×

Радасці і нягоды маладога спецыяліста

16.11.2019 10:48,

Калі на працу ва ўстановы адукацыі прыходзіць малады спецыяліст, кіраўніцтва заўсёды спадзяецца, што ён затрымаецца на сваім першым рабочым месцы надоўга. 

Недастаткова проста песціць у сабе такую надзею. Неабходны аналіз і пэўныя дзеянні, накіраваныя на зацікаўленасць пачынаючага педагога прафесіяй, установай, калектывам. Ці лёгка ўліўся настаўнік у педагагічны калектыў? Ці адчувае ён нейкія цяжкасці ў працы? Ці мае патрэбу ў дапамозе? Ці атрымліваецца ў яго ладзіць з вучнямі? Гэта тыя пытанні, якімі павінна задавацца адміністрацыя. Успомніце сябе ў пачатку прафесійнага шляху. Як многа знойдзецца тых, у каго не ўзнікала ніякіх праблем, хто не адчуваў сумненняў?

Існуе мноства форм работы з маладымі спецыялістамі. Калі не ленавацца і прыдумваць штосьці захапляючае, можна атрымаць дастаткова добрыя вынікі.

Цікавую ідэю рэалізаваў Цэнтральны раённы камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў  адукацыі  і навукі сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля. Маладыя спецыялісты з васьмі школ раёна адправіліся на семінар­вучобу ў Бабруйск у санаторый імя У.І.Леніна. 14 пачынаючых педагогаў пад кіраўніцтвам дырэктара гомельскай сярэдняй школы № 21 Інесы Карпінай правялі на беразе Бярэзіны тры дні, вучыліся, удзельнічалі ў трэнінгах, вялі гутаркі і разбіраліся ў псіхалагічных праблемах, якія могуць узнікаць у педагагічнай працы.

Пачалося ўсё, зразумела, са знаёмства. Маладыя людзі па чарзе называлі сваё імя, спецыяльнасць і апісвалі сябе адным прыметнікам. Прычым кожны чалавек спачатку павінен быў паўтарыць інфармацыю, агучаную папярэднімі ўдзельнікамі. Пазітыўны, гумарны, строгі, адказны — так характарызавалі сябе юнакі і дзяўчаты. Дзіўна, але такое знаёмства адразу згуртавала ўсіх, узняло настрой, і ўсе з нецярпеннем чакалі працягу першага дня праграмы.

Старт рабоце даў семінар на актуальную тэму “Малады спецыяліст у сучаснай школе”. Кіраўнік групы дырэктар школы Інеса Карпіна і старшыня Цэнтральнага раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Сазонава распавялі моладзі пра тое, як яны трапілі ў педагогіку, як складваліся іх адносіны з калегамі і дзецьмі ў пачатку працы ў школе і чаму яны ніколі не думалі аб тым, каб змяніць сферу дзейнасці.

— А цяпер раскажыце вы пра тое, чаму выбралі сваю спецыяльнасць і ці плануеце застацца ў школе надалей, — прапанавала маладым калегам Інеса Эдуардаўна. — Толькі давайце дамовімся: будзьце праўдзівымі. Калі пайшлі ў настаўнікі, таму што не хапіла балаў на прафесію мары — так і кажыце.

І настаўнікі аказаліся шчырымі. Адны ­здзейснілі сваю мару і сталі выкладчыкамі любімага прадмета ці псіхолагамі, для іншых педагагічная спецыяльнасць стала выйсцем. Варта сказаць, што гэта не заўсёды дрэнна. 14 удзельнікаў семінара­вучобы — гэта лепшыя з ліку маладых спецыялістаў раёна, яны ўжо праявілі сябе і робяць упэўненыя крокі ў прафесійным развіцці.

Андрэй Непакульчыцкі выкладае гісторыю ў гомельскай сярэдняй школе № 19. У сваёй сям’і ён стваральнік дынастыі — маці Андрэя таксама працуе настаўнікам гісторыі. Школьнікам хлопец паспяхова ўдзельнічаў у Рэспубліканскай алімпіядзе па гісторыі, але ніколі не думаў аб тым, каб пайсці ў педагогі. Рашэнне прыйшло ў апошні момант. Сёння малады настаўнік прызнаецца, што не шкадуе аб сваім выбары. Ён любіць прадмет, які выкладае, і ў яго склаліся добрыя адносіны з вучнямі.

