×

Рэсурсны цэнтр па кулінарным майстэрстве

17.09.2019 14:45,

На базе Гомельскага прафесійна-тэхнічнага каледжа кулінарыі плануецца адкрыць рэгіянальны рэсурсны цэнтр па кулінарным майстэрстве.

Усё неабходнае для гэтага ва ўстанове прафтэхадукацыі ўжо ёсць. У каледжы кулінарыі рэалізоўваецца эксперыментальны праект па супрацоўніцтве з італьянскім Інстытутам тэкстылю вобласці П’емонт. У рамках гэтага праекта італьянскім бокам было выдаткавана больш за 11 тысяч еўра для набыцця тэхналагічнага абсталявання. Сёння ва ўстанове паспяхова ўкараняюць у адукацыйны працэс інавацыйныя тэхналогіі Cook@Chill і Sous Vide, якія дапамагаюць не толькі ў падрыхтоўцы будучых кваліфікаваных рабочых, але і ў развіцці ў навучэнцаў прафесійных кампетэнцый па стандартах WorldSkills.

Дзейнасць рэсурснага цэнтра дазволіць арганізаваць на сучасным абсталяванні стажыроўку майстроў вытворчага навучання, якія рыхтуюць будучых кухараў, а гэта 11 устаноў прафесійнай адукацыі. Адкрыццё цэнтра плануецца ў студзені будучага года.

Выкарыстанне сеткавай формы арганізацыі вытворчага навучання на базе абласных рэсурсных цэнтраў, для арганізацыі работы якіх набыта сучасная тэхніка і абсталяванне, дапамагае ў падрыхтоўцы спецыялістаў розных профіляў. На цяперашні момант у Гомельскай вобласці ва ўстановах прафтэхадукацыі дзейнічае 6 рэсурсных цэнтраў: два з іх — у Гомельскім аўтамеханічным каледжы, два будаўнічага кірунку — у рагачоўскім каледжы і мазырскім ліцэі і два — сельскагаспадарчага, якія адкрыты на базе Жлобінскага прафесійна-тэхнічнага кале­джа і Нараўлянскага прафесійнага ліцэя.

Развіццё сеткі рэсурсных цэнтраў падтрымліваецца на высокім узроўні. Калі раней іх дзейнасць не рэгламентавалася жорсткімі рамкамі і крытэрыямі, то сёння Міністэрствам адукацыі дакументальна прапісана тэхналогія стварэння і функцыянавання рэсурснага цэнтра. Зараз кожны з ужо створаных цэнтраў павінен прайсці праверку на адпаведнасць прапісаным у дакуменце патрабаванням, і пасля гэтага ён будзе ўключаны ў агульную базу рэсурсных цэнтраў устаноў адукацыі.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.