×

Свой уклад у навучанне

11.04.2019 15:25,

Музычны кіраўнік Алена Іванаўна Дземідзенка ўжо два дзясяткі гадоў працуе ў спецыяльным яслях-садзе № 138 для дзяцей з парушэннямі зроку Гомеля. Увесь гэты час сваёй найважнейшай задачай яна бачыць неабходнасць усімі сродкамі музычнага, мастацка-эстэтычнага, пазнавальнага выхавання адаптаваць дзіця да навакольнага свету.

Змест музычных заняткаў у спецыялізаванай установе адукацыі залежыць ад характару парушэння зроку і абумоўленых ім асаблівасцей у развіцці дзіцяці. Тут павінен быць асаблівы падыход, веданне псіхолага-педагагічных асаблівасцей і заканамернасцей выхаваўча-адукацыйнай работы, якое дапаможа эфектыўна адбіраць інавацыйныя метады і прыёмы навучання і развіцця, паспяхова фарміраваць музычныя здольнасці дзіцяці, уздзейнічаць на дзіцячы калектыў з пазіцый гуманнай педагогікі.

У свой час Алена Іванаўна прыкмеціла: распрацоўшчыкамі дыдактыкі музычнай адукацыі дашкольнікаў гульнявы метад распрацаваны слаба, у той час як выкарыстанне гульні ў працэсе ўспрымання музыкі спрыяе ўзбагачэнню эмацыянальнага вопыту дзіцяці-слухача. Гэта значыла, што структура музычных заняткаў мае патрэбу ў перапрацоўцы. Педагог смела прапанавала свой аўтарскі метад, дзе праграмная дыдактычная гульня выступае як спосаб або прыём навучання.

Па ініцыятыве вучэбна-метадычнага кабінета пры ўпраўленні адукацыі Гомельскага гарвыканкама быў створаны метадычны дапаможнік “Картатэка музычна-дыдактычных гульняў да раздзела “Музычная дзейнасць” вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. Так былі сістэматызаваны ўсе разнавіднасці музычных гульняў, прапанаваных новай адукацыйнай праграмай. Алена Дземідзенка дэталёва апісала кожную гульню з улікам ускладнення, па ўзростах, сумесна з метадыстамі ВМК, класіфікавала іх па відах, выклаўшы ў даступнай форме методыку правядзення.

Гэта сапраўды адчувальны ўклад у распрацоўку методыкі музычных заняткаў з дашкольнікамі ў адукацыйнай прасторы Беларусі. Аднак на гэтым музычны кіраўнік не спынілася і прадоўжыла свой творчы пошук у кірунку навучання дашкольнікаў спосабам элементарнага музіцыравання. Алена Іванаўна вырашыла больш дэталёва разгледзець спосабы навучання дзяцей дашкольнага ўзросту элементарнаму музіцыраванню і сістэматызаваць іх у рамках вучэбнай праграмы. Так, дзякуючы вопыту педагога, разам з кіраўніцтвам гомельскага ясляў-сада № 138 мы падрыхтавалі метадычныя рэкамендацыі “Спосабы навучання дзяцей дашкольнага ўзросту элементарнаму музіцыраванню”. Яны ўключаюць аўтарскую распрацоўку методыкі навучання элементарнаму музіцыраванню дзяцей дашкольнага ўзросту пачынаючы з першай малодшай групы, а таксама пералікі музычна-дыдактычных гульняў, картатэкі музычна-дыдактычных гульняў на развіццё спосабаў элементарнага музіцыравання па кожнай узроставай групе.

Алена Іванаўна гаворыць, што яна проста любіць сваю справу і любіць дзяцей, з якімі працуе. Мабыць, менавіта гэта натхняе педагога на такія ідэі, якія становяцца важкім укладам у навучанне дзяцей і добрай падмогай для яе калег.

Людміла БЫСТРОВА,
метадыст гарадскога вучэбна-метадычнага кабінета пры ўпраўленні адукацыі Гомельскага гарвыканкама.