×

Свет вачыма дзяцей-сірот

05.03.2019 14:33,

Цяжка не пагадзіцца з тым, што лёс дзяцей, якія выхоўваюцца па-за сям’ёй, трагічны, а правы, якія яны маглі б рэалізаваць, стаўшы дарослымі, парушаны. Мы шкадуем дзяцей-сірот, спрабуем арганізаваць для іх у сценах дзіцячых сацыяльных прытулкаў камфортнае пражыванне: падарункі, цацкі, рознага роду паездкі. Але чым даўжэй дзіця пражывае ў сценах прытулку, тым цяжэй яму будзе адаптавацца да сямейнага жыцця.

Як дапамагчы дзецям здабыць шчасце, вырасці ў свеце, дзе пануе любоў і паразуменне, падтрымка? Гэта, па-мойму, галоўная задача работнікаў такіх устаноў. У першую чаргу мы павінны даваць ім навыкі, неабходныя для жыцця ў дарослым свеце.

Кантакт з бацькамі — неад’емная частка нашай работы. Дзеці не вінаватыя ў тым, што ў іх нядобрасумленныя бацькі. Яны любяць іх такімі, якія яны ёсць. Часцяком дзеці самі замоўчваюць, імкнуцца схаваць прыкметы недабрабыту ў сваёй сям’і.

Калі дзеці толькі-толькі змяшчаюцца ў прытулак, бывае вельмі складана растлумачыць, чаму ўсё выйшла менавіта так. І наша задача — павярнуць бацькоў у бок іх дзяцей. Не прымусіць, а проста нагадаць, што ў іх ёсць дзеці. Даць зразумець, што дзеці маюць патрэбу ў клопаце, увазе, што бацькі абавязкова павінны працаваць, каб утрымліваць малых. Аднабаковая работа не дае станоўчага эфекту: толькі ўзаемадзеянне сям’і і школы, сям’і і ўсіх зацікаўленых службаў будзе мець станоўчы вынік.

Педагогі нашага сацыяльна-педагагічнага цэнтра імкнуцца зрабіць усё, каб арганізаваць занятасць і вольны час дзіцяці. Сумесна з хлопчыкамі і дзяўчынкамі мы праводзім розныя мерапрыемствы, арганізоўваем экскурсіі па арганізацыях нашага горада, адзначаем значныя даты, дні нараджэння. Заўсёды цікава і весела праходзіць падрыхтоўка да навагодніх святаў. Снежань 2018-га не стаў выключэннем. Малыя развучвалі вершы, песні і танцы, сумесна з выхавальнікамі рыхтаваліся да ранішніка, якога чакалі з нецярпеннем.

Нашы выхаванцы вельмі актыўныя. Яны прымаюць удзел не толькі ў мерапрыемствах і конкурсах, што ладзяцца ў сценах цэнтра, але і ў мерапрыемствах абласнога ўзроўню. Так, у лістападзе 2018 года выхаванцы нашага цэнтра Ангеліна Афанасьева, Кірыл Перавозчыкаў і Федзя Перавозчыкаў занялі першае месца ў ХVІІІ абласным экалагічным конкурсе “Наш утульны дом” у рамках дабрачыннай праграмы “Юныя таленты і экалогія XXI стагоддзя”.

Праўда, не заўсёды ў самога дзіцяці ёсць жаданне чымсьці захапляцца... Прымусіць мець хобі немагчыма, але прышчапіць цікавасць да займальных карысных спраў можна і трэба.

Але як бы ні склалася, мы ў адказе за нашых дзяцей. Калі яны выйдуць у дарослае жыццё, ім будзе прасцей і лягчэй. Хай тады гэты свет, у якім заўсёды ёсць месца цуду, усміхнецца ім добрымі вачыма.

Святлана СІВАК,
выхавальніца Нараўлянскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра.