×

Самаробныя цацкі на франтавой ёлцы

09.01.2020 11:44,

Як святкавалі Новы год падчас Вялікай Айчыннай вайны? Расказаць пра гэта паспрабавалі ў Расійскім цэнтры навукі і культуры ў Гомелі, дзе правялі “Франтавую ёлку”.

Усе, хто прыйшоў у цэнтр, даведаліся пра тое, што дзеці пісалі байцам лісты і навагоднія віншаванні, у якіх жадалі хутчэй разбіць фашыстаў. Ёлку ўпрыгожвалі самаробнымі цацкамі з паперы і ваты. Часам на яе вешалі маленькія кавалачкі хлеба, цукру, арэхі, загорнутыя ў фольгу. На фронце на дрэўца прымацоўвалі фігуркі, якія майстравалі з пагонаў, бінтоў, кардону і нават са стрэляных гільзаў. Дзеці разам з дарослымі прынялі ўдзел у майстар-класе, падчас якога выраблялі цацкі, аналагічныя ваенным. Вучні сярэдніх школ № 1 і № 30 расказалі пра гістарычныя факты, а ўдзельнікі гарад­скога клуба “Юнона” і клуба ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Памяць” арганізавалі выставу зброі і асабістых рэчаў салдат.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены Расійскім цэнтрам навукі і культуры ў Гомелі.