гадзін у дарозе на перакладных цягніках: з Гомеля да Брэста, з Брэста да Ціраспаля, з Ціраспаля да Варшавы, з Варшавы да Зялёнай Гуры — такі шлях пераадолелі студэнты філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны разам з дэканам Аленай Палуян і загадчыкам кафедры беларускай мовы Аленай Воінавай. А мэта была простая, але важная — павысіць свой узровень польскай мовы і папрактыкавацца ў польскамоўным асяроддзі.

Дзякуючы дагавору аб супрацоўніцтве, заключанаму паміж Гомельскім дзяржуніверсітэтам і Зеленагурскім універсітэтам, студэнтам філфака, якія вывучаюць польскую мову, пашчасціла стаць удзельнікамі летняй школы ў польскай установе вышэйшай адукацыі. 

Зялёна Гура — гарадок невялікі, але ў ім шмат выдатных мясцін, і польскі бок склаў праграму для гасцей так, каб за невялікі тэрмін яны маглі ў поўнай меры даведацца пра жыццё, побыт і культуру мясцовых жыхароў. Праграма ўключала не толькі заняткі па польскай мове, але і мноства разнастайных экскурсій, наведванне музеяў і выстаў, азнаямленне са спартыўным жыццём Любушскага вая­водства.

Цэнтр падрыхтоўкі алімпійцаў, які знаходзіцца ў прыгарадзе Зялёна Гуры, беларусы наведвалі неаднаразова, прычым не толькі з экскурсіяй — яны змаглі праявіць сябе ў ціры і на тэнісных кортах. Студэнты і выкладчыкі наведалі навуковы цэнтр імя Іагана Кеплера, які спалучае ў сабе музей і лабараторыю. Тут ім цікава падалі матэрыял па фізіцы, а госці на рэальных прыкладах маглі азнаёміцца з дзеяннем складаных механізмаў.

У Польшчы, як і ў Беларусі, шануюць памяць пра ахвяр Другой сусветнай вайны. У гэтым гамяльчане ўпэўніліся, калі наведалі музей на месцы былога канцлагера для ваен­напалонных.

Значыліся ў праграме і гарадскі музей, які расказвае пра гісторыю вінаробства на заходняпольскіх землях, і вінярня — месца, дзе вырошчваюць вінаград.

Але галоўнае, што ва ўсім гэтым багацці польскамоўная практыка была бесперапыннай, таму што, як і непасрэдна заняткі, усе гутаркі і экскурсіі вяліся толькі на польскай мове.

— У нас было шмат сустрэч з выкладчыкамі і кіраўніцтвам універсітэта, мы пабывалі на філалагічным факультэце і наведалі ўніверсітэцкую бібліятэку, дзе, дарэчы, адшукалі і кнігі на беларускай мове, — расказала дэкан філалагічнага факультэта ГДУ імя Ф.Скарыны Алена Палуян. — Вельмі добра, што заняткі ў летняй школе право­дзіліся з паглыбленнем у моўнае асяроддзе. Цэлы тыдзень мы чулі вакол сябе толькі польскую мову, што дазволіла атрымаць выдатны вопыт моўнай практыкі  з носьбітамі мовы. Мы ўдзячны кіраўніцтву Зелена­гурскага ўніверсітэта ў асобе прарэктара прафесара В.Стрыжэўскага, загадчыка кафедры прафесара Р.Асінкевіча і пана магістра Д.Барчынскага, якія апекавалі нас на працягу знаходжання ў Польшчы.

Такія паездкі вельмі важныя як для выкладчыкаў, так і для студэнтаў. Мы азнаёміліся з арганізацыяй сістэмы адукацыі ў суседняй краіне, з методыкай выкладання польскай мовы для замежных студэнтаў, паглыбілі свае веды па гісторыі і культуры Польшчы, набылі новых знаёмых і спадзяёмся на працяг супрацоўніцтва.

Наталля ЛУТЧАНКА.