×

Спартыўнае жыццё школы

19.11.2019 11:46,

У Старасельскім яслях-садзе — сярэдняй школе Рагачоўскага раёна на працягу ўсяго года вучні і выхаванцы адзначалі мерапрыемствы, прысвечаныя важнай падзеі. У 2019 годзе свой васьмідзясяты юбілей святкаваў настаўнік, які прыняў асабісты ўдзел у выхаванні не аднаго пакалення школьнікаў. 

Аляксандр Уладзіміравіч Кучынскі ў Старасельскай сярэдняй школе выкладаў фізічную культуру на працягу 40 гадоў. 
Дзень нараджэння Аляксандра Уладзіміравіча навучэнцы і настаўнікі школы быў адзначылі некалькімі мерапрыемствамі: конкурс малюнкаў і спартыўнае свята ў красавіку, футбольны турнір у ліпені, Дзень здароўя ў верасні. 

Конкурс малюнкаў “З фізкультурай мы сябруем!” прайшоў не толькі сярод вучняў, у ім прымалі ўдзел і выхаванцы дзяцячага садка. Малюнкі і аплікацыі атрымаліся яркія і цікавыя. Прыгожымі малюнкамі вучні выказалі сваё пазітыўнае стаўленне да заняткаў фізічнай культурай і спортам. Напрыканцы аздараўленча-спартыўнага свята самых актыўных “мастакоў” адзначылі граматамі і карыснымі падарункамі. 

Падчас летняй аздараўленчай кампаніі прайшоў футбольны турнір сярод вучняў 5—11 класаў пад дэвізам “Здаровым быць здорава!”. Актыўны ўдзел узялі хлопчыкі і дзяўчынкі, якія знаходзіліся на тэрыторыі вёскі падчас летніх канікулаў. Дзеці і падлеткі асабістым пракладам паказалі важнасць сілы волі ў імкненні да перамогі. 

Дзень здароўя ў верасні пачаўся ўрачыста. Вучні 8 класа падрыхтавалі кароткія звесткі пра лёс і творчы шлях знакамітага настаўніка і назвалі сваё выступленне вельмі сімвалічна — “Настаўнік маіх бацькоў”. Сапраўды, не адно пакаленне спартсменаў і аматараў здаровага ладу жыцця вырасціў Аляксандр Уладзіміравіч за дзясяткі гадоў сваёй працы.

Мерапрыемствамі і сваімі дзеяннямі вучні хацелі звярнуць увагу грамадскасці на важнасць здаровага ладу жыцця. Дзеці паказалі дарослым, што памятаюць і ведаюць гісторыю, якую стваралі іх бацькі і папярэднія пакаленні, ведаюць гісторыю роднай школы. 

Вольга КАВАЛЁВА,
настаўніца пачатковых класаў Старасельскага ясляў-сада — сярэдняй школы Рагачоўскага раёна.