×

Сеньёр Памідор і Фаціма

19.03.2020 14:51,

Пад дэвізам “Слава — адважнаму. Гонар — велікадушнаму. Каханне — жанчынам” у Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту змагаліся каманды сямі факультэтаў. На турніры “За цудоўных дам” 41-ы раз яны аспрэчвалі званне самых галантных і адважных. Пераходнай узнагародай пераможцам стаў стылізаваны рыцарскі шчыт.

У складзе кожнай каманды было пяць рыцараў, каралева і збраяносцы. У трох конкурсах “Выкліку” трэба было расказаць пра сябе і прыгожых дам. Музычныя рамантычныя прызнанні ў каханні мілым лэдзі прагучалі ў “Серэнадзе”. Сучасныя рыцары падчас творчага “Паядынку” паразважалі пра асаблівасці кахання. Журы, у складзе якога былі толькі прадстаўніцы цудоўнай палавіны чалавецтва, па выніках трох этапаў вызначыла каманду пераможцаў. Мужчыны ваенна-транспартнага факультэта сталі першымі. Між тым яны прадставілі гледачам гісторыю пра ганарлівы народ з чацвёртага інтэрната і цудоўную Фаціму. Магістрантка БелДУТа Таццяна Дабравольская ў гэтай ролі стала міс сёлетняга турніру.

Каманда факультэта кіравання працэсамі перавозак паказала сваю інтэрпрэтацыю Нотр-Дам дэ Пары. У ёй Эсмеральда спрабуе разабрацца, дзе — каханне, а дзе — хлусня. Электратэхнічны факультэт расказаў пра незямныя адносіны Трубадура і Бэль. Толькі пачуццё дапамагло закаханым абысці тыя перашкоды, якія ўзніклі ў іх на шляху.

Каманда факультэта прамыслова-грамадзянскага будаўніцтва скарысталася іншым вядомым сюжэтам — казкі “Прыгоды Чыпаліна”. Студэнт Андрэй Самойленка ў ролі сеньёра Памідора быў настолькі непараўнальным, што ўрэшце стаў містарам турніру — 2020. Гісторыю пра лятучы карабель і каханне не па разліку ўвасобілі студэнты будаўнічага факультэта БелДУТа. А каманда механічнага факультэта звярнулася да вядомай казкі пра Беласнежку, якая ў іх інтэрпрэтацыі сем гадоў спала.

Студэнты гуманітарна-эканамічнага факультэта, які з 16 сакавіка стаў называцца факультэтам эканомікі і бізнес-тэхналогій, звярнуліся да часоў магутных фараонаў. Яны пераканалі залу ў тым, што і ў гісторыі Старажытнага Егіпта было сапраўднае каханне.

Дарэчы, турнір “За цудоўных дам” штогод карыстаецца папулярнасцю не толькі сярод студэнтаў, але і сярод даўніх выпускнікоў УВА. Для ўдзельнікаў гэта не проста гульня, а палёт думкі, адчуванне шчасця. У конкурсах шмат імправізацыі, тонкага гумару, артыстызму і фантазіі. Турнір беражэ і развівае традыцыі мінулых гадоў, а адначасова абрастае новымі.

— Няважна, хто з вас заняў першае месца. Вы ўсе пераможцы! — адзначыў у фінале рэктар БелДУТа доктар фізіка-матэматычных навук Юрый Кулажанка.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота з сайта БелДУТа.