×

Родная мова – нацыянальны здабытак

25.03.2020 16:26,

Кніжная выстава “Мова продкаў пагаснуць не можа” у Старасельскай школе-садзе Рагачоўскага раёна была прысвечана нашым землякам. Вядома, што жыццё Уладзіміра Караткевіча і Міхася Лынькова было цесна звязана з Рагачовам. Дарэчы, наша вёска Старое Сяло была малой радзімай Лынькова, у дзяцінстве ён жыў тут са сваёй сям’ёй.

Недалёка ад вёскі праходзіць чыгунка, ля якой усё сваё дзяцінства правёў Міхась Лынькоў. Успаміны аб дзіцячых прыгодах натхнялі яго ў дарослым жыцці. Калі нашы вучні слухалі гісторыю пра свайго знакамітага земляка, мабыць, таксама марылі стаць пісьменнікамі...

Самым цікавым у святкаванні тыдня роднай мовы стаў “Дзень Ікс”. Дырэктар школы Марына Саніна азнаёміла прысутных з дасягненнямі і падзеямі школы за апошні год, прааналізавала работу ва ўсіх кірунках.

Фішкай свята стала інтэлектуальная гульня “Дзе логіка?”, якая была створана па ўзоры знакамітай тэлегульні. Удзельнікамі сталі настаўнікі і вучні старэйшых класаў. У ролі вядучай выступіла сацыяльны педагог Аляксандра Грушавая. Гульня праводзілася на беларускай мове, а заданні былі цесна звязаны з родным горадам, з Беларуссю, і канешне, з роднай мовай. Падчас раўнду “Знайдзі агульнае” на экране з’яўляліся малюнкі, якія скрывалі пэўную з’яву. Напрыклад, малюнкі пяра, свята Купалля і выявы настаўніка абазначалі Янку Купалу – паэта і перакладчыка, дзеяча беларускай культуры. Фотаздымкі сцягаў краін, выява лісяня Лесіка і спартыўны стадыён абазначалі ІІ Еўрапейскія гульні ў Мінску.

Прысутным спадабаўся тур “Барацьба з ценем”, дзе за малюнкам ценю “хаваліся” знакамітыя беларускія тавары, будынкі, помнікі. Напрыклад, беларуская нацыянальная бібліятэка ў Мінску, трактар “Беларус” і некаторыя іншыя славутасці краіны.

У раўндзе “Знайдзі лішняе” удзельнікам трэба было адкінуць непатрэбныя прадметы з ланцужка падобных. Напрыклад, сярод гербаў гарадоў Беларусі схаваўся герб расійскага горада Смаленска, сярод фотаздымкаў страў з бульбы – бліны; а сярод беларускіх замкаў удзельнікі гульні вельмі хутка адшукалі Рыжскі.

Адным з самым лёгкіх быў тур “Пазнай мяне”, дзе адгадвалі знакамітых беларусаў. Напрыклад, Шуры і Лёвы з гурту БІ-2, Максіма Мірнага і г. д. Быў тут і школьны фотаздымак аднаго з членаў журы – намесніка начальніка аддзела адукацыі Рагачоўскага райвыканкама Пятра Міхайлавіча Гузелевіча, які скончыў нашу школу. Так арганізатары паказалі, што родная ўстанова адукацыі памятае сваіх выпускнікоў.

Вядучымі канцэрта сталі настаўнікі Вольга Гудкова і Аляксандр Плескуноў. Дзяўчаты старэйшых класаў станцавалі ў народных касцюмах пад песню “Купалінка”. Беларускія традыцыі падтрымала педагог-арганізатар Алена Агеева, якая выканала песню “Беларусь”. Песнямі здзівілі настаўнікі матэматыкі і фізікі – Наталья Уласава і Міхаіл Шапавалаў. А выхавальніца дзіцячага сада Карына Мандрусава падрыхтавала разам са сваімі выхаванцамі Максімам Еўтуховым, Алінай Герсевіч і Дар’яй Сотнікавай верш “Хто мы?”.

Але і гэтым творчы патэнцыял нашага калектыва не абмежаваўся. Пад кіраўніцтвам настаўнікаў Аляксандра Плескунова і Вольгі Кавалёвай вучні старэйшых класаў стварылі ролік “Падарожжы дылетанта”, галоўным героем якога стаў юны дылетант Аляксандр Пугач. Ролік хутка з’явіцца на прасторах сеткі Інтэрнет. У маленькім відэафільме расказваецца гісторыя вёскі Старое Сяло, распавядаецца пра жыццё Міхася Лынькова і пра мясцовую легенду. Для стварэння быў выкарыстаны фрагмент выступлення Юрыя Жыгамонта, запісаны ім па нашай просьбе. Прынамсі, гэты вядучы вёў праграму “Падарожжы дылетанта” на адным з тэлеканалаў нашай краіны.

У перапынках паміж турамі гульні выступіла настаўніца Вольга Кавалёва, вядомая сваімі літаратурнымі здольнасцямі. Да мерапрыемства яна напісала верш пра родную мову і прачытала яго гасцям свята.

Святочнае мерапрыемства пакінула цёплыя ўражанні ва ўсіх удзельнікаў і гасцей.

Вольга КАВАЛЁВА,
настаўнік пачатковых класаў Старасельскай школы-сада Рагачоўскага раёна