Настасся Новік — педагог сацыяльны ў сярэдняй школе № 26 Гомеля. Яна марыла стаць псіхолагам, але недацягнула па балах, таму пайшла атрымліваць сугучную прафесію, дзе прахадныя балы былі крыху ніжэйшыя. Настасся гаворыць, што прафесію сваю любіць, але ёй вельмі цяжка.

— Кожны раз я сутыкаюся з выпадкамі, калі бацькі не хочуць займацца са сваім дзіцем, — тлумачыць дзяўчына. — Быва­юць выпадкі, калі вучань, здаецца, зусім не патрэбны ні маці, ні бацьку. Кожную такую сітуацыю перажываеш як свой боль.
Пра першае месца працы ў Настассі Новік толькі станоўчыя водзывы. Малады спецыяліст расказала, што ў іх школе выдатная адміністрацыя і наогул вельмі добры псіхалагічны клімат. Тут заўсёды падтрымаюць, падкажуць, навучаць. 

У кожнага маладога педагога — свая гісторыя і ў кожнага — свая будучыня. Хтосьці прызнаўся, што пасля адпрацоўкі, магчыма, з настаўніцтвам развітаецца. Праўда, пакуль выразная перспектыва не выбудавана, а значыць, у кіраўніцтва школ ёсць шанс зацікавіць моладзь.

Асобна разбіралі на семінары цяжкія выпадкі ў практыцы маладога педагога. У І.Э.Карпінай вялікі вопыт, як асабісты, так і атрыманы на прыкладзе сваіх калег, падначаленых. Інеса Эдуардаўна — адзін з наймацнейшых у Цэнтральным раёне дырэктараў школ, у яе ўстанове амаль няма цякучкі кадраў. Яна пазітыўны і жыццярадасны чалавек і такую ж атмасферу стварае ў сваім калектыве. А яшчэ ў мінулым яна актыўны і вядомы ўдзельнік Клуба вясёлых і знаходлівых, прызнаецца, што добрае пачуццё гумару часта дапамагае ў рабоце настаўніка і кіраўніка. 

Пра ролю моладзі ў прафсаюзе, грамадзянскую адказнасць і прафесіяналізм настаўнікаў з удзельнікамі семінара разважала старшыня райкама прафсаюзаў Н.В.Сазонава. 

Другі дзень вучобы быў цалкам накіраваны на псіхалагічныя праблемы, якія ­ўзнікаюць у адукацыйнай сферы.

Педагог­-псіхолаг гомельскай сярэдняй школы № 21 малады спецыяліст Яніна Ліхаманава правяла з калегамі дзелавую педагагічную гульню з элементамі трэнінгу па наладжванні эфектыўных зносін і ўзаемадзеянні педагогаў з бацькамі.
Пасля адбыўся семінар “Адукацыя і кар’ера — погляд у будучыню”. Інеса Эдуардаўна Карпіна расказала маладым калегам пра міжасобасныя адносіны работнікаў у працоўным калектыве, на ўласных прыкладах паказала, як можна станоўча вырашаць розныя праблемы і пераадольваць цяжкасці.

Я.С.Ліхаманава ўзняла тэму канструктыўных зносін з бацькамі. Гэты кірунак асабліва зацікавіў маладых спецыялістаў, якія вядуць класнае кіраўніцтва, а таксама школьных псіхолагаў і сацыяльных педагогаў — тых, каму амаль штодзень неабходна весці дыялог з мамамі і татамі навучэнцаў.

Яшчэ адна актуальная тэма, на якую разважалі педагогі, — эмацыянальнае выгаранне. Сёння, магчыма, маладым спецыялістам гэта не падаецца важным, год ці два работы ў школе — тэрмін невялікі. Аднак вядома, што педагогі — якраз тая катэгорыя, якая часцей за ўсё сутыкаецца з праблемай эмацыянальнага выгарання, і лепш ведаць, як яе распазнаць, вырашыць ці папярэдзіць.

— Такі семінар­вучоба быў нашай першай спробай, — адзначыла старшыня Цэнтральнага райкама Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Сазонава. — Калі мы атрымаем станоўчыя вынікі, калі такая работа прынясе плён, мы ўнясём гэтую форму работы з маладымі спецыялістамі ў спіс традыцыйных.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.