×

Родная мова для дашкольнікаў

05.10.2019 15:53,

З верасня мінулага года па просьбе бацькоў у гомельскім яслях-садзе № 161 была арганізавана група з навучаннем на беларускай мове. Яе наведвае 21 выхаванец.

Установа мае добры вопыт работы ў кірунку нацыянальна-патрыятычнага выхавання дашкольнікаў, паколькі з адкрыцця ясляў-сада навучанне тут ажыццяўлялася на беларускай мове. На жаль, з цягам часу прыяры­тэтнай мовай, як і ва ўсіх установах адукацыі нашай краіны, стала руская. І вось цяпер калектыў сада звярнуўся да назапашанага вопыту, удасканальвае яго згодна з па­трабаваннямі часу.

Спачатку была праведзена пэўная работа: група і метадычны кабінет забяспечаны неабходнай навукова-метадычнай літаратурай, на роднай мове аформлены стэнды, мікракабінет выхавальніка, куткі дзіцячай творчасці, беларускай культуры і беларускай кнігі, распрацаваны метадычны і дыдактычны матэрыял для работы з дзецьмі, бацькамі, педагогамі.

— Вядома, кадры вырашаюць усё, таму мы ўдзяляем вялікую ўвагу падрыхтоўцы педагагічных работнікаў,— гаворыць загадчык ясляў-сада Ала Грыб. — Метадычныя мера­прыемствы, выступленні, адкрытыя прагляды, кансультацыі педагогі рыхтуюць на беларускай мове.

Трэба адзначыць, што ў рабоце з педагогамі, бацькамі выхаванцаў прыярытэт аддаваўся інтэрактыўным формам узаема­дзеяння, якім уласціва ўцягванне ў актыўную дзейнасць і дыялог, свабодны абмен інфармацыяй. Акрамя таго, інтэрактыўныя формы ўзаемадзеяння ствараюць атмасферу, здольную здымаць у дарослых напружанасц­ь і трывожнасць у сувязі з уключэннем у адукацыйную дзейнасць, раскрываюць новыя магчымасці.

Сумесна з бацькамі праводзіліся мерапрыемствы, накіраваныя на далучэнне да беларускай мовы і культуры. Паколькі большую частку неабходнага матэрыялу ўсе знаходзяць з дапамогай сродкаў інфармацыйных тэхналогій, інфармацыйны матэрыял для бацькоў, для сайта ўстановы адукацыі рыхтуецца паралельна на дзвюх дзяржаўных мовах.

— За першы год работы нашы дзеці многаму навучыліся, — дзеліцца маці аднаго з выхаванцаў групы з беларускай мовай навучання Алеся Дробышава. — Пад кіраўніцтвам вопытнага выхавальніка Жанны Андрушчанка дзеці вітаюцца і развітваюцца, маюць зносіны паміж сабой на беларускай мове, пазна­юць  прыгажосць роднай мовы праз навакольны свет.

Паспяховаму авалоданню выхаванцамі маўленчымі навыкамі на беларускай мове спрыяе выкарыстанне малых форм беларускага фальклору і ўдзел у традыцыйных фальклорных святах, чытанне твораў мастацкай літаратуры, праслухоўванне і развучванне беларускіх песень, народных гульняў.

Білінгвальная адукацыя забяспечвае якаснае развіццё асобы дзіцяці сродкамі дзвюх моў і прадстаўленых імі культур. Дашкольнік мае магчымасць інтэграцыі  ў дзве моўныя культуры, што спрыяе як разумоваму, так і псіхічнаму развіццю, пашырае і ўзбагачае мысленне і светапогляд. А авалоданне беларускай мовай дапамагае фарміраванню нацыя­нальнай сама­свядомасці дзіцяці.

Наталля КАЗЛОВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 161 Гомеля.