×

Рыхтуем абаронцаў краіны

14.12.2019 12:01,

У сучасным свеце прафесія абаронцы Айчыны становіцца адной з самых запатрабаваных. Гэта небяспечная, але ў той жа час высакародная прафесія. Гэта поле дзейнасці для разумных, смелых і моцных духам.

У Беларусі створаны ўсе ўмовы для жадаючых набыць прафесію абаронцы Айчыны. І першай прыступкай, якая знаёміць будучых афіцэраў з асновамі ваеннай справы, з’яўляецца навучанне ў класах ваенна-патрыятычнай накіраванасці.

З гэтага навучальнага года ў сярэдняй школе № 57 Гомеля стартаваў адукацыйны праект “Магчымасці адукацыйнага асяроддзя для фарміравання ваенна-патрыятычнага выхавання школьнікаў”, у рамках якога ў школе былі адкрыты класы ваенна-патрыятычнага кірунку.

Асноўная мэта стварэння гэтых класаў — ваенна-патрыятычнае выхаванне вучняў — дастойных грамадзян і патрыётаў сваёй краіны.

Афіцэрская служ­ба, жаданне здзей­сніць подзвіг — мара многіх хлопчыкаў і дзяўчынак. І ў дасягненні гэтай мары нашым навучэнцам дапамагаюць ваеннаслужачыя вайсковай часці 5525 і ваенна-транспартнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, якія наладзілі цесны кантакт з нашымі навучэнцамі, праводзяць з імі заняткі як на базе школы, так і на базах вайсковай часці і факультэта, дзе навучэнцам даецца магчымасць азнаёміцца з прафесіяй абаронцы радзімы.

Сумесныя мерапрыемствы праходзяць вельмі цікава і займальна. Школьнікі маюць магчымасць даведацца, як праходзяць будні ў вайскоўцаў, знаёмяцца з іх умовамі пражывання, навучання, ваеннай экіпіроўкай. Навучэнцы ваенна-патрыятычных класаў прынялі ўдзел у Міжнароднай навукова-гістарычнай канферэнцыі “Другая сусветная вайна 1939—1945 гадоў. Погляд сучаснікаў”. Гэтае мерапрыемства нікога не пакінула абыякавым. Навучэнцы мелі магчымасць акунуцца ў атмасферу таго часу. Праз артэфакты і сведчанні эпохі, прадстаўленыя на выставе, яны пазнаёміліся з ваеннымі падзеямі на тэрыторыі Гомельскай вобласці і ўдзельнікамі тых падзей — салдатамі, афіцэрамі, якія ўпісалі нямала слаўных старонак ў гераічны летапіс нашай Айчыны.

Школьнікі з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі валанцёрскага руху. Яны рэгулярна наведваюць і даглядаюць замацаваную за школай брацкую магілу. У рамках рэспубліканскай акцыі “Школа актыўнага грамадзяніна” праводзяць сумесныя мерапрыемствы з вайсковай часцю Слуцка. Нядаўна нашы навучэнцы прынялі ўдзел у раённым этапе рэспубліканскай патрыятычнай квест-гульні “Па слядах Перамогі...”, дзе сталі лепшымі. Да дня вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вучні ваенна-патрыятычных класаў правялі навукова-даследчую работу, па выніках якой аформілі фотавыставу “Слава героям Гомельшчыны”.

Навучэнцы наведваюць спартыўныя секцыі па плаванні, адзінаборствах, заняткі па агульнай фізічнай падрыхтоўцы, што дазваляе ім умацоўваць фізічнае здароўе, набываць навыкі самаабароны. А на занятках у танцавальным і вакальным гуртках дзеці развіваюць эстэтычны густ. Гэтыя мерапрыемствы спрыяюць арганізацыі максімальна карыснай занятасці дзяцей у вольны час.

Мы ўпэўнены, што такая падрыхтоўка вучняў у поўнай меры рыхтуе іх да будучай прафесійнай дзейнасці. А самі навучэнцы разумеюць, што ваеннаслужачы — адна з самых карысных і паважаных прафесій.

Ганна САФОНАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 57 Гомеля.