×

Самадастатковае звяно ў сістэме адукацыі

21.05.2019 11:29,

Адукацыйная сфера Гомельшчыны багатая на ўласныя непаўторныя праекты, накіраваныя перш за ўсё на трансляцыю педагагічнага вопыту. Тыдзень прафесійнага майстэрства педагогаў сістэмы дашкольнай адукацыі — адзін з такіх праектаў, які быў ініцыіраваны галоўным упраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкама.

Старт унікальнаму адукацыйнаму мерапрыемству быў дадзены ў маі 2008  года, а першымі дэманстраваць сваё майстэрства смела адгукнуліся мазырскія педагогі-дашкольнікі.

Тыдзень прафесійнага майстэрства праводзіцца кожныя два гады. За гэты перыяд сваімі напрацоўкамі і вопытам дзяліліся педагогі Рэчыцкага раёна (2010), Жлобінскага і Чыгуначнага раёнаў Гомеля (2012), Нараўлянскага і Рагачоўскага раёнаў (2014), Петрыкаўскага і Светлагорскага раёнаў (2017). Сёлета сваім майстэрствам здзіўлялі выхавальнікі дашкольных устаноў Гомельскага раёна і Навабеліцкага раёна абласнога цэнтра.

Форум сабраў начальнікаў і спецыялістаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму райгарвыканкамаў, практыкаў, лепшых педагогаў сістэмы дашкольнай адукацыі. Усяго ў мерапрыемствах тыдня прынялі ў­дзел звыш 200 работнікаў адукацыі.

Месцам правядзення тыдня сталі дзіцячы сад аграгарадка Краснае, Яромінская і Пакалюбіцкая сярэднія школы Гомельскага раёна, у сценах якіх быў паказаны эфектыўны вопыт работы педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі Гомельскага раёна, размешчаных у сельскай мясцовасці.

Адкрыла мерапрыемства галоўны спецыя­ліст аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай і прафесійнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Вольга Дулуб. Яна адзначыла вялікую ролю дашкольнай адукацыі ў станаўленні кожнага дзіцяці, паколькі менавіта ў дзіцячых садках пачынаецца пазнаванне жыцця і закладваюцца асновы будучага навучання.  

Перад удзельнікамі форуму, якія сабраліся ў Яромінскай сярэдняй школе, выступілі таксама начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Гомельскага райвыканкама Ігар Бейзераў і галоўны спецыяліст аддзела Ганна Катлярова. Пра развіццё інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу дзяцей у педагагічным дыялогу разважалі дырэктар Брылёўскай сярэдняй школы Ігар Сялюк і загадчыца Брылёўскага ясляў-сада Алена Гапеева.

Далейшае знаёмства з патэнцыялам устаноў раёна прадоўжылася ў дзіцячым са­дзе аграгарадка Краснае. Адразу ж, як толькі педагогі трапілі на тэрыторыю ўстановы, ім была прапанавана панарама нерэгламентаваных фрагментаў дзейнасці дзяцей на прагулцы, якую тут разглядаюць як умову прывіцця выхаванцам навыкаў працавітасці.

Затым загадчыца дзіцячага сада Кацярына Кірэева расказала аб тым, як працуюць у дашкольнай установе ў кірунку фарміравання патрыятычных пачуццяў у дзяцей дашкольнага ўзросту, выкарыстоўваючы пры гэтым азнаямленне дашкольнікаў з выдатнымі мясцінамі роднага краю. А намеснік загадчыка Торфазаводскага ясляў-сада Вольга Барабанава прэзентавала вопыт работы з бацькамі па прывіцці дзецям любові да роднай мовы.

Працягам работы форуму стаў круглы стол па праблемных пытаннях развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі Гомельскай вобласці, які сабраў удзельнікаў у Пакалюбіцкай сярэдняй школе.

Пяць дзён Тыдня прафмайстэрства ўключалі не толькі трансляцыю эфектыўнага вопыту работы педагогаў дашкольных устаноў у розных кірунках, але і анлайн-тэсціраванне намеснікаў загадчыкаў па асноўнай дзейнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі раёнаў і абласнога цэнтра. Так, ім належала прадэманстраваць веданне адукацыйных развіццёвых тэхналогій і асаблівасці іх выкарыстання ў практычнай дзейнасці выхавальнікаў. Тэсціраванне таксама ўключала пытанні атэстацыі педагагічных работнікаў, падрыхтоўкі выхавальнікаў да атэстацыйнага экзамену на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю і бяспекі жыццядзейнасці выхаванцаў.

Завяршалі адукацыйнае мерапрыемства педагогі ўстаноў дашкольнай адукацыі Навабеліцкага раёна Гомеля.

— Ацэньваючы развіццё дашкольнай адукацыі вобласці, нельга не сказаць, што ўдасканаленне педагагічнага працэсу, павышэнне развіццёвага эфекту ў адукацыйнай рабоце з выхаванцамі пад сілу толькі пісьменным, высокакваліфікаваным спецыялістам, — адзначыла галоўны спецыяліст аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай і прафесійнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Вольга Дулуб. — Безумоўна, у Гомельскай вобласці такія спецыялісты ёсць. У дні работы Тыдня прафесійнага майстэрства педагогаў сістэмы дашкольнай адукацыі былі не раз агучаны лічбы, якія сведчаць аб нашых дасягненнях, імёны і прозвішчы людзей, якія ўнеслі пэўны ўклад у работу сваіх дашкольных устаноў.

Вольга Аляксандраўна заўважыла таксама, што найлепшых вынікаў у выхаванні і навучанні дашкольнікаў дасягаюць тыя калектывы, дзе акцэнт робіцца на рэалізацыю тэхналогій асобасна арыентаванай накіраванасці і стварэння сучаснага развіццёвага асяроддзя.

Педагогі і кіраўнікі менавіта такіх калектываў па выніках Тыдня прафесійнага  майстэртва педагогаў сістэмы дашкольнай адукацыі за плённую працу, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення ўзнагароджаны ганаровымі граматамі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама. Сярод іх — загадчыца Бальшавіцкага санаторнага ясляў-сада С.М.Балабановіч, музычны кіраўнік Улукаўскага ясляў-сада А.К.Ількова, загадчыца дзіцячага сада аграгарадка Краснае К.І.Кірэева, загадчыца Улукаўскага ясляў-сада В.М.Казлоўская, кіраўнік фізічнага выхавання Бальшавіцкага санаторнага ясляў-сада І.В.Непіюшчая, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага сада аграгарадка Краснае Г.М.Федарцова, загадчыца ясляў-сада № 134 Гомеля А.А.Васіленка, дырэктар дзіцячага сада — пачатковай школы № 63 Гомеля А.В.Гулевіч, выхавальнік ясляў-сада № 82 Гомеля Э.М.Кушнярова, выхавальнік дзіцячага сада — пачатковай школы № 63 Гомеля Н.С.Катлабай, загадчыца ясляў-сада № 127 Гомеля Н.М.Вострыкава, настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада № 104 Гомеля Т.В.Рыжык, выхавальнік ясляў-сада № 134 Гомеля А.У.Рудаўка.

— Вы самае самадастатковае звяно ў сістэме адукацыі Беларусі, і вы чарговы раз даказалі гэта, дэманструючы свой вопыт на Тыдні прафесійнага майстэрства, — адзначыла, уручаючы ганаровыя граматы, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Жанна Ждановіч.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара і арганізатараў мерапрыемства.