×

Сучасная адукацыя ў тэхнічных УВА

05.11.2019 14:58,

Навукоўцы з Беларусі, Расіі, Украіны, Узбекістана і Туркменістана абмеркавалі праблемы сучаснай адукацыі ў тэхнічных установах вышэйшай адукацыі на VI Міжнароднай навукова-метадычнай канферэнцыі, якая прайшла ў Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П.В.Сухога.

Міжнародная навукова-метадычная канферэнцыя “Праблемы сучаснай адукацыі ў тэхнічных УВА” збірае вучоных розных краін раз у два гады з мэтай вывучэння, абагульнення і распаўсюджвання перадавога вопыту падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, прымянення сучасных адукацыйных тэхналогій і метадаў арганізацыі вучэбнага працэсу ва ўстановах вышэйшай адукацыі тэхнічнага профілю.

Сёлета на канферэнцыі прадстаўнікі пяці краін прадэманстравалі найноўшыя методыкі і распрацоўкі, якія тычацца перспектыў развіцця вышэйшай тэхнічнай адукацыі.

У тэматычных секцыях было заяўлена каля 120 дакладаў. Удзельнікі разглядалі тэхналогіі кантролю ведаў, выкарыстанне модульных тэхналогій навучання і арганізацыі самастойнай працы студэнтаў, сувязі сучаснага ўніверсітэта і рэальнага сектара эканомікі. Працавала секцыя, прысвечаная лічбаваму адукацыйнаму асяроддзю і дыстанцыйнаму навучанню — аднаму з найбольш актуальных у сучасным свеце кірункаў. Шматлікія выступленні тычыліся таксама кіравання якасцю адукацыйнага працэсу.

Прадстаўнікі Адэскай нацыянальнай акадэміі харчовых тэхналогій выступілі з дакладам аб партнёрстве УВА і бізнесу, якое бачыцца ім як эфектыўны шлях павышэння якасці адукацыі.

Навукоўцы з Туркменістана расказалі пра кантроль ведаў студэнтаў з дапамогай электроннай атэстацыйнай сістэмы, а таксама сістэму лічбавага навучання пры падрыхтоўцы інжынераў у Дзяржаўным энергетычным інстытуце. Іх калегі з Андыжанскага машынабудаўнічага інстытута пазнаёмілі ўдзельнікаў канферэнцыі са сваімі напрацоўкамі ў сферы інфармацыйных тэхналогій у выкладанні квантавай механікі і фізікі, а таксама арганізацыі незалежнага навучання па фізіцы.

Цікавымі для прысутных былі даклады, падрыхтаваныя прадстаўнікамі Інстытута праблем кіравання Расійскай акадэміі навук. У прыватнасці, вялікую цікавасць выклікала выступленне аб падрыхтоўцы IТ-кансультантаў у расійскіх універсітэтах у разрэзе праблематыкі кансалтынгу.

Беларускія вучоныя закранулі методыку падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне гульнявой індустрыі, эфектыўнасць віртуальных лабараторый у выкладанні спецыяльных дысцыплін, а таксама выкарыстанне модульна-рэйтынгавай сістэмы на этапе бягучай атэстацыі.

Наталля ЛУТЧАНКА.