×

Шчасце — быць яе вучнем

06.07.2019 14:46,

Кожную раніцу спяшаецца ў школу настаўнік па прызванні, настаўнік, які заўсёды ў пошуку, настаўнік-пазітыў, настаўнік-мара.

Ужо амаль 30 гадоў у сярэдняй школе № 57 Гомеля сустракае дзяцей настаўнік пачатковых класаў Наталля Аляксандраўна Казімірава. У гэтым годзе яна выпусціла сваіх вучняў 4 класа і чакае будучых першакласнікаў. Яна — настаўнік, якога любяць і паважаюць бацькі і дзеці. Яна — чалавек, з якога варта браць прыклад, які спалучае ў сабе найлепшыя педагагічныя і чалавечыя якасці. Яна — настаўнік па прызванні.

У дзяцінстве Наталля Аляксан­драўна марыла быць настаўніцай. І, выбраўшы прафесію, на ўсё жыццё засталася ёй вернай. Прысвяціўшы сябе педагагічнай дзейнасці, яна заўсёды адчувала вялікую адказнасць за свой выбар. З першых дзён настаўніцкай працы Н.А.Казімірава пераканалася, што ўсмешка мацнейшая, чым абурэнне і раздражненне. Яе адрознівае мяккі, але настойлівы стыль працы. З дзецьмі ў педагога заўсёды цудоўныя адносіны, поўнае паразуменне і павага. Наталля Аляксандраўна натхняе вучняў на добрыя ўчынкі, каб з кожнага з іх вырас перш за ўсё сапраўдны чалавек.

Варта адзначыць, што Наталля Аляксандраўна творча падыхо­дзіць да адукацыйнага працэсу. Яна ўмее адчуваць вучня, заўва­жаць яго індывідуальныя магчымасці і асаблівасці. Клапоціцца пра ўсебаковае развіццё дзяцей, імкнецца прывіваць ім густ да творчасці, любоў да прыгожага, дапамагае праявіць сябе. Сама ж настаўніца цудоўна малюе.

 Акрамя таго, Н.А.Казімірава — выдатны класны кіраўнік. Яна шмат робіць для таго, каб жыццё яе выхаванцаў было цікавым і насычаным. Узровень яе адукаванасці, выхаванасці, а таксама таленты адлюстраваны нават у знешнім выглядзе — яна заўсёды ветлівая, усмешлівая і добразычлівая. Прафесіяналізм, педагагічны талент, уменне прыйсці на дапамогу высока цэняцца калегамі Наталлі Аляксандраўны.

Бацькі вучняў Н.А.Казіміравай адзначаюць, што менавіта дзякуючы яе кампетэнтнасці і чулым адносінам да кожнага вучня іх дзеці атрымліваюць трывалыя веды і раскрываюць свае здольнасці.

Пра чалавека мяркуюць па яго справах. Выхаванцы Наталлі Аляксандраўны прымаюць актыўны ўдзе­л ва ўсіх школьных, раённых і абласных мерапрыемствах, часта з’яўляюцца прызёрамі конкурсаў, спаборніцтваў. У гэтым навучальным годзе вынік працы Н.А.Казіміравай — тры перамогі, тры першыя месцы па трох прадметах: рускай мове, беларускай мове і матэматыцы на раённым этапе абласной алімпіяды для вучняў 4—9 класаў.

Праца Наталлі Аляксандраўны адзначана ганаровымі граматамі і падзячнымі лістамі, але галоўная яе ўзнагарода — любоў і павага вучняў. Самаадданасць настаўніцы, яе невычэрпны жыццёвы парыў, велізарны ўнутраны размах заўсёды будуць галоўным арыенцірам лепшых чалавечых якасцей для ўсіх, хто меў шчасце вучыцца ў Н.А.Казіміравай і хто яшчэ стане яе вучнем.

Алена БАГУНОВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 57 Гомеля.